З нагоды гадавіны Славацкага паўстання і дня Канстытуцыі з журналістамі сустрэўся надзвычайны і паўнамоцны пасол Славацкай Рэспублікі ў Беларусі Марыян Серватка.

Гэта адносна новы дыпламат у нашай краіне, з місіяй у Мінску ён знаходзіцца толькі год. Да гэтага сп.Серватка з’яўляўся амбасадарам у Польшчы.

Прамову Марыян Серватка пачаў з невялікага казусу, ён павіншаваў журналістаў з выдатным выступам зборнай Беларусі на чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы. А там наша каманда не ўзяла ніводнага медалю.

Размаўляў дыпламат на расійскай мове, на якой, па ўласнаму прызнанню, не размаўляў больш за 40 гадоў, але паабяцаў вывучыць і беларускую, як ягоны папярэднік Любамір Рэгак.
Увогуле, спадар пасол некалькі падкрэсліваў надзвычайнае падабенства нашых моваў. Ён нават хоча арганізаваць навуковыя даследаванні адносна роднасці нашых моваў. Марыян Сэрватка таксама адзначыў падабенства беларуска‑славацкай тапанімікі.

«Некалі мы былі вельмі блізкімі. Мы хочам быць блізкімі і цяпер», — сказаў пасол.

Славакія выступае за зніжэнне коштаў на шэнгенскія візы для беларусаў амаль удвая, запэўніў Марыян Серватка, але трэба згода ўсіх краін Еўрасаюзу. Летась славацкае пасольства выдзеліла 1200 бясплатных візаў для грамадзян Беларусі.

Марыян Серватка выказаў радасць тымі палітычнымі працэсамі, якія апошнім часам адбываюцца ў Беларусі. Станоўча ацаніў сяброўства Беларусі ў праграме «Усходняе партнёрства».

Ужо цяпер пачынае рэалізоўвацца праект «Падтрымка трансфармацыі рэгіянальнага прадпрымальніцкага асяроддзя». На гэтую ініцыятыву МЗС Славакіі выдаткаваў 116 тысяч еўра.

Агулам таваразварот паміж нашымі краінамі склаў летась 174,6 мільёнаў еўра. Сёлета ён не адпавядае мінулагоднім тэмпам.

Бліжэйшым часам плануецца візіт у Мінск міністра замежных справаў Славакіі Яраслава Лайчака. Марыян Серватка не назваў канкрэтныя даты. Тым не менш, ён выказаў спадзяванне, што міністр возьме ўдзел у адкрыцці выставы славацкіх мастакоў‑прымітывістаў з Сербіі, якая адкрыецца ў Нацыянальным музеі 7 верасня.

Напрыканцы дыпламат запрасіў беларусаў часцей наведваць славацкія курорты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?