З Мінска ў Глыбокае прасцей за ўсё дабірацца лагойскай трасай. Толькі трэба своечасова ў Бягомлі звярнуць у бок Докшыцаў. Усяго адлегласць складае прыкладна 170 кіламетраў. Калі дабірацца да слаўных глыбоцкіх азёраў Доўгае, Псуя, Шо, то атрымаецца каля 200 кіламетраў. Не нашмат болей, чым да Нарачы, і нашмат бліжэй за Браслаў.

Горад помнікаў

Адна асалода назіраць гарадкі, мястэчкі, вёсачкі па дарозе. Вось Лагойск з найпрыгажэйшымі краявідамі. Вось Бягомль ці, па‑тутэйшаму кажучы, Бегам’е — мястэчка з насельніцтвам у 3000 жыхароў. Пры самым уездзе ў горад раскінуўся базар. Напэўна, такія торжышчы не вельмі змяніліся з часоў Сярэднявечча.

Заўважаеш, што найбольшай папулярнасцю сярод жыхароў Бягомля карыстаецца камуфляжная форма. З такой прадукцыяй на рынку ажно дзве палаткі. На базары можна набыць найсмачнейшыя тварожныя булкі. Вялікія і танныя. У Мінску такога не знойдзеш.

Прадаецца шмат чыстага тутэйшага ляснога мёду. Гандляр адкрывае флягу, хваліцца: «Ліпа чыстай вады!».

Увогуле ж, Бягомль — горад помнікаў. Тут яны паўсюль. Самалёт (Іл‑14) — літоўскаму лётчыку (які вывозіў адсюль параненых падчас Другой сусветнай вайны), Ленін (невялічкі ля Дома культуры), партызан, помнік на брацкай магіле…

Ёсць тут і ўнікальная царква Усіх Святых XIX ст., дзейнічае каталіцкая каплічка. Каталікі нядаўна паставілі пры докшыцкай дарозе харошы новы крыж у паўночнабеларускіх традыцыях.

Горад фантанаў

За Бягомлем рукой падаць да Докшыц. Яшчэ адно невялікае мястэчка, але гэта ўжо райцэнтр. Спакойны дагледжаны гарадок. Найбольш уражваюць Докшыцы колькасцю фантанаў. Нават у абласных цэнтрах іх бывае менш. Зрэшты, абавязвае да іх герб горада, дзе намаляваныя два збанкі, з якіх ліецца вада.

Чым яшчэ цікавыя Докшыцы, дык гэта могілкамі, іх ажно чатыры, усіх канфесій — праваслаўныя, каталіцкія, татарскія, юдэйскія. Тут сама ёсць і вайсковыя польскія могілкі 1920 года.

Суровыя законы Порплішча

На паўдарозе паміж Докшыцамі і Глыбокім ляжыць вёска Порплішча. З касцёлам і царквой праз дарогу. Цікава, што па звестках 1864 года ў вёсцы пражывала 69 каталікоў і 66 праваслаўных. Пароўну. Порплішча мае 500‑гадовую гісторыю.

Касцёл Маці Божай Каралевы Кароны Польскай быў узве¬дзены ў 1937 годзе, праз два гады ў Порплішча прыйшлі саветы. Яшчэ праз восем касцёл зачынілі, а мясцовага ксяндза Пятра Барташэвіча адправілі ў ГУЛАГ. У касцёле ж зрабілі школу механізатараў. Аднавілі прыход толькі ў 1993 годзе.

Усё ў касцёле аформлена на беларускай мове. На двары акуратна падстрыжана трава газонакасілкай. Будні дзень, але з ранішняй імшы з касцёла выходзіць дванаццаць бабулек і дзядкоў.

Царква Перамянення Гасподняга пабудаваная аж у ХVII ст. Крыж на царкве нагадвае часы ўніі. У бацюшкі няма газонакасілкі, ладны царкоўны ўчастак пакошаны звычайнай касой.

