У 2009 годзе ў ВНУ Беларусі залічана на 5,8% студэнтаў больш у параўнанні з мінулым годам. Пра гэта паведаміў міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў 26 жніўня на прэс‑канферэнцыі ў Мінску.

Паводле звестак Мінадукацыі, студэнтамі ВНУ ўсіх форм уласнасці па выніках залічэння сталі прыкладна 90 тыс. чалавек.

Для параўнання: у 2008 годзе ў ВНУ паступілі 85,1 тыс. чалавек.

У дзяржаўныя ВНУ сёлета было залічана 78,8 тыс. студэнтаў. Гэта на 5,8 тыс. больш, чым летась. З іх на дзённую форму атрымання адукацыі паступілі 47 тыс. чалавек, у тым ліку 21,8 тыс. — на ўмовах аплаты. На завочную форму залічаны 31,4 тыс. чалавек, у тым ліку 24,4 тыс. — на ўмовах аплаты. На вячэрнюю форму навучання паступілі 259 чалавек.

У прыватныя ВНУ ў 2009 годзе залічана 11,3 тыс. чалавек. Гэта на 0,9 тыс. чалавек менш, чым летась. У тым ліку на дзённую форму паступілі 3,3 тыс. чалавек, на завочную форму — 8 тыс. чалавек.

У ліку 25,2 тыс. абітурыентаў, залічаных на дзённую бюджэтную форму навучання, 74,2% складалі выпускнікі гарадскіх устаноў адукацыі, з якіх 26% закончылі ліцэі і гімназіі, і 18,3% — выпускнікі сельскіх устаноў адукацыі. Пры гэтым, як заявіў старшыня Дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў у 2009 годзе Анатоль Рубінаў, па выніках цэнтралізаванага тэставання, выпускнікі, якія скончылі сельскія школы, «вельмі нязначна» адстаюць ад выпускнікоў‑гараджан. Паводле яго слоў, гэта сведчыць пра «павышэнне якасці падрыхтоўкі ў сельскіх школах і выраўноўванне стартавых магчымасцяў абітурыентаў з горада і вёскі».

2,5% ад усіх залічаных на дзённую бюджэтную форму навучання ў ВНУ мелі льготы, большасць з іх — дзеці‑сіроты і дзеці, якія засталіся без папячэння бацькоў. 8,7% ад усіх паступіўшых на дзённую бюджэтную форму навучання — медалісты, 1,1% — выдатнікі ССНУ, ПТВ. 0,6% ад залічаных на бюджэт — замежныя грамадзяне, у тым ліку з Расіі, Казахстана, Кіргізіі, Таджыкістана.

На ўмовах мэтавай падрыхтоўкі сёлета ў ВНУ Беларусі было прынята 1 тыс. 302 чалавекі. Для параўнання, у 2008 годзе такіх паступіўшых было 998 чалавек. Нагадаем, сёлета такія абітурыенты павінны былі заключыць кантракт, па якім тэрмін адпрацоўкі па размеркаванні для іх складае не менш як пяць гадоў.

Усяго ў 2009 годзе прыём студэнтаў ажыццяўлялі 43 дзяржаўныя ВНУ і 10 прыватных.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?