Украіна жыве без ураду, і на якасьці жыцьця і кіраванасьці гэта не адбіваецца. Настаў апафэоз рэвалюцыі: грамадзянская супольнасьць зь яе самаарганізацыяй стала важнейшая за неэфэктыўную дзяржаву. Піша расейскі палітоляг Фёдар Лук’янаў.

У Кіеве сканчаецца шматмесячная эпапэя з фармаваньнем органаў улады. У расейскага назіральніка, які звыкся з маналітнай вэртыкальлю ўлады, і парлямэнтам, які зь любой нагоды бярэ пад казырок, палітычныя кульбіты, што вырабляюць суседзі, выклікаюць процьму пачуцьцяў – ад неўразуменьня да злараднасьці. На тле ўкраінскага хаосу наш парадак глядзіцца асабліва выйгрышна.

Хаця, з блізкай адлегласьці, чахарда ў Вярхоўнай радзе ўспрымаецца больш спакойна. Больш за паўгоду Украіна жыве без Канстытуцыйнага суду і паўнавартаснага ўраду, з сакавіка нармальна не працаваў парлямэнт. На жыцьці краіны і якасьці кіраванасьці гэта не адбіваецца. Сытуацыя ня горшая за тую, што была год таму, калі ля стырна знаходзіўся легітымны кабінет Юліі Цімашэнкі.

У пэўным сэнсе настаў апафэоз рэвалюцыі: грамадзянская супольнасьць зь яе самаарганізацыяй перамагла неэфэктыўную дзяржаву.

Інтуіцыя падказвае, што мы пабачым яшчэ багата кааліцыяў. Альянсы будуць мяняцца імкліва – зь лямантам, скандаламі і брыдкімі сцэнамі ў залі пасяджэньняў. У Расеі штосьці падобнае было ў 1990-я і вядома чым скончылася – насельніцтва ўздыхнула з палёгкай, калі адчула вэртыкальную хватку. Што чакае ўкраінскую дэмакратыю і ці захаваецца яна наагул?

«Краіна, патэнцыйна вельмі прасунутая, але пры гэтым скрайне нераўнамерна і недастаткова разьвітая. Падзеленая на дзьве часткі з заўважна адрозным мэнталітэтам і несупадаючымі ўяўленьнямі аб вэктары разьвіцьця. З патрыярхальным грамадзтвам, прасякнутым нефармальнымі сувязямі, з высокай ступеньню крыміналізацыі і сыстэмнай карупцыяй, пры якой бізнэс пераплецены зь дзяржапаратам. Нарэшце, абцяжараная геапалітыкай: уплыў буйных вонкавых гульцоў накладае адбітак на ўнутраную сытуацыю».

Калі вы пазналі ў гэтым апісаньні Украіну, то не памыліліся. Але насамрэч маецца на ўвазе іншая дзяржава – Італія. Праўда, ня сёньняшняя (хоць многае сапраўднае і цяпер), а тая, якой яна была пры Першай Рэспубліцы – з канца 1940-х да 1992 году.

Італія здаўна падзеленая на высокаразьвітую індустрыяльную поўнач і адсталы аграрны поўдзень, які да таго ж – вотчына арганізаванай злачыннасьці. З 1948 году палітычная сыстэма знаходзілася «пад наглядам» ЗША. Мэта – не дапусьціць да ўлады італьянскіх камуністаў. Да сярэдзіны 1960-х дамінавалі хрысьціянскія дэмакраты, што фармавалі ўрады з дробнымі партыямі-хаўрусьнікамі, потым дадаліся сацыялісты.

За паваенныя паўстагодзьдзі на Апэнінах зьмянілася больш за 50 кабінэтаў.

Аніводзін зь іх не дацягнуў да канца мандату, сярэдняя працягласьць знаходжаньня пры ўладзе складала 11 месяцаў, мінімальная – тры дні. Шматлікія «фракцыі» прадстаўлялі розныя групавыя, карпаратыўныя і рэгіянальныя інтарэсы, прычым у кожнай меўся поўны набор партыйных аксэсуараў – ад уласнай праграмы і спонсараў да газэт. Урады, фармальна на чале з адной і той жа ХДП, на практыцы штораз уяўлялі сабой новую канфігурацыю інтарэсаў.

Але незалежна ад гэтага асноўныя рычагі заставаліся, як правіла, у руках вузкага кола кіраўнікоў, якія часьцяком займалі непублічныя пасты, напрыклад, сакратара партыі.

Пра легендарную італьянскую карупцыю, напэўна, можна не нагадваць – партыйна-дзяржаўная машына была зьнізу даверху літаральна аблытаная сувязямі зь бізнэсам і крыміналам. Бясконцыя скандалы з адстаўкамі і арыштамі вядомых дзеячоў прывялі ўрэшце да таго, што да 1990 г. ад традыцыйных партыяў проста нічога не засталося. Два сымбалі італьянскай палітыкі былі асуджаныя за сувязі з мафіяй і маштабную карупцыю – лідэр ХДП Джуліё Андрэёці (амніставаны па ўзросьце) і кіраўнік сацыялістаў Бэтына Краксі (памёр у выгнаньні).

Як магла такая краіна на чале з такой элітай пасьпяхова разьвівацца эканамічна, уваходзіць у NATO, быць заснавальніцай і асноўным чальцом Эўрапейскай супольнасьці і нават увайсьці ў элітарную «вялікую семку»? Пазьбягаючы дэталяў, можна вылучыць дзьве асноўныя прычыны.

Па-першае, прыналежнасьць да асноўных эўраатлянтычных арганізацыяў служыла якарам, які перашкаджаў маргіналізацыі Італіі і прымушаў эліту ўсё-ткі трымацца нейкіх нормаў.

Па-другое – і гэта асабліва цікава – ва ўмовах хворай дзяржавы на першы плян выступала здольнасьць грамадзтва да самаарганізацыі.

Грамадзянская супольнасьць у Італіі ня раз станавілася аб’ектам дасьледаваньняў. У 1993 г. выйшла кніга амэрыканскага сацыёляга Робэрта Патнэма пад назвай «Дэмакратыя, якая працуе». На італьянскім прыкладзе аўтар дасканальна вывучыў сетку гарызантальных узаемасувязяў і вывеў простую залежнасьць паміж колькасьцю грамадзянскіх арганізацыяў (ад харавых суполак да футбольных клюбаў) і якасьцю разьвіцьця рэгіёнаў. Так, на поўначы Італіі ўзровень грамадзянскай актыўнасьці на парадак вышэйшы, чым на поўдні.

Гарызантальныя сувязі моцныя і на поўдні, хоць там яны маюць іншы характар. Прафэсар Флярэнтыйскага унівэрсытэту Пол Гінзбург, дасьледнік грамадзянскай супольнасьці, адзначае выключную ролю сям’і, якая служыць у Італіі пасярэднікам паміж індывідуюмам і дзяржавай, рэгулюючы гэтыя стасункі. Можна дадаць, што мафія таксама, па сутнасьці, ёсьць своеасаблівай формай грамадзянскай самаарганізацыі.

Нарэшце, на працягу ўсяго пэрыяду Першай рэспублікі грамадзянская супольнасьць была формай існаваньня кампартыі, штучна выключанай з урадавых кааліцыяў. Італьянскім камуністам вельмі прыдалася тэорыя іх заснавальніка Антоніё Грамшы, які распрацоўваў ідэю «актыўнай грамадзянскай супольнасьці» як спосабу супрацьстаяньня буржуазнай дзяржаве.

Любая аналёгія кульгае, і ўсялякая спроба супаставіць Італію другой паловы ХХ ст. з Украінай пачатку цяперашняга стагодзьдзя справядліва выкліча шмат нараканьняў. Падзел поўнач – поўдзень Італіі і захад – усход Украіны адрозьніваецца шмат па якіх парамэтрах. Хоць калі браць узровень грамадзянскай актыўнасьці ў адных і схільнасьць да традыцыйнага патэрналізму ў іншых, то некаторыя паралелі ўбачыць можна. Аднак у цэлым карціны італьянскай і ўкраінскай палітыкі маюць шмат падобнага.

Італія вельмі цяжка пазбаўляецца спадчыны Першай рэспублікі. 1970-я гады прайшлі пад знакам тэрарызму леварадыкалаў – рэакцыяй на разлажэньне палітычнага клясу. Разгром ранейшых партыяў (апэрацыя «Чыстыя рукі», 1992–1993), да зьдзіўленьня барацьбітоў з карупцыяй, прывёў да ўлады ня новых, сумленных палітыкаў, а ідэальнае спараджэньне сыстэмы, што ўпала, – бізнэсоўца Сыльвіё Бэрлюсконі, які паспрабаваў манапалізаваць усю мажлівую ўладу. Краіна даўно ня лічыцца сярод лідэраў росту, а сацыяльна-эканамічныя праблемы множацца.

Аднак Італія была, ёсьць і застанецца адной зь вядучых дзяржаваў адзінай Эўропы, а за апошнія 25 гадоў яна зрабіла якасны скачок у постіндустрыяльную стадыю разьвіцьця.

Ня пэўны, што ў Італіі варта вучыцца, узоры бываюць і лепшымі. Але, прынамсі, італьянскі досьвед дэманструе, што паняверыцца Ўкраіне ня варта.

Фёдар Лук’янаў – галоўны рэдактар часопіса «Россия в глобальной политике»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0