26.08.2009 / 14:18

Удасканальваем Google Translate разам 12

Пра з'яўленне ў Google Translate беларускай мовы расказвае інжынэр-праграміст кампаніі Google Ігар Маханёк.

У сувязі з навіной пра тое, што ў Google Translate з’явілася беларуская мова, мы задалі некалькі пытанняў Ігару Маханьку, інжынэру-праграмісту кампаніі Google, які працуе ў аддзеле якасьці пошуку Google.

«Наша Ніва»: Для беларускай мовы існаваў пакуль толькі адзін он-лайн перакладчык — Белазар. Чым адрозніваецца перакладчык Google ад іншых?

Ігар Маханёк: Google Translate працуе па прынцыпе статыстычнага перакладу. Сістэма апрацоўвае вялізную колькасць тэкстаў, перакладзеных прафесійнымі перакладчыкамі, і на аснове гэтых тэкстаў алгарытмы будуюць статыстычную мадэль перакладу. Чым болей існуе перакладзеных тэкстаў,

тым лепей якасць. Рэкамендую пачытаць адказы на частыя пытанні і паглядзець відэа даклада распрацоўшчыка Дзмітрыя Гензэля.

Таксама перакладчык ад Google — першы беларускі перакладчык, які працуе са шматлікімі мовамі: зараз вы можаце перакласці тэксты з 50 моваў (уключна з, напрыклад, ісландскай ды ідышам) на беларускую, і з беларускай на любую з 50 моваў.

«НН»: Многія з тых, хто ўжо паспеў скарыстацца вашым перакладчыкам скардзяцца на

тое, што «беларуская мова» перакладаецца ім на англійскую як «the Russian

language». У чым прычына такіх грубых недапрацовак?

І.М: Варта заўважыць, што такі пераклад існаваў вельмі нядоўга -- зараз перакладчык перакладае правільна. Сістэма статыстычнага перакладу супастаўляе фразы ў перакладных дакументах і будуе сувязі. Відаць, у дакументах, якія выкарыстоўваліся для пабудовы мадэлі, былі выпадкі, калі на месцы выразу «беларуская мова» ў дакументах на іншых мовах стаяла спасылка на расейскую мову. Колькасць правілаў, якую будуе статыстычная мадэль, вельмі вялікая, і такія памылкі могуць быць заўважанымі не адразу. Калі ж іх заўважаюць, то хутка выпраўляюць.

«НН»: Куды карыстальнікі могуць дасылаць свае заўвагі?

І.М: На сайце Google Translate, пад аўтаматычным перакладам, ёсць спасылка, націснуўшы на якую, вы можаце падаць ваш варыянт перакладу. Таксама можна напісаць у Google-групу google-translate

(google-translate@googlegroups.com), ці выкарыстаць форму зваротнай сувязі.

Гутарыла Вольга Жарнасек

0
vagantes / Адказаць
26.08.2009 / 16:52
Выдатна! Дзякую ўсім! Ігар усё даходліва патлумачыў
0
More Air / Адказаць
26.08.2009 / 23:33
А мне не зразумела: раней у статыстычнай большасці тэкстаў замест беларускай стаяла расейская мова. Цяпер ва ўсіх гэтых тэкстах іх замянілі і перакладчык стаў працаваць правільна? Калі такія абсурдныя памылкі магчымыя, як тады можна давяраць такому перакладчыку?
0
Raviaka / Адказаць
27.08.2009 / 08:24
Напісаў тэкст "Мяне завуць Равяка Руслан" пераклалі як "My name is Revyako Ruslan"... Прозьвішча кампутар перакладае ў расейскай транскрыпцыі... !!!!
Паказаць усе каментары/ 12 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру