У Беларусі спрошчаны мытны кантроль для рэзідэнтаў свабодных эканамічных зон. Гэта прадугледжана ўказам прэзідэнта № 430, які ўносіць дапаўненні ва указы ад 9 чэрвеня 2005 года № 262 і ад 31 студзеня 2006 года №66.

Як паведамляе прэс‑служба прэзідэнта, новы дакумент накіраваны на ўдасканаленне мытнага заканадаўства і рашэнне праблемных пытанняў, якія ўзнікаюць у рэзідэнтаў СЭЗ у працэсе ажыццяўлення імі гаспадарчай дзейнасці.

Згодна з указам, з мытнага кантролю знятыя сыравіна і матэрыялы, якія выкарыстаныя ў якасці проб і ўзораў пры правядзенні лабараторных выпрабаванняў падчас бесперапыннага тэхналагічнага працэсу, на падставе дадзеных бухгалтарскага ўліку без іх фактычнага прад’яўлення мытнаму органу.

Гэта дасць рэзідэнтам СЭЗ магчымасць у далейшым ажыццяўляць адбор проб і ўзораў кругласутачна з улікам патрабаванняў бесперапыннага тэхналагічнага працэсу без дадатковых накладных расходаў.

Прадугледжваецца таксама магчымасць мытнага афармлення тавараў, змешчаных пад рэжым свабоднай мытнай зоны (СМЗ) і выкарыстаных пры вытворчасці будаўніча‑мантажных і рамонтных прац па ўзбудаванні аб’ектаў нерухомасці, шляхам іх змяшчэння новым уладальнікам пад мытны рэжым СМЗ на падставе дадзеных бухгалтарскага ўліку без фактычнага прад’яўлення гэтых тавараў мытнаму органу.

Акрамя таго, прадугледжаны працэдуры, якія дазваляюць скараціць тэрмін вызначэння тэрыторыі СМЗ для іншага рэзідэнта СЭЗ і перыяд рэгістрацыі новых прадпрыемстваў у якасці рэзідэнтаў СЭЗ.

Прыняцце Указа будзе садзейнічаць далейшаму развіццю СЭЗ, эфектыўнай рэалізацыі рэзідэнтамі дадзеных зон буйных інвестыцыйных праектаў, росту аб’ёмаў і экспарту выпускаемай прадукцыі, падкрэсліваецца ў паведамленні прэс‑службы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?