На перамовах у Сочы 27 жніўня Лукашэнка зрабіў чаканую саступку: у прынцыпе згадзіўся падпісаць пагадненне аб КСАР АДКБ. Два прэзідэнты дамовіліся паскорыць стварэнне адзінай сістэмы супрацьпаветранай абароны. Мядзведзеў прыедзе ў Беларусь на манеўры «Захад-2009».

Такім чынам, найбольшы прагрэс — у мілітарнай сферы. А вось фінансава-эканамічныя вузлы развязаць не ўдалося.

Паводле расійскіх крыніц, беларускі госць нават не прасіў крэдыты. І малочна-газавыя болькі нібыта не чапалі. Праўда, сам Лукашэнка пастфактум аказаўся болей гаваркі. З яго слоў вынікае, што балючыя эканамічныя пытанні — нафта, газ, малако, пазыкі — усё ж абмяркоўваліся.

Іншая рэч, што паразуменне знайсці, відавочна, не пашэнціла. У выніку Мядзведзеў і Лукашэнка перакінулі гэтую праблематыку на ўрады. Загваздка ж у тым, што ўрадоўцы абедзвюх краін пастаянна ўпіраюцца лбамі менавіта ў нявырашанасць палітычных праблем. Зачараванае кола.

Расійскія крыніцы адмаўляюць, што на перамовах 27 жніўня дыскутавалася пытанне аб прызнанні Абхазіі з Паўднёвай Асеціяй. Мінскі аналітык Андрэй Фёдараў не верыць. Ён нагадвае, што напярэдадні маскоўская прэса нагнятала менавіта гэтае пытанне: час, маўляў, паставіць яго рубам. Прэм’ер Пуцін, закрануўшы гэтую тэму 26 жніўня, таксама празрыста намякнуў: мы, канечне, не ціснем, але ж Беларусь — саюзніца, якая атрымала багата дапамогі…

Выглядае на тое, што

Лукашэнка пайшоў на размен. Добра, маўляў, падпішам дамову пра КСАР (яна ж рамкавая і пакідае магчымасць цягнуць рызіну), але вы не прыстаўляйце нож да горла з тымі каўказскімі рэспублікамі.

У выніку і ваўкі сытыя, і козы цэлыя. Крамлю важна давесці да ладу сваё «антыНАТА». Захад жа ставіцца да гэтых гульняў (уключна з грандыёзнай восеньскай стралянінай на палігонах) паблажліва: Расія ўжо не тая. А вось непрызнанне Мінскам Абхазіі з Паўднёвай Асеціяй Еўропа ды Вашынгтон цэняць.

Гэта адчыняе новыя перспектывы ў супрацы з МВФ. Фонд неўпрыкмет стаў для Беларусі крэдыторам апошняй надзеі. Ён адшпільвае траншу за траншой, адрозна ад Расіі, спраўна, пад меншы працэнт і без палітычных умоў.

P.S. Са слоў Лукашэнкі, расійцы ў 2010 годзе адкрыюць нам крэдытную лінію на пабудову АЭС. Але тое яшчэ віламі па вадзе пісана. Зноў жа, невядомыя ўмовы. І нарэшце, гэтая будоўля стагоддзя пагражае яшчэ мацней прывязаць Беларусь да Расіі.

P.P.S. А тым часам літоўскія крыніцы паведамляюць, што Лукашэнка можа выбрацца 16 верасня ў Вільню на Беларускі эканамічны форум. Расія Расіяй, але акно ў Еўропу пакрысе прасякаецца.

Аляксандр Класкоўскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0