70 гадоў таму (23 жніўня) саветы і фашысты спрабавалі падзяліць Еўропу. Ацэнка падзей Другой сусветнай з пазіцыі беларускіх інтарэсаў — яшчэ наперадзе.

Мы запыталіся ў гісторыка Андрэя Вашкевіча,

— ці справядлівае меркаванне, што — пакт з Рыбентропам пактам, але — уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР было адназначна пазітыўнай для развіцця беларускай нацыі з’явай?

АВ: Як патрыёту Беларусі мне вельмі хочацца сказаць «так», але як гісторык ад адназначна станоўчага адказу я ўстрымаюся. Цяжка выціснуць з сябе радаснае «так», калі перад вачыма стаіць здымак Аляксандра Уласава [першы рэдактар «Нашай Нівы», адзін з бацькоў‑заснавальнікаў беларускай дзяржаўнасці, у міжваенны час — сенатар, абраны ад беларускіх акругаў у польскі парламент] пасля некалькіх месяцаў у савецкай турме. Яго туды пасадзілі адразу пасля «ўз’яднання». Таму што саветы, як і нацысты, найперш вынішчалі эліту, інтэлігенцыю, чыноўнікаў і бізнэсоўцаў, на захопленых тэрыторыях.

Дакладна магу сказаць адно — ўз’яднанне беларускага народу раней ці пазней павінна было адбыцца. Іншая справа ‑‑ калі і з чыёй дапамогай.

У барацьбе Польшчы і СССР, двух найбольш верагодных тагачасных прэтэндэнтаў на гэтую дапамогу, Польшча прайграла яшчэ ў першай палове 1920‑х. Яна не дала беларусам нічога, СССР амаль два дзесяцігоддзя прапагандаваў ідэю ўз’яднання на дзяржаўным узроўні. Найбольшае свята міжваеннай БССР было 11 ліпеня ‑‑ дзень вызвалення Мінска ў 1920 годзе ад «белапалякаў». Але хачу падкрэсліць, што пад канец 1930‑х, нягледзячы на павальныя рэпрэсіі, працэс утварэння беларускай нацыі выйшаў на тую стадыю, калі нацыятварэнне ўжо магло ісці не «дзякуючы чамусьці» а адбывалася «насуперак усяму». Таму ўз’яднанне дзвюх частак краіны было непазбежным.

«НН»: Чаму расійскія палітыкі ўпарта адмаўляюць віну Расіі за пакт Молатава‑Рыбентропа, замоўчваюць расстрэл у Катыні. Там жа, дарэчы, паклалі не толькі палякаў, але і беларусаў, афіцэраў польскай арміі. Тых, якія здаліся ў палон «сваім», славянам, каб не трапіць у зубы немцам.

АВ: Адказ — у самім Вашым пытанні. Сучасная Расія абвяшчае сябе спадкаеміцай спадчыны СССР. Замест таго, каб адкрыць свае архіўныя фонды і даць навукоўцам вывучыць усе абставіны пачатку вайны, расійскія палітыкі (а за імі і «гісторыкі») спрабуюць прымітыўнымі метадамі знайсці ахвярнага казла. І ўжо аказваецца, што вайну пачала Польшча. Нават савецкія гісторыкі не гаварылі аб тым, што Польшча павінна была «замірыць» Гітлера, аддаўшы яму Гданьск!

Хаця я не хачу катэгарычна сцвярджаць, што Польшча аказалася бязвіннай ахвярай дзвюх таталітарных сістэм. Справа не толькі ў знешнепалітычных ваганнях Польшчы цягам 1930‑х. І не толькі ў яе вайсковай слабасці. Знакамітым «Войску Польскім моторызованым, на ровэрах». Насамрэч, дарэчы, польская армія білася з вермахтам куды лепш, чым французская, ангельская ці савецкая арміі на першых этапах вайны. Справа — ва ўнутранай нестабільнасці міжваеннай Польшчы. Яна напярэдадні вайны была краінай аўтарытарнай. У ёй няўтульна было не толькі ўкраінцам, беларусам і яўрэям (40% насельніцтва), але і самым палякам. Унутраная стабільнасць краіны былі б найлепшай гарантыяй яе пазнейшага аднаўлення ў даваенных межах. Аднак стабільнасці гэтай не было нават блізка. Чаму? Гэта зусім іншая гісторыя.

