26.08.2009 / 12:33

Урад прыняў умовы МВФ 4

Сталі вядомыя абавязацельствы, прынятыя ўрадам Беларусі ў межах пагаднення з МВФ аб крэдыце стэнд‑бай. Макей з Бэлькам абмеркавалі магчымасці новае крэдытнае праграмы для Беларусі ад 2010 года.

Сталі вядомыя абавязацельствы, прынятыя Беларуссю ў межах пагаднення з МВФ аб крэдыце стэнд‑бай. Адпаведны ліст за подпісам прэм’ер‑міністра Сяргея Сідорскага і старшыні праўлення Нацбанка Пятра Пракаповіча апублікаваны на афіцыйным сайце МВФ. Адначасова Макей з Бэлькам абмеркавалі магчымасці новае крэдытнае праграмы для Беларусі ад 2010 года.

«Урад выканаў структурны кантрольны паказчык на канец сакавіка 2009 года па лібералізацыі цэн, павысіў цэны на жыллёва‑камунальныя паслугі, знізіў заработную плату ў дзяржаўным сектары, адмовіўся ад практыкі размяшчэння дэпазітаў цэнтральных і мясцовых органаў кіравання ў камерцыйных банках, адмяніў гранічны верхні паказчык працэнтнай стаўкі для крэдытаў у беларускіх рублях, што выдаюцца карпаратыўнаму сектару», — гаворыцца ў лісце.

Адзначаецца таксама, што «згодна з рэгіянальнай эканамічнай тэндэнцыяй, рост беларускай эканомікі ў першым квартале гэтага года істотна запаволіўся».

«Разам з тым пры захаванні эканамічнай кан’юнктуры, якая склалася, чакаецца зніжэнне ВУП у 2009 годзе прыкладна на 3%, — гаворыцца ў дакуменце. — Спажывецкія цэны выраслі ў студзені пасля аднаразовай дэвальвацыі. У адпаведнасці з жорсткай падаткова‑бюджэтнай і грашова‑крэдытнай палітыкай, якая праводзіцца намі, за перыяд, што прайшоў з таго часу, месячны ўзровень інфляцыі знізіўся, прычым цяпер чакаецца, што ў 2009 годзе інфляцыя на канец перыяду складзе амаль 11 працэнтаў».

Для падтрымання курсавога рэжыму і захавання нізкай інфляцыі грашова‑крэдытную палітыку неабходна зрабіць больш жорсткай, адзначаецца ў лісце.

«У сувязі з гэтым мы прапануем на астатнюю частку года ўстанавіць гранічныя верхнія паказчыкі чыстых унутраных актываў, якія адпавядалі б мэце абмежаваць інфляцыю на канец года 11%, — гаворыцца ў лісце. — Мы таксама лічым, што неабходна павысіць працэнтныя стаўкі па рублёвых дэпазітах, каб стымуляваць змену тэндэнцыі значнага ператоку рублёвых дэпазітаў у валютныя, які назіраўся ў студзені і лютым, на процілеглую».

Камерцыйным банкам, адзначаецца ў лісце, рэкамендавана падтрымліваць сярэднія працэнтныя стаўкі па новых тэрміновых дэпазітах фізічных асоб на ўзроўні не менш за 21,6% (на 2% вышэй за сярэдні ўзровень сакавіка 2009 года).

«Мы практычна спынілі аказанне падтрымкі ліквіднасці банкаў, не забяспечанай залогам. Мы прызнаём, што такая падтрымка павінна заставацца сапраўды выключнай, і ў цэлым будзем імкнуцца не карыстацца гэтым інструментам», — гаворыцца ў дакуменце.

Паведамляецца таксама, што ў будучым урад мае намер адмяніць два мэтавыя падаткі і мясцовы падатак з рознічных продаж і

знізіць стаўку падатку на прыбытак з 24% да 20%.

«Каб кампенсаваць страту даходаў у выніку такіх мер, мы таксама павысім стаўку ПДК з 18 да 22%», — гаворыцца ў лісце.

Яго аўтары таксама паведамляюць аб намеры ўрада захаваць жорсткую палітыку ў сферы заработнай платы. «Прынята рашэнне не праводзіць павышэнне зарплаты ў дзяржаўным сектары да верасня 2009 года», — гаворыцца ў лісце.

Адзначаецца таксама, што ўрад мае намер прыняць дадатковыя меры па скарачэнні субсідавання жыллёва‑камунальных паслуг для насельніцтва за кошт бюджэту.

Калі пазней на працягу года будзе зацверджана павышэнне зарплаты, тарыфы на ЖКП будуць зноў павышаны (апошняе павышэнне было ў студзені 2009 года. — БелаПАН.).

У 2010 годзе будуць прыняты дадатковыя меры для павышэння ступені вяртання страт.

