Сёння набыў моц закон Рэспублікі Беларусь «Аб крэдытных гісторыях», падпісаны прэзідэнтам 10 лістапада 2008 года.

Закон накіраваны на ўмацаванне плацежнай дысцыпліны, павышэнне зацікаўленасці фізічных і юрыдычных асоб у належным выкананні абавязацельстваў перад Нацыянальным банкам, банкамі, нябанкаўскімі крэдытна‑фінансавымі арганізацыямі рэспублікі, на зніжэнне крэдытных рызыкаў і павышэнне эфектыўнасці працы банкаўскай сістэмы краіны.

Закон закліканы ўдасканальваць крэдытныя адносіны ў Беларусі, абарону крэдытораў, зніжаць крэдытныя рызыкі банкаў і рызыкі невяртання сродкаў па ўкладах, так як крэдыты выдаюцца ў асноўным за кошт укладчыкаў.

Крэдытныя гісторыі — гэта своеасаблівае дасье фінансавых ўзаемаадносін паміж пазычальнікам (фізічнай ці юрыдычнай асобай) і банкам.

У Нацыянальным банку створана і дзейнічае інфармацыйная сістэма «Крэдытны рэгістр». Гэта сістэма звестак аб крэдытных дагаворах, на падставе якіх фарміруюцца крэдытныя гісторыі і даюцца крэдытныя справаздачы.

Законам пашыраны пералік дагавораў, звесткі аб выкананні абавязацельстваў па якіх уключаюцца ў крэдытныя гісторыі. Гэта крэдытныя дагаворы, дагаворы пазыкі, закладу, гарантыі і паручыцельства. Пры гэтым няма абмежаванняў па суме крэдыту, пры павышэнні якой даюцца звесткі.

Згодна з законам Нацбанк фарміруе крэдытныя гісторыі на падставе звестак, якія даюць банкі. Гэтыя звесткі можа запытаць любая юрыдычная і фізічная асоба, замежная арганізацыя.

Звесткі даюцца Нацбанкам на падставе дагавора аказання інфармацыйных паслуг за ўзнагароджанне з пісьмовай згоды суб’екта крэдытнай гісторыі. Дзяржорганам такія звесткі выдаюцца бясплатна.

У той жа час пры выкарыстанні крэдытных гісторый Нацбанк і банкі абавязаныя забяспечыць абарону звестак, якія ў іх утрымліваюцца.

Суб’екты крэдытных гісторый на працягу года бясплатна могуць адзін раз атрымаць доступ да сваёй крэдытнай гісторыі, а таксама большую колькасць разоў — на падставе дагавора аб аказанні інфармацыйных паслуг. Акрамя таго, яны маюць права запатрабаваць выпраўлення недакладных звестак у крэдытных гісторыях.

З 1 студзеня 2009 года на ўсіх крэдытаатрымальнікаў у Беларусі фарміруюцца крэдытныя гісторыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?