26.08.2009 / 09:50

Эксперт: Удзел у праекце «Адэса — Броды» для Беларусі пакуль не актуальны

Кіеў прапануе Мінску ўдзельнічаць у будаўніцтве нафтаправода «Адэса — Броды». «Тут ёсць і палітычны складнік, але эканамічная мэтазгоднасць і карысць у гэтым выпадку несумненная»,

— заявіў пасол Украіны ў Беларусі Ігар Ліхавы 21 жніўня на прэс‑канферэнцыі ў Мінску. Праект «Адэса — Броды» — магчымасць прыцягнуць альтэрнатыўную нафту, аднак сёння для Беларусі ўдзел у ім не актуальны, лічыць эксперт.

Азербайджан ужо пацвердзіў сваю гатоўнасць удзельнічаць у праекце ў якасці пастаўшчыка нафты, адзначыў Ігар Ліховы. «Не засталося абыякавым» да ўкраінскай ініцыятывы і беларускае кіраўніцтва, якое цяпер вывучае гэтае пытанне, паведаміў пасол.

Паводле слоў дыпламата, апошнім часам праект па пастаўцы каспійскай нафты ў краіны Балтыі «Адэса — Броды» набыў «яшчэ большую актуальнасць». «Пройдзе крыху часу, калі мы атрымаем лёгкую каспійскую нафту, у якой зацікаўлены і еўрапейскія, і беларускія нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы», — лічыць Ліхавы.

Як вядома, пастаўшчыком нафты ў Беларусь з’яўляецца Расія. Аднак адносіны з краінай‑саюзніцай апошнімі гадамі складваюцца не так гладка, як раней. І ў выпадку чарговага канфлікту беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы рызыкуюць стаць заложнікамі вялікай палітыкі.

Відавочна, што гэта разумеюць і ў Маскве. Не дарма ў чэрвені Расія пачала будаўніцтва другой чаргі Балтыйскай трубаправоднай сістэмы ў абход Беларусі. Праект БТС‑2 быў запушчаны, нягледзячы на эканамічныя доказы экспертаў — расійскіх у тым ліку — аб яго стратнасці.

Урэшце, нават пры самым спрыяльным развіцці адносінаў з Расіяй прыйдзе час, калі расійскай нафты не будзе хапаць і беларускія НПЗ сутыкнуцца з сур’ёзным дэфіцытам сыравіны, адзначаюць эксперты.

«Адэса — Броды» для Беларусі ўяўляе цікавасць як перспектыўны праект. На сёння ўдзельнічаць у ім вострай неабходнасці няма, лічыць эканамічны аглядальнік Таццяна Манёнак.

«Пакуль гэты праект існуе ўсяго толькі тэарэтычна, — адзначыла эксперт у інтэрв’ю БелаПАН. — Сёння нафтаправод працуе ў рэверсным рэжыме, хаця яшчэ вясной прэзідэнт Юшчанка прыняў рашэнне аб пераарыентацыі на аверсны рэжым. Урад Украіны пакуль такога рашэння не прыняў, таму што няма рэсурсаў для запаўнення трубы нафтай у простым напрамку».

Азербайджан, адзначае Манёнак, можа забяспечыць пастаўкі ў простым напрамку толькі 5 млн. тон нафты. «Гэтага дастаткова для загрузкі выключна ўкраінскіх НПЗ, але мала, каб рэалізаваць праект дабудовы нафтаправода да Еўропы», — дадала яна.

Пры гэтым эксперт не выключае, што гадоў праз дзесяць з’явіцца магчымасць напоўніць гэтую трубу, улічваючы, што і Азербайджан, і Казахстан павялічваюць здабычу нафты.

Паводле слоў Манёнак, «альтэрнатыўны маршрут пастаўкі нафты быў бы выгадны для Беларусі ў тым выпадку, калі б наша краіна, як і іншыя, атрымлівала нафту па сусветных цэнах».

Эксперт нагадала, што пытанне аб дыверсіфікацыі паставак стала актуальным ў пачатку 2007 года пасля нафтавага канфлікту з Расіяй, і тады ў Мінску была распрацавана канцэпцыя энергабяспекі, згодна з якой да 2010 года Беларусь павінна атрымліваць да 20% нафты па альтэрнатыўных нафтаправодах.

«Гэтага не адбылося і не магло адбыцца, — лічыць Манёнак. — Па‑першае, Беларусь мае дастаткова расійскай нафты і самую прывабную цану сярод краін‑імпарцёраў. Мінус транспартныя выдаткі, мінус экспартная пошліна ў 30%. У сваю чаргу, для расійскіх нафтавых кампаній, якія працуюць у Беларусі на давальніцкіх умовах, тут створаны прывабныя ўмовы. Правілы гульні сфарміраваны даўно і пакуль задавольваюць абодва бакі».

Акрамя таго, мяркуе Манёнак, Расія, якая «з надзвычайнай увагай ставіцца да любых альтэрнатыўных праектаў пастаўкі газу або нафты, будзе імкнуцца не дапусціць удзелу Беларусі ў гэтым праекце».

Гэта і ёсць той самы палітычны фактар, пра які згадаў на прэс‑канферэнцыі пасол Украіны, лічыць эксперт.

Днямі з’явілася інфармацыя аб тым, што на запуск еўрапейска‑азіяцкага нафтатранспартнага калідора Еўракамісія выдзеліла прыкладна 180 млн. еўра. Гэтага хопіць для падрыхтоўкі тэхнічнай дакументацыі, складання бізнес‑плана і пачатку будаўнічых работ.

«Еўропа вельмі зацікаўлена ў гэтым праекце, бо гэта — адзіны альтэрнатыўны нафтаправод для паставак у краіны ЕС. Такая зацікаўленасць, магчыма, паскорыць напаўненне нафтаправода рэсурсамі. Але адбудзецца гэта яўна не заўтра», — падкрэсліла эксперт.

Сёння для Беларусі прыярытэт — дамагчыся прымальных умоў пастаўкі нафты з Расіі, пераканана Таццяна Манёнак.

***

Нафтаправод «Адэса — Броды» быў пабудаваны Украінай у 2001 годзе для забеспячэння паставак каспійскай нафты ў Еўропу ў абход Расіі. З‑за адсутнасці веткі ў Польшчу на Плоцк і Гданьск трубаправод выкарыстоўваецца Украінай для прапампоўвання невялікіх аб’ёмаў расійскай нафты (паводле ўмоў дагавора — да 9 млн. тон у год) у рэверсным рэжыме. Для прапампоўвання каспійскай нафты з Азербайджана ў Еўропу неабходна запусціць нафтаправод у аверсным напрамку.

14 мая 2009 года прэзідэнт Украіны Віктар Юшчанка зацвердзіў указам план неадкладных мер па забеспячэнні рэалізацыі праекта Еўра‑Азіяцкага нафтатранспартнага калідора (ЕАНТК), у аснове якога ляжыць выкарыстанне ў аверсным рэжыме нафтаправода «Адэса — Броды». У дакуменце сказана пра неабходнасць прапрацаваць пытанне аб прыцягненні да праекта Беларусі, Казахстана, Славакіі, Чэхіі і Расіі.

Праект плануецца рэалізаваць у трох напрамках: паўночным — цераз Польшчу, заходнім — цераз Славакію, Чэхію і Аўстрыю, усходнім — цераз Беларусь. Агульная праектная магутнасць транспартнага калідора ацэньваецца ў 40 млн. тон нафты ў год.

Ірына Леўшына, БелаПАН

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру