З 2010 года Расія адкрые крэдытую лінію на будаўніцтва АЭС у Беларусі. Пра гэта заявіў журналістам Аляксандр Лукашэнка пасля завяршэння перамоў з прэзідэнтам Расіі Дзмітрыем Мядзведзевым 27 жніўня ў Сочы, паведамляе прэс‑служба кіраўніка беларускай дзяржавы.

«Была дасягнута прынцыповая дамоўленасць, што Расійская Федэрацыя пракрэдытуе гэты праект. Цяпер узгадняецца канчатковая сума крэдыту, і мы дамовіліся, што ўжо з 2010 года Расія адкрые крэдытную лінію», — заявіў беларускі кіраўнік.

Паводле яго слоў, ужо ствараецца інфраструктура для атамнай электрастанцыі пад Астраўцом (Гродзенская вобласць).

«І з 1 студзеня 2010 года пойдзе паўнавартаснае будаўніцтва», — дадаў Лукашэнка.

Закранаючы іншыя пытанні ўзаемаадносінаў краін у энергетычнай сферы, прэзідэнт адзначыў, што бакі абмеркавалі пытанні пастаўкі расійскага газу. «У Беларусі не будзе праблем з разлікам за прыродны газ», — канстатаваў ён.

«Таксама мы абмяркоўвалі «малочныя праблемы», якія ў нас былі», — адзначыў Лукашэнка. Каб не ўзнікала такіх канфліктаў, паводле слоў прэзідэнта, «трэба складаць балансы паставак прадукцыі і адыходзіць ад квот». «Гэта не справа, што ў нашых адносінах з’яўляюцца нейкія квоты, пошліны і іншае. Мы ж мытны саюз фарміруем. Гэтых праблем быць не павінна», — лічыць ён.

Падчас перамоў бакі абмеркавалі шэраг іншых пытанняў. У прыватнасці, паведаміў Лукашэнка, аб мытнай пошліне на нафту, аб выдзяленні дзяржаўнага крэдыту, іншыя фінансавыя пытанні, а таксама рэалізацыю сумесных мер па пераадоленні наступстваў фінансава‑эканамічнага крызісу.

«Мы вызначыліся, што ў верасні нашы ўрады сядуць на стол перамоў і развяжуць гэтыя праблемныя вузлы. Мне паабяцаў гэта прэзідэнт Расіі. Таму даручэнні прэм’ер‑міністрам будуць дадзены сёння ж», — заявіў Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?