26.08.2009 / 09:33

У 2010 годзе МВФ можа выдзеліць Беларусі новы крэдыт

Гэтае пытанне абмяркоўвалася 25 жніўня на сустрэчы кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Уладзіміра Макея з дырэктарам Еўрапейскага дэпартамента МВФ Маркам Бэлькам.

У 2010 годзе Міжнародны валютны фонд можа прыняць новую крэдытную праграму для Беларусі. Гэтае пытанне абмяркоўвалася 25 жніўня на сустрэчы кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Уладзіміра Макея з дырэктарам Еўрапейскага дэпартамента МВФ Маркам Бэлькам, які знаходзіцца ў Мінску.

Як паведаміў тэлеканал СТВ, прадстаўнік МВФ «выказаў задавальненне эканамічнай палітыкай Беларусі, асабліва ў частцы забеспячэння фінансавай стабільнасці і лібералізацыі».

Макей, у сваю чаргу, выказаў «пажаданне беларускаму боку, каб пры выпрацоўцы сваіх рэкамендацый МВФ улічваў нацыянальныя асаблівасці сацыяльна арыентаванай беларускай эканомікі».

Нагадаем, у студзені 2009 года кіраўніцтва МВФ ухваліла выдзяленне крэдыту stand‑by Беларусі ў аб’ёме прыкладна 2,46 млрд. даляраў пад праграму эканамічных рэформ, разлічаную на 15 месяцаў (да красавіка 2010 года).

Першы транш крэдыту ў 788 млн. даляраў ЗША па стаўцы LIBOR плюс 0,75% гадавых паступіў у Беларусь 14 студзеня, астатнія сродкі пералічваюцца з улікам штоквартальных справаздач беларускага ўрада.

29 чэрвеня савет дырэктараў МВФ завяршыў першы агляд у межах дамоўленасці з уладамі Беларусі аб крэдыце stand‑by. Пры гэтым фонд зацвердзіў выдзяленне чарговага траншу крэдыту ў 679,2 млн. даляраў ЗША і павялічыў у цэлым аб’ём фінансавай падтрымкі на 1 млрд. даляраў — да 3,52 млрд.

Другі транш крэдыту МВФ паступіў у Беларусь 2 ліпеня. Да канца года Нацбанк разлічвае атрымаць ад МВФ яшчэ два траншы на 1,35 млрд. даляраў стабілізацыйнага крэдыту.

З 18 жніўня па 2 верасня ў Беларусі працуе група экспертаў МВФ на чале з кіраўніком місіі фонду Крыстаферам Джарвісам. Яны праводзяць кансультацыі ў межах чарговага квартальнага агляду развіцця беларускай эканомікі. Місія ацэньвае ход выканання ўрадам праграмы, якая падтрымліваецца крэдытам stand‑by.

Марак Бэлька знаходзіцца ў Беларусі з 24 жніўня.

Сёння, акрамя перамоў з Уладзімірам Макеем, ён сустрэўся з прэм’ер‑міністрам Сяргеем Сідорскім. Раніцай 26 жніўня павінны прайсці перамовы Бэлькі з віцэ‑прэм’ерам Андрэем Кабяковым. Заўтра ж прадстаўнік МВФ вылеціць з Мінска.

БелаПАН.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру