Павел Латушка, Аляксандр Косінец, Валеры Лявонцьеў падчас «Славянскага базару-2009» у Віцебску.

Павел Латушка, Аляксандр Косінец, Валеры Лявонцьеў падчас «Славянскага базару-2009» у Віцебску.

Пра Аляксандра Косінца піша ў сваім праекце «Палітбюро‑2009» Аляксандр Фядута

У кожным складзе палітбюро (рэальнага, а не такога, як наша) абавязкова знаходзіўся левы альбо правы ўкланіст, супраць якога ўсе змагаліся як толькі маглі. І, паколькі ўсе змагаліся з адным, то раней ці пазней яго выціскалі па‑за межы сталіцы. Так у свой час выціснулі Анатолія Тозіка. Так, ужо на памяці цяперашняга пакалення аналітыкаў, што на хаду забываюць не тое што пра Тозіка — пра Шэймана! — адправілі ў Віцебск Аляксандра Косінца.

Медыцынскае свяціла

Да таго як уляпацца ў палітыку, Аляксандр Косінец зрабіў вельмі паспяховую кар’еру медыка. У 1982 годзе ён атрымаў дыплом аб заканчэнні Віцебскага медыцынскага інстытута, а ўжо праз дванаццаць гадоў быў доктарам медыцынскіх навук, а яшчэ праз год — прафесарам. Было Аляксандру Мікалаевічу на гэты момант усяго 37 гадоў. Для любога навукоўца атрымаць доктарскую ступень ў гэтым узросце ганарова, а ўжо для лекара — тым больш.

Ён быў маладым, энергічным, прагным да славы і вельмі працаздольным. Пра такіх гавораць: «У яго матор у задніцы». Не ведаю, у якім менавіта месцы ў маладога прафесара быў матор, але ўжо ў 1997 годзе ён узначаліў сваю alma mater у статусе рэктара. І — цалкам заслужана. Ён быў аўтарам ста друкаваных прац, з іх — некалькі манаграфій. Прычым манаграфій прафесійных — гэта ж не эканамічныя працы накшталт «Для блага советского человека» (Мн., 1980, у сааўт.) альбо «Опыт работы комсомольских организаций по привлечению молодежи к борьбе за повышение эффективности производства» (Мн., 1981). З такімі працамі ў нашай краіне нават да міністэрскага партфеля можна даслужыцца. А ў Аляксандра Мікалаевіча кнігі былі цалкам вартыя ўвагі прафесіяналаў — скажам, «Почечно‑клеточный рак» (Віцебск, 2002) альбо «Протеиназы и их ингибиторы в гнойной хирургии и онкологии» (Віцебск, 2003). А што ў сааўтарстве, дык медыцына — справа вельмі нават калектыўная.

Невядома, як высока падняўся б Аляксандр Косінец у прафесійнай дзейнасці. І невядома таксама, хто і калі звярнуў увагу прэзідэнта на маладога і перспектыўнага рэктара. Але ў 2005 годзе ён быў прызначаны віцэ‑прэм’ерам па сацыяльных пытаннях.

Адмарозак ва ўрадзе

Гэта быў неімаверны ўзлёт. Круцей (мы не бярэм усенародна абіраных асобаў) быў толькі ўзлёт Віктара Ганчара ў 1994 годзе. Але, уласна кажучы, Ганчар гэтую самую пасаду і займаў пасля выбараў першага прэзідэнта краіны. І параўноўваць гэтых двух віцэ‑прэм’ераў мы не бярэмся — скажам толькі, што, як і Ганчар, Косінец стаў ва ўрадзе «белай варонай».

Справа не ў навуковай ступені. У нас і Васіль Далгалёў у кандыдатах ходзіць, і Сяргей Сідорскі — доктар навук. Справа ў ступені «адмарожанасці».

Не любіць у нас улада слова «адмарозак». Сёння — не любіць. А вось у 1994 годзе Аляксандр Лукашэнка абапіраўся менавіта на «адмарозкаў». На тых, хто, паводле ягоных жа словаў, «адвязаўся — і пайшоў працаваць!» Яны яму і подпісы збіралі, і ўлёткі раскідвалі. За ідэю.

Вось Косінец апынуўся ў 2005 годзе ва ўрадзе ў ролі такога «адмарозка». Толькі ён не ўлёткі раскідваў, ён стаў на пярэдні, прабачце за пафас, фланг барацьбы. Менавіта Аляксандру Мікалаевічу мы абавязаныя тым, што медыцына як галіна, якая абапіраецца на навуковыя веды і рэальны практычны досвед, у Беларусі ўсё яшчэ існуе…

(...)

Аляксандр Фядута

Цалкам чытайце артыкул у свежым нумары «Нашай Нівы». «НН» з’яўляецца ў кіёсках «Белсаюздруку» ў Мінску ў сераду ад абеду, у рэгіёнах — ад чацвярга ранку.

А найлепш — падпісвайцеся!

Раней у праекце «Палітбюро-2009»:
Міністр замежнага гандлю: Сяргей Мартынаў
Задачка з адным невядомым: Леанід Анфімаў
Класік урадавай думкі: Міхаіл Мясніковіч
Чалавек без якасцяў: Зянон Ломаць
Бацька хрышчонага сына: Андрэй Кабякоў
Кандыдат на ўсе вакансіі. Уладзімір Сямашка.
Будаўнік у банку. Пётр Пракаповіч.
Чалавек-невідзімка. Сяргей Ткачоў
Генерал мірнага часу: Юры Жадобін
Русалка ў аблоках: Наталля Пяткевіч.
Новы твар: Уладзімір Макей

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0