Тарыфы на транспартныя паслугі будуць таксама павышаны з улікам інфляцыі, гаворыцца ў лісце.

Пры гэтым плануецца павялічыць расходы на адрасную сацыяльную дапамогу, каб абмежаваць звязаныя з карэкціроўкай эканамічнай палітыкі выдаткі для найбольш адчувальных слаёў насельніцтва.

Акрамя таго, плануецца выхад Нацбанка «з удзелу ў дзейнасці, якая не адносіцца да яго ключавых функцый».

«Прамое фінансаванне ці ўдзел у капітале нефінансавых арганізацый з боку НБРБ не перавысіць у 2009 годзе верхні гранічны паказчык 350 млрд. беларускіх рублёў. Мы не будзем выдзяляць новыя крэдыты ці рабіць укладанні ў акцыянерны капітал нефінансавых арганізацый у 2010 годзе», — гаворыцца ў дакуменце.

Паведамляецца, што да канца снежня 2009 года будзе распрацаваны план дзеянняў па продажы замежным інвестарам усіх нефінансавых даччыных і асацыіраваных кампаній Нацбанка.

Урад шукае стратэгічнага інвестара, які купіць кантрольны пакет акцый двух дзяржаўных банкаў (ААТ «Белпрамбудбанк» і ААТ «Белінвестбанк») і мінарытарныя пакеты ў АСБ «Беларусбанк» і ААТ «Белаграпрамбанк», як толькі рыначныя ўмовы дазволяць гэта зрабіць, адзначаецца ў лісце.

Урад таксама плануе да 30 верасня ўнесці ў парламент законапраект «Аб прыватызацыі».

Акрамя таго, плануецца вызваліць усе кампаніі, у якіх дзяржава не з’яўляецца асноўным уласнікам, ад захавання ўсіх колькасных мэтавых паказчыкаў, уключаючы паказчыкі аб’ёмаў вытворчасці і занятасці. Правы дзяржавы ў такіх кампаніях не будуць шырэйшыя за правы ўсіх мінарытарных акцыянераў.

***

У студзені 2009 года кіраўніцтва МВФ ухваліла выдзяленне Беларусі крэдыту стэнд‑бай у аб’ёме каля 2,46 млрд. даляраў пад праграму эканамічных рэформаў, разлічаную на 15 месяцаў (да красавіка 2010 года).

Першы транш крэдыту ў 788 млн. даляраў паступіў 14 студзеня.

29 чэрвеня савет дырэктараў МВФ завяршыў першы агляд у межах пагаднення аб крэдыце, а таксама прыняў рашэнне павялічыць аб’ём фінансавай падтрымкі Беларусі на 1 млрд. даляраў — да 3,52 млрд.

25 жніўня на сустрэчы кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Уладзіміра Макея з дырэктарам Еўрапейскага дэпартамента МВФ Маракам Бэлькам, які знаходзіцца ў Мінску, абмяркоўвалася магчымасць прыняцця новай праграмы крэдытавання для Беларусі ў 2010 годзе.

Глядзі таксама:
Дэвальвацыі не будзе

0
"інфляцыю на канец года 11%" / Адказаць
26.08.2009 / 13:04
Хто можа сказаць-колькі гэта будзе ў BLR ?
0
eisernWolf / Адказаць
26.08.2009 / 15:05
Першая дрэнная навіна - гэта канешне жудасны жаргон аўтаркі. Другая дрэнная навіна - гэта канешне падвышэнне НДС (і менавіта то трэ было вылучаць буйным шрыфтом і змяшчаць у прадмову), бо гэта называецца не кампэнсацыя "стратаў", а чарговым рабаўніцтвам насельніцтва (бізнэсы ад гэтага пацерпяць толькі ўскосна), карацей чакаем на рост коштаў пры захаванні тых-жа самых заробкаў. То бок галодных бунтаў ня будзе, але й узровень жыцця пакрысе будуць спускаць. >>Хто можа сказаць-колькі гэта будзе ў BLR ? Не турбуйся, гэтага ніхто ня ведае. Ты, напрыклад, ведаеш дасканала сытуацыю ў эканоміцы штатаўскай?
0
Касінер / Адказаць
27.08.2009 / 10:33
Акрамя таго, плануецца вызваліць усе кампаніі, у якіх дзяржава не з’яўляецца асноўным уласнікам, ад захавання ўсіх колькасных мэтавых паказчыкаў, уключаючы паказчыкі аб’ёмаў вытворчасці і занятасці. Правы дзяржавы ў такіх кампаніях не будуць шырэйшыя за правы ўсіх мінарытарных акцыянераў. ________________________________________________________ Для недзяржаўнага сектара - гэта самы важны абзац у пагадненнях. І калі яго выканаюць, то пачнуцца сур'ёзныя змены.
Паказаць усе каментары/ 4 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру