Хто тут ахвяра?

Гэтымі днямі Палац Мастацтваў выкарыстоўваецца па прызначэнні. І хоць цяпер у процівагу звыклым мядовым кірмашам, тут не частуюць ні чым, акрамя карцінаў і арт-аб'ектаў, сцены Палаца быццам мёдам памазалі: наведнікаў — процьма.

Мінская тусоўка выйшла з летняга піке, і вырашыла на справе давесці, што імя ёй — легіён. У масавым парадку вярнуцца да свайго найпроставага абавязка — глядзець і абгаворваць. Залі Палаца на адкрыцці арт-фестывалю «ДАХ-9: Ахвяры мастацтва» былі набіткаваныя публікай. Абапал сходаў і ў фае таўпіліся страката апранутая багема, чакаючы невядомага чаго ці каго, быццам пазіравала для карціны «Трыумфальнае вяртанне Марка Шагала на Радзіму».

На адкрыцці фэстывалю крытыкі з'еднічалі, паэты нецверазелі, багемныя дзяўчаты і хлопцы разносілі пах індыйскіх пахошчаў і нерастрачанага творчага патэнцыяла. Падворак па-за Палацам быў ададзены на роспіс графіцістам, у залі з мастацкімі аб'ектамі і інсталяцыямі панавала багавейная сутонне. У залах, дзе святла было больш, на падлозе сядзелі музыкі з закрытымі глухімі маскамі тварамі. На другім паверсе пахажвала аголеная, цалкам пафарбаваная чорнай фарбай, удзельніца перфомансу, жыва нагадваючы іншую ахвяру мастацтва, хлопчыка, якога старэча Да Вінчы не падумаўшы памазаў пазалотай і хлопчык адправіўся да Абрагама на піва…

«Ведаеце, гэта мы ахвяры іх мастацтва, — кажа адзін з наведнікаў арт-фэсту, — Мы вымушаныя разам з мастакамі перажываць іх творчыя падзенні і ўзвівы. Бывае, мастак накруціць, налепіць усяго на сваім палатне, ажно галава кругам ідзе, жыць не хочацца… А бывае, такая натхняльная карціна, што ідзеш і спяваеш…»

Ахварваць Родзіну

На сходах наведнікаў сустракаў арганізатар фестывалю мастак Алесь Родзін: разам з паплечнікамі ў чорных балахонах з арматурынай у руках рабіў зямныя паклоны. Родзін, адзін з рэзідэнтаў прэстыжнага берлінскаг аарт-дома «Тахелес», правёўшы восем арт-фестываляў нетрадыцыйнага мастацтва ў Нямеччыне, вырашыў што на дзявяты раз «Дах» павінны ад'ехаць і ў суайчыннікаў. Саюз мастакоў ідэю не шкадаваць розумы наведнікаў падтрымаў і аддаў на водкуп Родзіну будынак на Казлова.

«Кожны чалавек, які становіцца на шлях мастацтва, робіцца яго ахвярай, плаціць сваю, часам вельмі высокую цану, — кажа Родзін. — І як не дзіўна, мастацтва на гэтым трымаецца. У цэлым, кожны творца мае адмысловае гледзішча на творчасць. Гэта і было канцэпцыяй нашага арт-фестывалю: кожны прыходзіць са сваімі думкамі і ідэямі. На нашым фестывалі мастакоў з розных краінаў свету аб'ядноўвае іх непадобнасць. Мы ўжо ладзілі падобную імпрэзу — праўда не такую вялікую, ў Берліне. Фестываль выклікаў вялікую цікавасць, і вось мы вырашылі прыехаць з выставай у Мінск».

На думку Родзіна асноўная мэта суіснавання розных жанраў — падвысіць эмацыйны ўзровень прымання мастацтва. На «Даху» ўзровень прымання будуць падвышаць таксама літаратурныя імпрэзы.

«Я дзякуй Богу пакуль што не ахвяра, — прызнаецца паэт Зміцер Вішнёў, куратар літаратурнай часткі фестывалю, — думаю, што гэта датычыцца найперш мастакоў і творчых асобаў, якія зніклі, зніклі фізічна. Для якіх лёс склаўся так, што мастацтва адбілася на іх фатальна. Мастацва павінна ўсё ж дэстабілізаваць чалавека, хоць трохі, каб ён адчуў сябе жыццяздольным. На фестывалі «Дах-9» Выдавецтва «Галіяфы» прэзентуе кнігі Сяргея Календы «Помнік атручаным людзям» і Ўсевалада Гарачкі «БАгі і героі», якія якраз і паказваюць дэструкцыйны ўплыў мастацтва на чалавека, але дэструктыўны па-добраму».

У рамках фестывалю адбудуцца больш традыцыйныя літаратурныя імпрэзы. Так будзе прэзентаваны аўдыёдыск з запісам твораў гісторыка Міколы Ермаловіча «Лісты. Выступы. Гутаркі.Вершы» (11 верасня, 18:00). А свае папяровыя кнігі прэзентуюць Барыс Пятровіч, Леанід Дранько-Майсюк (абодва 16 верасня, 18:00) і Павал Савоська (11 верасня, 18:00). Вішанькай на гары літаратурнай часткай зробіцца слэм, боем паэтаў, які адбудзецца 19 верасня (Пачатак а 17:00).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?