Гэтыя пытанні абмяркоўваліся 20 жніўня на пасяджэнні штаба па рэканструкцыі аэравакзальнага комплексу, у якім узяў удзел міністр транспарту і камунікацый Іван Шчэрба, паведамілі БелаПАН у прэс-службе Мінтранса.

Як заявіў генеральны дырэктар РУП «Нацыянальны аэрапорт «Мінск» Дзмітрый Мелікян, на сумежнай з аэрапортам тэрыторыі плануецца пабудаваць гатэльны комплекс. Зараз вядзецца пошук патэнцыяльных інвестараў.

Мелікян растлумачыў, што, хутчэй за ўсё, пагадненне аб узвядзенні комплексу будзе падпісана з італьянскім бокам — прадстаўнікі менавіта гэтай дзяржавы выказалі найбольшую зацікаўленасць. У той жа час, паралельна вядзецца пошук і іншых інвестараў.

У Нацыянальным аэрапорце «Мінск» будзе рэфармавана ўся сістэма абслугоўвання пасажыраў, з тым каб максімальна наблізіцца да еўрапейскага ўзроўню. У перспектыве да аэрапорта будзе падведзена і чыгунка з Мінска, па якой пасажыры хутка і нядорага змогуць дабрацца ў сталіцу.

Гендырэктар РУП «Нацыянальны аэрапорт «Мінск» паведаміў, што з 5 жніўня вядуцца кругласутачныя рамонтныя работы на ўзлётна-пасадачнай паласе. Паводле інфармацыі прэс-службы Мінтранса, сур'ёзнае абмеркаванне выклікала тэма аднаўлення пад'язной эстакады. Як выявілася, у гэтым пытанні яшчэ застаецца мноства спрэчных момантаў і па пэўных аспектах падрадчыкі дагэтуль не могуць дамовіцца. Кіраўнік Мінтранса Іван Шчэрба запатрабаваў, каб адказныя за работу асобы дасягнулі паразумення найбліжэйшым часам і пачалі рэканструкцыю эстакады.

За першае паўгоддзе 2009 года РУП «Нацыянальны аэрапорт Мінск» абслужыла 417.827 пасажыраў, што на 0,7% больш у параўнанні з аналагічным перыядам 2008 года. Пры гэтым за шэсць месяцаў 2009 года выканана 4.116 рэйсаў; перавезена 3 млн. 836,4 тон грузу, што на 3,6% больш.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?