Мясцовы бацюшка мае круты нораў. Пра гэта як нішто іншае сведчаць надпісы перад уваходам у царкву.

Святар папярэджвае, каб у царкву не заходзілі «жанчыны без пакрытай галавы», а таксама з нафарбаванымі вуснамі. Другое папярэджанне сведчыць пра тое, што іншаверцаў і самагубцаў «у запісках не пісаць, царква за іх не моліцца».

Побач з храмам размяшчаецца досыць вялікая сажалка. Раней яна належала да царкоўнага маёнтку, цяпер зарастае.

Дарэчы, ужо у XX ст. у вёсцы настаўнічаў вядомы ў будучыні дзеяч нацыянальнага руху Кастусь Акула. Той самы, які ў эміграцыі ў Канадзе не даваў праходу саветам на ўсякіх паказных выставах.

Тутсама недалёка, на мяжы Докшыцкага, Пастаўскага і Глыбоцкага раёнаў, знаходзіцца заняхаеная каталіцкая вёска Янукі, малая радзіма вядомага ўкраінскага палітыка Віктара Януковіча.

Чабурашка агародны

Глыбоччына сустракае вялікай шыльдай ААТ «За Радзіму». Зрэшты, краіна ўсё адно імкліва змяняецца. Пакуль мы фатаграфавалі гэтую абсурдную шыльду, міма праехаў жоўты школьны аўтобус. Проста, як у Амерыцы.

Ёсць у глыбоцкай вёсцы Мярэцкія ўнікальны падворак, які належыць 80‑гадовай Марыі Фінько. Гэтая спадарыня ўласнымі рукамі лепіць з цэменту казачных герояў — Чабурашку, Кракадзіла Гену, гномаў, Чырвонага Каптурка і інш. Такога нідзе ў свеце больш дакладна няма.

Дома ў спадарыні Фінько ўласныя карціны. Гэта звыклы для мясцовасці стыль прымітывізму. Кажуць, што на такія карціны тубыльцаў натхніў колісь Язэп Драздовіч. Бабуля ж малюе Хрыста і Панну Марыю, трох паляўнічых на прывале і гордую індзіянку.

Кажа, што яе справу гатовая працягваць унучка. Адчуваецца, што мастачка жыве глыбокім духоўным жыццём. Яна разважае пра веру і Бога.

«У Бога я не веру, дзе ён ёсць? Іншая справа Хрыстос, ён сапраўды жыў на зямлі. Мучыўся за простых людзей, прыняў на сябе пакуты», — кажа баба Марыя.

«Едзеце крывавыя ручкі пацалаваць? — агарошвае баба Марыя нас, калі чуе, што мы кіруемся ў Мосар. — Так, мы ў газетах чыталі, што ён 40 чалавек забіў», — гаворыць яна пра ксяндза Юозаса Бульку, якога абвінавачваюць у забойствах лясных братоў у Літве.

Сталіца кітчу

Гаварыць з Булькам мы не збіраліся. Здаецца, ён ужо ўсё, што хацеў, сказаў. Дакладней, не сказаў.

Але заслуга Булькі, што Мосар на вачах робіцца турыстычнай сталіцай Глыбоччыны. На пляцоўцы перад касцёлам стаіць дваццаць легкавікоў і некалькі аўтобусаў. Едуць з усіх рэгіёнаў краіны.

А паглядзець ёсць на што. Ружовыя лілеі люляюць млявыя плёсы. Плыве невымоўны водар флоксаў. Увогуле, расліны тут растуць найбольш тыповыя для вясковых садкоў, у ландшафтным парку як бы і недарэчныя.

Дакладна таксама недарэчна выглядаюць тыя турысты, якія з пустымі збанкамі сунуцца да мясцовай крынічкі, каб набраць вады. На кожнай стракатай каплічцы па дарозе да крыніцы — лубочныя абразы і імёны фундатараў. На падворку тоўпіцца шмат народу, пры гэтым касцёл абсалютна пусты. Ці дзеля веры прыязджаюць сюды людзі?