Гутарыў Алесь Пілецкі

Сакрэтны пакт

23 жніўня 1939 Германія і СССР падпісалі дамову аб ненападзе. Яна ўвойдзе ў гісторыю пад назвай пакту Молатава‑Рыбентропа — паводле прозвішчаў міністраў замежных спраў. Пасля заканчэння вайны стане вядома аб існаванні дадатковай, сакрэтнай часткі дамовы. Паводле яе, уся Усходняя Еўропа дзялілася на сферы акупацыі Германіі і Савецкага Саюзу. Да савецкай зоны траплялі Малдова, Заходняя Украіна, Заходняя Беларусь і краіны Балтыі. Нямецкі бок атрымліваў сучасныя тэрыторыі Польшчы.

Гэтыя дамоўленасці дазвалялі Гітлеру пачаць другую сусветную вайну, не баючыся сутыкнення з польскімі войскамі.

Нядаўна старая спрэчка польскіх і расійскіх гісторыкаў атрымала новае жыццё. У чэрвені на афіцыйным сайце Міністэрства абароны Расіі быў змешчаны артыкул супрацоўніка Інстытуту ваеннай гісторыі Мінабароны Сяргея Кавалёва «Вымыслы і фальсіфікацыі у ацэнках ролі СССР напярэдадні і з пачаткам другой сусветнай вайны». Аўтар сцвярджаў, што менавіта Польшча вінаватая ў развязванні вайны, бо яе кіраўніцтва не выканала патрабаванні Берліна. Следам тэму пачатку вайны пачалі ўздымаць на расійскіх тэлеканалах.

Адначасова пры адміністрацыі прэзідэнта Мядзведзева быў створаны орган, задачай якога ёсць «недапушчэнне фальсіфікацый гісторыі». Фактычна гэта цэнзурнае падраздзяленне, якое павінна адсочваць з’яўленне «няправільных» даследванняў. Такіх, якія б не ўпісваліся ў дзяржаўную ідэалогію.

На пачатку ліпеня АБСЕ прыняло рэзалюцыю, згодна з якой савецкі сталінізм прыраўноўваўся да нямецкага нацызму. Гэты крок быў успрыняты ў Крамлі ў штыхі.

Расія выразна хоча не дапусціць параўнання Германіі Гітлера з СССР часоў Сталіна.

У Беларусі вострай рэакцыі на пастанову АБСЕ не было.

* * *

Пакт Молатава‑Рыбентропа і Беларусь

У выніку пакту Молатава‑Рыбентропа Заходняя Беларусь уз’ядналася з Беларуссю Савецкай. Беларусы пачалі жыць у адным тэрытарыяльным утварэнні. Хай сабе і не свабодным. Праўда, ужо ў 1939 годзе Сталін забраў у БССР Вільню. Яе перадалі Літве ўзамен за пераход Літвы пад савецкі кантроль. А ў 1944 годзе назад да Польшчы адышло Падляшша.

Аднак паўстанне палітычнага ўтварэння, межы якога значна больш адпавядалі этнаграфічным межам рассялення беларусаў, пазітыўна паўплывала на фармаванне беларускай нацыі.

Для той часткі беларусаў, якая ўспрымае савецкае мінулае краіны як акупацыю або каланізацыю, пакт Молатава‑Рыбентропа мае негатыўную афарбоўку. У выніку яго падпісання Беларусь аказалася пад татальным кантролем Масквы. Канчаткова была згубленая Вільня — горад многіх культур і найбольшы архітэктурны скарб. Быў знішчаны нацыянальны рух Заходняй Беларусі.

Падзеі Другой сусветнай і сёння застаюцца прадметам спрэчак і дыпламатычных канфліктаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0