Журналістка з Малдовы Наталля Марар адмовілася ад расейскага грамадзянства і ад супрацы з расейскімі СМІ.
Да гэтага яе падштурхнула нядаўняе рашэнне Канстытуцыйнага суда РФ забараніць журналістцы ўязджаць у Расею «ў мэтах забеспячэння абароназдольнасці альбо бяспекі дзяржавы, альбо грамадскага парадку, альбо аховы здароўя насельніцтва» на падставе артыкула 27, ч. І Закона Расейскай Федэрацыі «Аб парадку выезду з РФ і ўезду ў РФ». Адзін з суддзяў КС — Конанаў выказаў асобнае меркаванне (яно апублікавана на сайце newtimes.ru). Ён лічыць, што прынятае рашэнне пярэчыць Канстытуцыі і міжнароднаму праву. Але яго пазіцыя справы не мяняе.

Не ўзброеная і вельмі небяспечная

Пра гісторыю Наталлі Марар, якая да апошняга часу працавала карэспандэнткай расейскага часопіса «New Times», пісалі шмат. Нагадаю сутнасць у двух словах: малдоўскую журналістку, якая выйшла замуж за журналіста таго ж выдання, грамадзяніна Расіі Аляксея Барабанава, расійскія спецслужбы затрымалі ў маскоўскім аэрапорце пры вяртанні з камандзіроўкі, некалькі дзён трымалі яе там, а потым дэпартавалі ў Кішынёў. Падстава — пагроза забеспячэнню згаданых «абароназдольнасці альбо бяспекі дзяржавы» . Ні ў водным судзе ці іншай афіцыйнай інстанцыі не было прадстаўлена доказаў «падрыўной дзейнасці» Наталлі Марар. Магчыма, улады Расеі ўбачылі падрыў дзяржаўнай бяспекі ў артыкулах журналісткі на тэмы карупцыі сярод вышэйшага чынавенства гэтай краіны? Так ці йнакш, усе спробы ў законным парадку абскардзіць дзеянні спецслужбаў і дамагчыся права ўезду апальнай журналісткі ў Расею вынікаў не далі.

Наталля Марар у сваім блогу патлумачыла сваё рашэнне: «Па-першае, я больш не хачу грамадзянства краіны, якая паступіла са мной так, як Расея. Па-другое, з маральнага гледзішча я ўжо не магу сабе дазволіць і не хачу адмаўляцца ад грамадзянства Малдовы (а гэта прадугледжана законам). Па-трэцяе, і гэта самае галоўнае — падобнае вырашэнне пытання ёсць у пэўным сэнсе зняважлівым для ўсіх тых людзей, якія цягам доўгага часу дамагаліся прызнання незаконнасці рашэння РФ. У першую чаргу, для маіх сваякоў і блізкіх людзей з часопіса «Нью-Таймс».

Варта да гэтага дадаць, што сёлета напярэдадні вясновых выбараў у парламент Малдовы, на якіх перамаглі камуністы, у Кішынёў да Марар прыезджаў нехта з высокапастаўленых расейскіх чыноўнікаў і прапаноўваў ёй хутка атрымаць грамадзянства РФ. Але напісаць заяву трэба было адразу — да выбараў. Відаць, дзеля большага прапагандысцкага эфекту. Наталля адмовілася. Пасля студэнцкіх пратэстаў у Кішынёве супраць фальшавання вынікаў парламенцкіх выбараў журналістка апынулася на кароткі час пад хатнім арыштам — улады абвінавачвалі яе ў арганізацыі закалотаў.

А зусім нядаўна, у жніўні ў Малдове адбыліся перавыбары, у выніку якіх манаполія камуністаў начале з Вароніным была падарвана...

Рэдакцыя «New Times», якая ўвесь час падтрымлівала сваю карэспандэнтку, з разуменнем паставілася да яе рашэння. «Яна хоча жыць у Малдове, працаваць на тое, каб гэтая самая жабрацкая на сёння краіна Еўропы выбралася з тупіку апошніх дваццаці гадоў. Гэта яе, Наталлі, дом», — гаворыцца ў рэдакцыйным артыкуле.
Расея ж, на думку рэдакцыі, замест таго, каб стаць для журналісткі яшчэ адным домам, фактычна выкінула яе, нібы шчанё, паламаўшы жыццё двух маладых людзей.