На падворку ёсць невялікі заапарк, дзе водзяцца не толькі традыцыйныя козы ды авечкі, але і страусы. У страусавым вальеры вялікімі літарамі чамусьці напісаны заклік супраць алкагалізму і палення. І прычым тут страусы?

Касцельныя ўладанні цягнуцца далёка за храм. Нядаўна Булька заснаваў Кальварыю. Гара, застаўленая крыжамі.

Ля плябаніі ксяндза шмат людзей, усе чакаюць, пакуль Булька з’явіцца на парозе. Маладая сям’я прывезла дзіця, каб яго блаславіў вядомы святар. Булька стараецца гаварыць падкрэслена па‑расій¬ску, але выходзіць кепска.

Булька ўсё зрабіў уласнымі рукамі, і гэта не можа не выклікаць павагі. Бачна, што чалавек усе сілы ўклаў у касцёл і парк вакол яго. Мясцовыя ўлады таксама дапамагалі.

Вось толькі пытанне, ці з’явіцца ў Булькі годны пераемнік. Захаваць такое — нялёгкая праца.

У ідэале Мосар можа ператварыцца яшчэ ў большы турыстычны цэнтр. Гэты непаўторны, непадробны, натуральны кітч здольны запомніцца госцю і з Усходу, і з Захаду. Такога таксама больш нідзе ў свеце не пабачыш. Варта яшчэ дадаць якасны пляж на адным з суседніх азёраў, добрую кавярню, замест цяперашніх шалманаў, прыгожы маршрут па лясах і ў Глыбокае.

Хаця, прызнацца, сама вёска не ўражвае. Суседняя Удзела з касцёлам Бяззаганага Зачацця Панны Марыі выглядае больш элегантна. У Мосары, такое ўражанне, уся энергія мясцовага люду ідзе на касцёл. У дварах часта дзе стаіць няскошаная трава, падгнілыя платы.

Тэлефаную з Парыжа

Булька прапаноўвае паехаць з Мосара ў Парыж, паглядзець на Эйфелевую вежу. Зрэшты, апроч самой трэшавай вежы, у Парыжы глядзець няма на што. Тыповае саўгаснае мястэчка, такіх шмат і ва ўсходняй Беларусі.

Хіба што можна пантануцца: «Прывітанне, а я табе з Парыжа тэлефаную». Дзейнічае безадказна. Суразмоўца доўга не можа зразумець, што да чаго.

І бескультур’е… У вёсачцы «Луцк‑Масарскі» тры шыльды, і на кожнай рознае напісанне — Луцк‑Мосарской, Луцк‑Мосарский, Луцк‑Масарскі. Глыбоччына — ці не адзіны раён у Беларусі, дзе бальшыня прыдарожных шыльдаў аформленая па‑расійску. Пераязджаеш у Пастаўскі раён — адразу беларускія ідуць.

Цэнтральная вуліца вёскі Луцк‑Казлоўскі называецца Фермерскай. Рэдкая назва. Перайменавалі, відаць, за беларускай уладай.

Тры возеры

На Глыбоччыне знаходзіцца самае глыбокае возера краіны, якое называецца Доўгае. Побач з ім азёры Шо і Псуя. Некалі побач з Шо вызначылі геаграфічны цэнтр Еўропы. Цяпер яго перамясцілі некуды ў Полацк. «Нічога, затое мы цяпер у Заходняй Еўропе жывём», — жартуюць мясцовыя.

На азёрах існуе нацыянальны заказнік, але ніякай інфраструктуры (гатэляў, санаторыяў) побач няма. Таму і людзі на Доўгае не едуць адпачываць, хаця вада тут незвычайна чыстая.

Калі ехаць адпачываць дзікунамі, то лепшага месца наўрад ці знойдзеш.

Рэкламнае Глыбокае

Прыязджаеш у Глыбокае і разумееш, што Еўропа тут сапраўды Заходняя.

