Выступае Уладзімір Рыжкоў.

Выступае Уладзімір Рыжкоў.

У Мінску праходзіць міжнародная канферэнцыя «Беларусь — Расія: ракіроўка ці перазагрузка?», у якой удзельнічаюць вядомыя расійскія і беларускія апазіцыйныя палітыкі.

Як адзначылі арганізатары, галоўны ў назве мерапрыемства «знак пытання».

У першай сесіі канферэнцыі выступіў вядомы расійскі палітолаг і публіцыст Уладзімір Рыжкоў. Ён выказаў меркаванне, што менавіта Беларусь не гатова аб’яднацца ў адну дзяржаву з Расіяй. Паводле яго прагнозу, прарыву няма і не будзе, бо краіны маюць розныя падыходы да гэтага аб’яднання. У сувязі з крызісам узнікла ілюзія, што Беларусь хутчэй пойдзе на саюз, але па‑ранейшаму праект «саюзнай дзяржавы» знаходзіцца ў тупіку.

Рыжкоў: «Беларусь і Расія — як Францыя і Германія пасля другой сусветнай вайны»

Уладзімір Рыжкоў прапанаваў чатыры прынцыпы будавання далейшых адносін.

Па‑першае, паводле яго меркавання, трэба прызнаць, што Расія і Беларусь неабходныя адзін другому: Расія Беларусі патрэбная як буйны партнёр, а Беларусь Расіі як краіна для транзіту,
а таксама як партнёр у геа‑палітычных і ваенна‑стратыгічных адносінах. «Беларусь і Расія — як Францыя і Германія пасля другой сусветнай вайны» — адзначыў Рыжкоў. Другі прынцып — не згубіць таго, што ёсць, трэці — зрабіць крок назад і не будаваць утапічных праектаў. Чацвёрты прынцып — будаваць адносіны з улікам еўрапейскага фактара.

Карбалевіч: «І несці цяжка, і кінуць шкада»

У сваю чаргу беларускі палітолаг Валер Карбалевіч адзначыў, што саюз Расіі і Беларусі — гэта міфалагема, і гісторыя не ведае канфедэрацыі дзвюх дзяржаў, якая б эфектыўна працавала. «Праблема беларуска‑расійскіх адносінаў не мае рашэння ў межах саюзнай дзяржавы», ‑‑ адзначыў ён. «Крызіс нашых адносінах абумоўлены рознымі задачамі» — мяркуе Карбалевіч.
— Крэмль жадае атрымаць кантроль хаця б над эканомікай Беларусі, а Лукашэнка жадае атрымліваць дапамогу, але захоўваць поўную ўладу.

Калі б трэба было прыдумаць герб саюзнай дзяржавы, то гэта быў бы чамадан без ручкі — і несці цяжка, і кінуць шкада».

Ён таксама абазначыў прычыны, чаму Расія не жадае адпускаць Беларусь: вінаваты імперскі комплекс і тое, што расійская эліта не жадае адмаўляцца ад адзінага саюзніка, а «Лукашэнка віртуозна карыстаецца комплексамі Расіі».

Прагноз Карбалевіча заключаецца ў тым, што на сур’ёзнае скарачэнне субсідый Расія не рашыцца. «Дыялог вядуць два аўтарытарныя рэжымы» — адзначыў эксперт.

Палітыкі з абодвух бакоў пагаджаюцца, што пры цяперашніх прэзідэнтах абедзвюх краін інтэграцыя немагчымая.

Сёння канферэнцыя скончыцца а 18‑й.

Пасля абеду запланавыя таксама выступы Уладзіміра Мілава, Барыса Нямцова — з расійскага боку, Яраслава Раманчука, Леаніда Заікі — з беларускага.

Вольга Жарнасек

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0