Па колькасці суіцыдаў ў 2008 і ў 2009 гадах лідзіруе Магілёўская вобласць.

У Беларусі колькасць самагубстваў паменшылася на 3,2% — з 1.421 выпадка за першую палову 2008 году да 1.376 выпадкаў за адпаведны перыяд 2009 году. Пра гэта паведаміла ў інтэрв'ю БелаПАН галоўны псіхіятр Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Святлана Занская.

Паводле яе слоў, сярод гарадскіх жыхароў за гэты перыяд колькасць суіцыдаў паменшылася на 5,4% — з 727 да 688, сярод сельскіх на 0,9% — з 694 да 688 выпадкаў. У 2009 годзе каля 77% самагубстваў (1.056) учынена грамадзянамі ў працаздольным узросце. 60% суіцыдаў у Беларусі ўчыняюцца ў стане алкагольнага ап'янення. Святлана Занская падкрэсліла, што Магілёўская вобласць і ў 2008, і ў 2009 годзе лідзіруе па колькасці самагубстваў.

Галоўны псіхіятр паведаміла, што колькасць суіцыдаў сярод дзяцей знізілася з дзевяці за шэсць месяцаў 2008 года да шасці — у 2009-м (па адным у Брэсцкай і Гомельскай і па два ў Гродзенскай і Магілёўскай абласцях). Двое дзяцей, якія скончылі жыццё самагубствам, былі гарадскімі жыхарамі, чацвёра —сельскімі.

Больш за ўсё суіцыдаў сярод пенсіянераў адбылося ў першай палове 2009 года ў Віцебскай вобласці.

Галоўны псіхіятр Міністэрства аховы здароўя падкрэсліла, што ведамства зацікаўлена ў дакладнай статыстыцы, якая тычыцца рэгістрацыі выпадкаў самагубстваў. Яна адзначыла, што ў міністэрстве дзейнічае загад, згодна з якім неабходна максімальна поўна рэгістраваць выпадкі суіцыдаў і парасуіцыдаў. Рэгістрацыі падлягаюць, сказала Занская, таксама выпадкі прадухілення спробы самагубства, калі чалавека знайшлі ў момант падрыхтоўкі да яго ўчынення.

Алена Спасюк, БелаПАН