26.08.2009 / 16:04

Прыйшоў час плаціць за лукашэнкаўскі застой 36

Беларусы ўжо расплачваюцца па поўнай за сонны перыяд нафтагазавага кайфу. Зараз яшчэ ўдвая заплацяць і за крывое рэфармаванне. Піша ў сваім блогу на НН Аляксандр Класкоўскі.

Нездарма кажуць: прыдзе коза да воза. І яшчэ: не плюй у калодзеж. Гэтыя фраземы просяцца на язык з нагоды цяперашняй фазы стасункаў між беларускім урадам і МВФ.

Крызіс не цётка. Не толькі беларускі ўрад чухае патыліцу, маракуючы, як залапіць фінансавыя дзіркі. І наш зварот па дапамогу да МВФ не адзіны. Але менавіта для айчыннага начальства гэта выглядае ганебнай ідэалагічнай капітуляцыяй.

Ці даўно галоўны кіраўнік даводзіў, што рынкавыя рэформы — гэта падступны план імперыялістаў, каб разваліць нашу унікальную мадэль? Яшчэ болей, Лукашэнка ў 99-м, выступаючы ў Думе, ганіў маральна няўстойлівых саюзнікаў: «…Нашто вы стаіцё на каленях перад гэтым жуллём з МВФ?».

Добра было выглядаць зухам, пакуль быў танны газ ды працаваў шэры нафтавы афшор!

Зараз жа даводзіцца калі не станавіцца на калені, то выцягвацца ў струнку перад рэвізорамі з МВФ. І, трымаючыся іх рэцэптаў, здаваць з вантробамі супер-пупер-сацыяльную «беларускую мадэль».

Сёння стаў набыткам галоснасці чэрвеньскі ліст на адрас МВФ за подпісам прэм’ера Сідорскага ды старшыні Нацбанка Пракаповіча. З паслання вынікае, што нашы ўрадоўцы ператварыліся ў крутых манетарыстаў і надоўга ўзброіліся бюджэтным сякатарам. Беларусаў чакае далейшае зацягванне паясоў.

Іншага выйсця няма. А ў каго яшчэ папросіш столькі грошай? «Братняя Расія» замарозіла нават даўно абяцаныя 500 мільёнаў долараў. Між тым «жуллё з МВФ» дало ўжо дзве траншы, прыняло рашэнне павялічыць на мільярд (да $3,52 млрд.) агульную суму крэдыту стэнд-бай, а цяпер вось сагрэла надзеяй, што ў 2010-м дасць яшчэ адну пазыку.

Пры гэтым МВФ бярэ значна меншы працэнт, чым расійцы. Ды, адрозна ад іх, не накідае палітычных ўмоў кшталту прызнання маленькіх, але гордых рэспублік.

Іншая рэч — умовы макраэканамічныя. Тут без горкіх лекаў Беларусі не абысціся. І толькі лайдак не папракнуў нашых мудрых дзеячаў за змарнаваны час нафтагазавай дурніцы, калі рэформы былі б адносна безбалеснымі. Горай, аднак, тое, што і зараз

яны робяцца, па-першае, дубова, а па-другое — непаслядоўна, палавініста, паводле прынцыпу «адсякаць хвост за некалькі разоў».

Дадамо: у МВФ таксама не аракулы. У іх адзін шаблон для ўсіх. На добры лад, тыя манетарысцкія штучкі нашым урадоўцам таксама варта было б з розумам ужываць. Але наверсе вядуць рэй старыя кадры. На экспертаў алергія. Якія тут к чорту канцэптуальныя пошукі! Працуюць у рэжыме абваранай кошкі.

Нашы «крэпкія хазяйственнікі» добра ўмеюць адбіраць і дзяліць, грукаць кулаком па стале, але абсалютна не ў іх парадыгме разнявольваць бізнес. Не кажучы ўжо пра тое, што наіўна разлічваць на мадэрнізацыю без мінімуму грамадскага разняволення.

А паколькі тут для кіроўнай вярхоўкі саступкі да смерці падобныя, то

беларусы, якія ўжо расплачваюцца за лукашэнкаўскі застой, яшчэ спаўна заплацяць і за крывое, праз адно месца, рэфармаванне. За няўклюдную ўрадавую лявоніху пад дудку «жулля з МВФ».

Аляксандр Класкоўскі.

0
Васiль / Адказаць
26.08.2009 / 16:28
Все правильно, поддерживаю вас, Александр - надо объединяться с Россией :)))) А если вы не об этом, то меня удивляет ваша привычка писать статьи без смысла. Вернее, не вникая в происходящее, а еще точнее - если не можете вникнуть, то не пишите! Вы, как та работа наших предприятий на склад - товар никому не надо, а производить будем! Или уже оплачено?
0
Філолаг-самавук / Адказаць
26.08.2009 / 16:44
2 Васіль Выглядае на тое, што гэта вам ужо аплачана :)
0
антон / Адказаць
26.08.2009 / 16:46
беларусы, якія ўжо расплачваюцца за лукашэнкаўскі застой, яшчэ спаўна заплацяць і за крывое, праз адно месца, рэфармаванне. так вот пусть лукашенко и заплатит за всё, вместе со своими аглоедами. ну понятно чем... и не надо это удалять.
Паказаць усе каментары/ 36 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру