21.08.2009 / 18:54

Ці пракаўтне Еўропа яшчэ адну «элегантную перамогу»? 9

Чорны кот між Мінскам і Бруселем можа прабегчы перад прэзідэнцкімі выбарамі. Піша Аляксандр Класкоўскі.

Захаду не варта мець асаблівых ілюзій наконт дэмакратызацыі Беларусі. Такі месідж Бруселю і Вашынгтону даслаў 20 жніўня Аляксандр Лукашэнка. Эксперты прагназуюць, што прэзідэнцкія выбары, якія адбудуцца пры канцы 2010 або на пачатку 2011 года, будуць сур'ёзным выпрабаваннем у адносінах Мінска з Захадам.

Стоячы перад аб’ектывамі на фоне палеткаў Талачынскага раёна, беларускі афіцыйны лідэр папярэдзіў еўрапейцаў: дарма яны наважыліся пастаянна накідаць нейкія ўмовы «у разліку на тое — а вось Лукашэнку няма куды падзецца, як некалі Расія думала…». Увогуле, «калі нехта на Захадзе мяркуе, што вось у нас з Расіяй сапсаваліся адносіны, і мы тут Лукашэнку падкруцім, і ён усіх злачынцаў з турмаў павыпускае, і ён заканадаўства заўтра зломіць, яны памыляюцца».

Мінскі палітолаг Андрэй Фёдараў схільны лічыць гэты каскад выказванняў тактычным ходам напярэдадні сустрэчы з Мядзведзевым. Паводле слоў Лукашэнкі, крамлёўскі калега запрасіў яго шчыра пагаварыць на наступным тыдні ў Сочы. «Перад сустрэчамі з расійскім кіраўніцтвам заўсёды ідзе крытыка ў супрацьлеглы бок», — зазначае эксперт.

Такім чынам, адна з задач гэтага публічнага выступлення — тое, што эксперты называюць пагладжваннем расійскага мядзведзя. Маўляў, пра сыход на Захад — хлусня, а з «Усходняга партнёрства» ЕС мы хочам узяць толькі чыста прагматычны ўлоў для эканомікі.

Наогул жа пасланне адрасавана адразу некалькім аўдыторыям, зазначае аналітык Валерый Карбалевіч. І Маскве, і электарату, і наменклатуры, і Еўрасаюзу. Сэнс жа ў тым, што рэжым не збіраецца мяняцца, правадыр па-ранейшаму моцны і цвёрда трымае стырно ўлады, а наступныя выбары пройдуць паводле звыклага сцэнарыя.

Карацей, як у старым анекдоце пра Рабіновіча: «Не дачакаецеся!».

Паводле прагнозу Карбалевіча, «з набліжэннем у Беларусі прэзідэнцкіх выбараў будзе ўзрастаць напружанне паміж Мінскам і ЕС. І гэтыя выбары могуць стаць цяжкім выпрабаваннем для двухбаковых адносінаў».

Інакш кажучы, апынецца пад ударам новы курс Бруселя ў дачыненні да Беларусі. Ізаляцыю ж з яе знялі, так бы мовіць, авансам, у разліку на пакрокавыя рэформы, паступовае змякчэнне рэжыму. І пытанне, што называецца, на кантролі. Так, увосень ЕС будзе вырашаць, што далей рабіць з прыпыненымі санкцыямі, ці можна назваць беларускіх начальнікаў стараннымі вучнямі ў школе дэмакратыі.

Калі ж высветліцца, што ў плане дэмакратызацыі Беларусі Брусель дзе сеў, там і злез, то «ў самой Еўропе могуць актывізавацца сілы, якія выступаюць за ранейшы фармат дачыненняў з Мінскам», лічыць эксперт. Тым больш, дадамо, што беларуская апазіцыя ўвесь час сароміць еўрапейскіх дзеячаў за камерцыялізацыю падыходу да стасункаў з рэжымам.

Які ж прагноз? Эксперты сыходзяцца ў адным: Лукашэнка ні за якія пернікі не будзе перад выбарамі ламаць сістэму забеспячэння «элегантных перамог», якая спраўна служыць яму другое дзесяцігоддзе. Хаця, вядома, улады могуць касметычна паправіць Выбарчы кодэкс. Дый будуць імкнуцца пазбегнуць брутальнасці, па магчымасці не біць палкамі апанентаў на вуліцах.

Зрэшты, і на вуліцы выходзіць асабліва ўжо няма каму. Тытульная апазіцыя абяскроўлена перыядам рэпрэсій. Да пралетарскіх гронак гневу пакуль што далёка, хаця крызіс не цётка, вядома. Менавіта фінансава-эканамічны форс-мажор можа зблытаць карты дзейнай уладзе.

Наогул эканоміка — галоўны вораг сістэмы Лукашэнкі. Для яе развіцця трэба так ці інакш адкручваць гайкі, а гэта расхіствае аўтакратыю.

Калі ж крызіс не абваліць узровень жыцця «ніжэй за калена», то ў краіне легендарна цярплівага электарату нязменны прэзідэнт цалкам можа забяспечыць сабе яшчэ адзін тэрмін кіравання пры дапамозе выпрабаванага інструментарыя.

Па сутнасці, у Талачынскім раёне ўжо агучана заяўка на ўдзел. «Мяне часта пачынаюць крытыкаваць, што, маўляў, Лукашэнка трымаецца за ўладу. Але я надзелены адпаведным правам згодна з канстытуцыяй. Калі нехта на Захадзе разлічвае, што шляхам нейкіх махінацый гэтую ўладу можна забраць і перадаць апазіцыі — нічога з гэтага не атрымаецца», — такім чынам дзейны кіраўнік акрэсліў свае прэтэнзіі на новую кадэнцыю.

Фактычна Захаду прапануецца ўгода: маўляў, мы тут будзем мякка трымаць на дыстанцыі Расію, а вы не лезьце ў нашы выбарчыя справы.

На думку экспертаў, разлік — на тое, што станавіцца ў позу Еўропа не будзе. Ну рабілі раней рэзкія заявы пасля выбараў, і што карысці? Беларускае кіраўніцтва спадзяецца, што рацыянальны Брусель не будзе камечыць ужо раскручаны праект мяккага прагматычнага дыялогу з Беларуссю. Праект, у якім ключавую ролю адыгрывае геапалітыка.

Ці спраўджваецца гэты разлік, мы найхутчэй што пабачым ужо ўвосень, калі Брусель будзе прымаць залік у беларускага начальства ды вырашаць лёс замарожаных візавых санкцый.

Аляксандр Класкоўскі, БелаПАН.

0
Кнехт / Адказаць
21.08.2009 / 21:24
ЁСЦЬ ВЫЙСЦЕ Давядзецца эмігрыраваць з краіны еўрапейскага жыцця адно скаціны. Падалей, дзе болей не дастане \\\"санта-барбара\\\" ў Бастардастане! Хіба зменіць змрочныя высновы \\\"эксклюзіў\\\" ад снайпера аховы.
0
Крывіч / Адказаць
21.08.2009 / 23:25
Прыгажуны!
0
Крывіч / Адказаць
22.08.2009 / 02:29
станавіцца ў позу Еўропа не будзе, а як бы хацелась! Каму?
Паказаць усе каментары/ 9 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру