Пяць беларускіх авіякампаній, якія выконваюць палёты ў краіны Еўрасаюза, павінны да 2012 года прывесці свае судны ў адпаведнасць з новымі экалагічнымі нормамі ЕС. У процілеглым выпадку іх чакаюць штрафныя санкцыі.

Усяго ў абнародаваным Еўракамісіяй спісе 4 тыс. авіякампаній з розных краін, якія ажыццяўляюць палёты ў дзяржавы ЕС. Яны павінны знізіць выкід дыяксіду вугляроду згодна з правіламі, адобранымі ЕК у 2008 годзе.

Новае заканадаўства набудзе моц 1 студзеня 2012 года. Авіякампаніям прадпісана прыступіць да маніторынгу аб’ёмаў шкодных выкідаў са студзеня 2010 года. У адносінах да парушальнікаў могуць быць уведзены розныя абмежаванні, аж да поўнай забароны на палёты ў краіны ЕС.

У спісе кожная з пяці беларускіх авіякампаній замацавана за пэўнай краінай Еўрасаюза, якая будзе ажыццяўляць маніторынг адпаведнасці суднаў новым еўрапейскім нормам: «Белавія» — за Італіяй, «Гомельавія» — за Германіяй, Genex Ltd. — за Эстоніяй, Rubystar — за Балгарыяй, авіяцыя Міністэрства па надзвычайных сітуацыях — за Грэцыяй.

У прэс‑службе Нацыянальнай авіякампаніі «Белавія» БелаПАН патлумачылі, што ў парку кампаніі толькі некалькі самалётаў савецкай вытворчасці, прычым яны не лётаюць у ЕС. Акрамя таго, да 2012 года авіякампанія цалкам абновіць парк і будзе выконваць палёты на суднах заходняй вытворчасці, якія адпавядаюць новым нормам.

Прэс‑сакратар МНС Віталь Навіцкі ўдакладніў, што паветраныя судны міністэрства адпавядаюць дзейным нормам Еўрасаюза. Далейшая мадэрнізацыя, паводле яго слоў, будзе ажыццяўляцца разам з вытворцам. Нагадаем, авіяцыя беларускага МНС бярэ ўдзел у ліквідацыі пажараў на тэрыторыі іншых краін, напрыклад Грэцыі.

У дзяржаўным камітэце па авіяцыі БелаПАН паведамілі, што ў Беларусі чатыры авіякампаніі ажыццяўляюць пасажырскія перавозкі («Белавія», «Гомельавія», Genex Ltd., Rubystar) і адзін грузавы авіяаператар («Трансавіяэкспарт»).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?