Першае, што кідаецца ў вочы пры ўездзе — гэта наяўнасць рэкламы. Кожная дробная крамка, прадпрыемства імкнуцца змясціць нейкую рэкламу пры дарозе. Гэта нагадвае польскі падыход да малога бізнэсу.

Глыбокае з даўніх часоў называюць мястэчкам з двума азёрамі і двума цэнтрамі. Адно возера здаўна называюць Вялікім, другое — Кагальным. Яшчэ ў XVI ст. мястэчка належала адначасова двум магнацкім родам — Корсакам і Зяновічам, уладанні якіх знаходзіліся па розныя берагі рэчкі Бярозаўка.

Тое самае і сёння — касцёл і царква стаяць побач на цэнтральнай плошчы. Яны нават архітэктурна нечым паміж сабой падобныя. Калі дамовіцца са святарамі, яны пакажуць захапляльныя падзямеллі са старадаўнімі пахаваннямі.

У горадзе таксама размешчаны помнік у гонар савецкага авіяканструктара Паўла Сухога — сына царскіх службоўцаў, што тут прыйшоў на свет. Таксама тут стаіць калона ў гонар Канстытуцыі 3 мая 1791 года.

У Глыбокім таксама моцная суполка незалежнага грамадства. Людзі дапамагаюць адзін аднаму, захоўваюць нацыянальныя і рэлігійныя традыцыі. На мінулых парламенцкіх выбарах у Глыбоцкай акрузе балатаваўся Яраслаў Берніковіч ад Партыі БНФ. Ён літаральна за пару дзён змог сабраць неабходную тысячу подпісаў. Напэўна, гэта крыху раззлавала мясцовыя ўлады. У выніку Берніковічу напісалі менш за 10% галасоў, тады як ягоны канкурэнт, старшыня Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Андрэйчанка, набраў 85%. У горадзе ёсць незалежнае выданне «Вольнае Глыбокае», працуе сайт westki.info.

…Стаіш на беразе возера. Чырвоныя водбліскі заходняе зары лашчаць гарманічныя вежы цэркваў. Спяшаюць дахаты аўтамабілі. Неба весела ўзразаюць маладыя ластаўкі. Глыбокае — сапраўды шыкоўны еўрапейскі горад.

Порплішча. Між касцёлам і царквой.

У Порплішчы вера правільная.

Вёска Мярэцкія славутая сваімі чабурашкамі і іншымі казачнымі героямі.

Робіць іх 80‑гадовая Марыя Фінько.

Вернай дарогай ідзяце...

Удзела, 13.00.

Мосар на вачах стаў турыстычнай сталіцай Глыбоччыны.

Вакол царквы разбіты сапраўдны батанічны сад.

Ксёндз Булька бласлаўляе дзіця.

Парыж - звычайная беларуская вёска...

...але ў горадзе Парыжы няма Дому культуры, а ў вёсцы ё.

У Парыжскім сельскім доме культуры ўборка.

Ёсць тут і свая Эйфелева вежа.

Глыбокае ўражвае спалучэннем выкшталцоных архітэктурных формаў...

...і недарэчных савецкіх помнікаў.

Зміцер Панкавец, фота Юліі Дарашкевіч

Глядзіце таксама відэавандроўку па Глыбоччыне:

Раней у праекце «Маршруты па Беларусі»:
Мястэчкі над азёрамі
Гэта салодкае слова Свіцязь
У сэрцы Вялікай Літвы
Глушчына, але не глуш
Мураванка. Шчучыншчына
Усходні фарпост: Орша і ваколіцы
Сінія цэрквы: Здзітава - Жабінка - Збірагі
Слонім і Жыровічы
Ваўкавыская готыка
Нараўляншчына, адкуль вяртаешся з верай
Над ракой Арэсай
Котра. Рака і пушча
Край белай птушкі. Асвейшчына
Мазырскае барока
Балдук mon amour
Край за небакраем, або Беларуская Прусія
Мяжа між Усходам і Захадам