Такой шчырай і адкрытай размовы, як сёння, з прэзідэнтам Расіі «ў нас не было ніколі», заявіў Аляксандр Лукашэнка журналістам 27 жніўня пасля сустрэчы з Дзмітрыем Мядзведзевым у Сочы. Перамовы, як паведамляе прэс-служба беларускага прэзідэнта, доўжыліся больш як тры гадзіны.

«Вельмі шкада, што час і тыя праблемы, якія ў нас сёння ёсць, — яны нас падштурхнулі да гэтага дыялогу, — сказаў Лукашэнка. — Але сёння прэзідэнт Расіі ініцыяваў гэтую адкрытую размову, скажу, вельмі шчырую, у маім духу. Я вельмі люблю шчырасць. Асабліва калі сустракаюцца сябры, таварышы, калегі, а мы вельмі дружныя з прэзідэнтам Расіі. Дух — гэта галоўнае, што працінае ўсе пытанні: фінансаў, эканомікі, дыпламатыі, знешняй палітыкі. Мы змаглі абмеркаваць усе праблемныя пытанні, якія перад намі былі».

Кіраўнік беларускай дзяржавы назваў прычыны, паводле яго слоў, «працяглай паўзы» ў сустрэчах з прэзідэнтам Расіі.

«Сапраўды, мы не размаўлялі так інтэнсіўна, як на пачатку года. Але гэта не азначае, што мы не размаўлялі наогул, — сказаў Лукашэнка. — Было шмат і пазітыўнага, і негатыўнага, але мы не перапынялі кантактаў з Дзмітрыем Анатольевічам. Напэўна, дапусцілі памылку, што не інфармавалі грамадскасць. Мы падтрымлівалі пастаянны кантакт з прэзідэнтам Расійскай Федэрацыі, гэта было, але інфармацыі пра гэта было мала».

Каб больш не пісалі, што мы рэдка сустракаемся, мы вырашылі інтэнсіфікаваць сустрэчы, — адзначыў прэзідэнт Беларусі. — У нас няма адарвання адзін ад аднаго. Няма алергіі адзін на аднаго. Гэта абсалютна шчыра».

Падчас перамоў, паведаміў Лукашэнка, дасягнута дамоўленасць аб тым, што прэзідэнт Расіі прыедзе ў Беларусь у верасні — на сумесныя беларуска-расійскія вучэнні, «самыя маштабныя, нягледзячы на крызіс». «Гэта беларуска-расійская групоўка на заходнім напрамку, аснову якой складае беларуская армія. Вучэнні будуць прысвечаны функцыянаванню гэтай групоўкі: наколькі яна эфектыўная, наколькі можа абараняць нашы заходнія межы», — сказаў Лукашэнка.

«Другім разам ён да нас прыедзе ў канцы лістапада — у нас пройдзе пасяджэнне ЕўрАзЭС. І трэцім разам мы сустрэнемся сёлета ў пачатку снежня на пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы, якое пройдзе ў Маскве», — дадаў прэзідэнт Беларусі.

Лукашэнка: Мы не абмяркоўвалі з расійскім прэзідэнтам ніякай канкрэтнай тэмы нашай знешняй палітыкі, якая скіравана на Захад.

«Мы закраналі, абмяркоўваючы тыя ці іншыя праблемы, заходні вектар, тое, як у нас складваецца дыялог з Захадам. Але мы не абмяркоўвалі ніякай канкрэтнай тэмы нашай знешняй палітыкі, якая скіравана на Захад», — паведаміў Аляксандр Лукашэнка 27 жніўня журналістам у Сочы пасля завяршэння перамоў з прэзідэнтам Расіі Дзмітрыем Мядзведзевым.

«Мы развівалі і будзем развіваць наша супрацоўніцтва з Еўропай, Амерыкай, таму што ў цэлым гэта той жа тавараабарот, што і з Расіяй, — цытуе кіраўніка беларускай дзяржавы яго прэс-служба.

— Дзмітрый Анатольевіч з вялікім разуменнем адрэагаваў, сказаў, што на тое і дзяржава і кіраўніцтва гэтай дзяржавы, каб інтарэс падтрымліваць у той частцы планеты, перш за ўсё ў Еўропе. Таму што Беларусь — цэнтр Еўропы, так было сказана прэзідэнтам Расіі».

«Мне вельмі прыемна, што гэтая шчырая размова закончылася тым, што мы знайшлі поўнае паразуменне па асноўных пытаннях нашай сумеснай дзейнасці. Мне спадабаўся падыход прэзідэнта Расіі не толькі да абмеркавання праблем, але і да імкнення развязаць праблемы, што сабраліся», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?