Апошнімі днямі ў Беларусі назіраецца рост колькасці загінулых і параненых у дарожна‑транспартных здарэннях, у тым ліку дзяцей.

Так, 25 жніўня ў выніку ДТЗ загінулі восем і былі паранены 24 чалавекі, 26 жніўня — дзевяць і 22 адпаведна. Пры гэтым за мінулыя суткі загінула адно дзіця і трое дзяцей траўмаваныя.

Такую сітуацыю ва ўпраўленні Дзяржаўтаінспекцыі МУС Беларусі БелаПАН патлумачылі павышанай інтэнсіўнасцю руху ў гарадах і за іх межамі ў сувязі з завяршэннем перыяду водпускаў, пачаткам навучальнага года.

Людзі вяртаюцца з адпачынку часта расслабленымі, яны ігнаруюць элементарныя нормы бяспекі, у тым ліку і па перавозцы дзяцей.

Прыкладам таму з’яўляецца ДТЗ, якое адбылося вечарам 26 жніўня ў Віцебску. 23‑гадовы вадзіцель «Жыгулёў», які раней неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне ПДР, у стане алкагольнага ап’янення выехаў за межы праезнай часткі і ўдарыўся ў асвятляльную мачту. У выніку яго спадарожніца атрымала раненні і шпіталізавана, а яе двухгадовая дачка памерла ад траўмаў. Дзяўчынка знаходзілася ў аўтамабілі без утрымліваючага прыстасавання.

У Дзятлаўскім раёне Гродзенскай вобласці на дарозе Ліда — Слонім 59‑гадовы жыхар Маладзечна на «Жыгулях» сутыкнуўся з грузавіком, які ехаў наперадзе. У выніку 13‑гадовая дачка вадзіцеля, што была ў легкавой аўтамашыне, атрымала траўмы.

У адной з вёсак у Магілёўскім раёне 43‑гадовы вадзіцель «Форда» ўчыніў наезд на трохгадовую дзяўчынку, якая раптоўна выбегла на праезную частку. Дзіця шпіталізавана.

У Гродне 39‑гадовы мясцовы жыхар перакуліўся на скутэры. Дзесяцігадовая дзяўчынка, якая ехала з ім, атрымала траўмы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?