У сераду вызначыліся апошнія пяць удзельнікаў групавога турніру футбольнай Лігі чэмпіёнаў.

Імі сталі: лонданскі «Арсенал», што перамог «Селтык» 3:1 (першы матч — 2:0), «Фіярэнціна», што згуляла дома ўнічыю з лісабонскім «Спортынгам» — 1:1 (першы матч — 2:2), грэцкі «Алімпіякас», які перамог на сваім полі малдоўскі «Шэрыф» — 1:0 (першы матч — 2:0), кіпрскі «АПОЭЛ», які абыграў «Капенгаген» — 3:1 (першы матч — 0:1).

Нямецкі «Штутгарт» таксама выйшаў у групавы турнір, згуляўшы на сваім полі ўнічыю з «Тымішаарай» — 0:0 (першы матч 2:0). Аляксандр Глеб удзелу ў матчы не браў.

У аўторак, нагадаем, у групавы турнір выйшлі: «Цюрых», «Атлетыка», «Ліён», «Дэбрэцэн», «Макабі» Хайфа.

***

Лёсаванне групавога турніру адбудзецца сёння, 27 жніўня ў швейцарскім Ньёне. Да пералічаных вышэй дзесяці камандаў дадаюцца 22 сеяныя. Апроч таго ўсе клубы ўжо разбітыя, згодна з рэйтынгам, на кошыкі.

У кожную з групаў трапляе па адной камандзе з кожнага кошыка. Такім чынам усе каманды будуць разбітыя на восем групаў па чатыры ў кожнай. У групах, у сваю чаргу, пройдзе двухкругавы турнір (шэсць гульняў).

Першы тур групавога турніру пройдзе 15‑16 верасня, 2‑гі тур — 29‑30 верасня, 3‑ці — 20‑21 кастрычніка, 4‑ты — 3‑4 лістапада, 5‑ты — 24‑25 лістапада, 6‑ты — 8‑9 снежня.

Склад кошыкаў

Першы кошык: «Барселона», «Чэлсі», «Ліверпуль», «Манчэстэр Юнайтэд», «Мілан», «Арсенал», «Севілья», «Баварыя».

«Барселона», нагадаем, дзеючы пераможца Лігі чэмпіёнаў.

Другі кошык: «Ліён», «Інтэр», ЦСКА Масква, «Порту», «АЗ Алкмаар», «Ювентус», «Глазга Рэйнджэрс».

Трэці кошык: «Алімпіякас», «Марсель», «Дынама» Кіеў, «Штутгарт», «Фіярэнціна», «Атлетыка», «Бардо», «Бешыкташ».

Чацверты кошык: «Вольфсбург», «Стандард» Льеж, «Макабі» Хайфа, «Цюрых», «Рубін» Казань, «Уніра» (Румынія), «Дэбрэцэн», «АПОЭЛ».

Каманды з адной краіны не могуць трапіць у адну групу, не могуць трапіць у адну групу каманды з аднаго кошыка.

То бок «Штутгарту», напрыклад, не могуць трапіць «Алімпіякас», «Марсель», «Дынама» Кіеў, «Фіярэнціна», «Атлетыка», «Бардо», «Бешыкташ» (г.зн. каманды з яго кошыка), а таксама «Баварыя» і «Вольфсбург».

У плей‑оф выходзяць па дзве лепшыя каманды з групы. Каманды, што зоймуць трэція месцы, выходзяць у плей‑оф Лігі Еўропы.

Сённяшняе лёсаванне пачнецца ў 18:45 па мінскім часе. Жывую трансляцыю будзе весці канал «Еўраспорт».

***

У мінулым годзе барысаўскі БАТЭ прайшоў тры раўнды кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў і выйшаў у групавы турнір Лігі чэмпіёнаў, дзе заняў апошняе чацвертае месца. Барысаўцы двойчы саступілі мадрыдскаму «Рэалу» (0:2, 0:1), двойчы згулялі ўнічыю з турынскім «Ювентусам» (2:2, 0:0), згулялі ў Санкт-Пецярбургу ўнічыю з «Зенітам» - 1:1, прайгралі ў Мінску 0:2. У наступны этап у нашай групе выйшлі тады «Рэал» і «Ювентус», якія выбылі з розыгрышу на першай стадыі плей-оф (1/8 фіналу).

***

Сёлета БАТЭ пачынаў еўрапейскі сезон ў Лізе чэмпіёнаў. Клуб стартаваў з 2-га этапу кваліфікацыі, у якой абыграў «Македонію» (2:0, 2:0), але потым спатыкнуўся па выніках двух сустрэч на «Вентспілсе» (0:1, 2:1) і, згодна з рэгламентам, выбыў у плей-оф Лігі Еўропы.

Тыдзень таму БАТЭ прайграў у Барысаве ў першым матчы плей-оф балгарскаму «Літэксу» з лікам 0:1.

Сёння ў Ловечы матч у адказ. Пачатак а 21-й. Трансляцыя на «Ладзе».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?