А вось

першы каментар да публікацыі на сайце часопіса (захаваю мову арыгіналу): «Скатертью дорожка, вонючка».
Далей ідуць праклёны на адрас Барабанава, іншых журналістаў выдання, яго галоўнай рэдактаркі Яўгеніі Альбац. Падобныя каментары — антымалдоўскія, антыбеларускія, антыўкраінскія, антысеміцкія, — можна бачыць сёння паўсюль у рунэце. Але не пра запісных патрыётаў тут гаворка.

У Маскву, у Маскву!

Гадоў пятнаццаць-дваццаць таму многія беларускія журналісты, асабліва з ліку маладых, працавалі адразу на некалькі выданняў, у тым ліку і на замежныя СМІ — пераважна расейскія.
У гэтым не было нічога дзіўнага. У расейскіх незалежных медыяў тады было значна больш магчымасцяў, у тым ліку, фінансавых, чым у беларускіх. І пры гэтым у карсэпандэнтаў не ўзнікала праблем з перакладам, перасячэннем мяжы, атрыманнем грошай, якія непазбежна ўзнікалі пры супрацоўніцтве з заходнімі СМІ. А самае галоўнае, працаваць у расейскай прэсе тады лічылася прэстыжным. У беларускіх журналістаў быў шанец распавесці праўду пра сваю краіну, пра тое, што ў ёй адбываецца. Некаторыя з іх паехалі працаваць у Маскву і там засталіся.

З 1993 па 1999 гады мне давялося працаваць уласным карэспандэнтам «Общей газеты» ў Беларусі. Зусім нядаўна, дарэчы, споўнілася 18 гадоў з дня яе выхаду. Падчас жнівеньскага путчу 1991 году ГКЧП забараніла выхад некалькіх дэмакратычных выданняў. У адказ на забарону і выйшаў тады першы нумар «Общей газеты» пад рэдакцыяй Ягора Якаўлева. Карыфею журналістыкі, галоўнаму рэдактару легенданых «Московских новостей» перыяду перабудовы ўдалося прыцягнуць у новую газету маладых таленавітых аўтараў — такіх, як Віталь Ярашэўскі, Ганна Качкаева, Надзея Чайкова (яна была адной з першых журналістаў, якія загінулі на чачэнскай вайне).

Газета карысталася аўтарытэтам і ў Беларусі, нават сярод чыноўнікаў, не кажучы пра апазіцыйных палітыкаў. Ёй давалі інтэрвью такія розныя асобы, як Віктар Ганчар (на той час ён быў старшынём Эканамічнага суда СНД), і спікер Вярхоўнага Савета Сямён Шарэцкі. Праўда, аднойчы, калі я звярнуўся з просьбай даць інтэрвью да тагачаснага міністра сельскай гаспадаркі Гаркуна, той гаркнуў: «Нічога я не скажу! Ведаю, чаго вы тут вынюхваеце!..» Але гэта было, хутчэй, выключэннем з правілаў.

Адна з перавагаў працы ўласнага карэспандэнта палягае на тым, што начальства далёка, стасавацца з ім даводзіцца, як правіла, праз тэлефон. У тыя гады кіраваў карэспандэнцкай сеткай «ОГ» у краінах СНД нехта Кісялёў (журналістаў з такім прозвішчам шмат). Кісялёў трэба сказаць, ініцыятыву журналістаў у новых незалежных дзяржавах не абмяжоўваў і да мяне асабіста вялікіх прэтэнзій не выказваў. Але аднойчы зрабіў заўвагу: «Я разумею, што вам у вашых матэрыялах імя кожнага беларускага палітыка дарагое, але ў нас (мелася на ўвазе ў Маскве, хоць сам Кісялёў, наколькі я памятаю, быў адкульсці з Украіны) гэтых імёнаў ніхто не ведае, і яны нікога тут не цікавяць».

«Общей газеты» — прынамсі, у ранейшым выглядзе, няма. Як склаўся лёс майго былога начальніка, не ведаю. Але размову тую часам успамінаю, калі кантактую з некаторымі маскоўскімі калегамі альбо чытаю іх у інтэрнэце.

Для большасці з іх сёння, як і некалі раней, няма розніцы — што БНФ, што Нацыянальны фронт вызвалення Палестыны, што той палітык, што гэты. Усё, што адбываецца па-за межамі Садовага кальца, не тое, каб зусім не мае значэння, але лічыцца маргінальным. Ну, ёсць, вядома, Вашынгтон, Лондан там, Парыж. Усе астатнія сталіцы — такія, як Кіеў, Тбілісі альбо Мінск — глухая правінцыя. Масцітыя маскоўскія журналісты, пішучы, напрыклад, пра Беларусь, ніколі не раяцца з беларускімі калегамі. Ім жа са сваёй «сталічнай» вышыні з першага погляду ўсё ясна — прычым лепей за саміх беларусаў.

І нішто —

ні Чачня, ні «аранжавая рэвалюцыя» ва Ўкраіне, ні вайна з Грузіяй не прымусілі тых журналістаў хоць крыху адступіць ад свайго масквацэнтрычнага погляду на свет, сфармуляванага ў вершыку: «как известно, от Кремля начинается земля».
Журналістыка са Знакам пашаны

У гэтай самай манеры, між іншым, дзейнічалі і журналісты НТВ Малкаў з Бабенкам, калі прыехалі ў Мінск па інтэрв’ю з сваякамі зніклых. Ніякіх кантактаў з беларускімі журналістамі (не-энтэвэшнікамі), якія не аднойчы раней пісалі на гэтую тэму, нешта ведаюць. А навошта? Прыехаў, убачыў, запісаў! Малкава, між іншым, за заслугі перад айчынай сам Пуцін узнагародзіў летась Знакам пашаны.

З карэспандэнтамі НТВ спецслужбы ў Мінску паступілі, безумоўна, па-свінску: вывезлі ў лес, забралі відэакасеты, завезлі ў Оршу, дзе пасадзілі ў цягнік на Маскву. А рабіць сюжэт пра зніклых палітыкаў для перадачы на крымінальныя тэмы, разлічанай на самы нізкі густ, альбо паводле прымітыўнага палітзаказу — хіба па-людску?
Падобныя прэтэнзіі можна сёння адрасаваць не толькі да НТВ, але да ўсіх федэральных расейскіх каналаў. Калі раней з’яўленне на іх сюжэтаў з Беларусі выклікала цікавасць, дык сёння ўзнікае толькі адно пытанне: чый палітычны заказ «чыста канкрэтна» выконваюць іх аўтары? Адкуль загад — ад каманды Пуціна ці ад памочнікаў Мядзведзева?

Большасць расейскіх СМІ ператварыліся ў сродак масавай прапаганды. А Масква даўно ўжо ўспрымаецца нармальнымі людзьмі не як цэнтр сусвету, а як глыбокая правінцыя — правінцыя духу. Нездарма многія здольныя расійскія журналісты апошнім часам едуць працаваць ва Ўкраіну. Не тое, каб там больш плацілі, але журналісты ў гэтай краіне па-ранейшаму адчуваюць запатрабаванасць сваёй прафесіі, яны ўвесь час на пярэднім краі жыцця, а не плятуцца ў прапагандысцкім абозе спецслужбаў.

Некалі, паўтаруся, для беларускіх журналістаў працаваць на вольную расейскую прэсу было гонарам. Але сёння ў Расеі, застаюцца, мабыць, усяго некалькі выданняў — «Новая газета», часопіс «Нью-Таймс» ды яшчэ радыёстанцыя «Эхо Москвы», якія імкнуцца гаварыць пра суседнія краіны аб’ектыўна, узважана, без імперскага надрыву ці напышлівага цынізму.
Расейская прэса ўсё больш, на манер савецкай, ператвараецца ў падносчыка ідэалагічных снарадаў для патрэбаў улады, а журналістыка — у спаборніцтва кар’ерыстаў і падхалімаў.

Я зусім не лічу, быццам беларуская прэса, як дзяржаўная, гэтак і недзяржаўная, больш вольная альбо пазбаўлена тэндэнцыйнасці, іншых хібаў, уласцівых расейскім СМІ. Але справа ў тым, што Наталля Марар выбрала не проста «свой дом», яна выбрала свабоду. Свабоду пісаць праўду, свабоду захоўваць годнасць, свабоду ад прыніжэння і страху перад дзяржаўнымі органамі. Насамрэч, гэтая свабода патрэбна не толькі Марар, але і яе краіне. Не менш, а можа, яшчэ больш патрэбна яна і Расеі. Асабліва ж патрэбна такая свабода нам у Беларусі — каб нарэшце адчуць яе нашым домам.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?