У палове дашкольных устаноў Беларусі напаўняльнасць груп перавышае ўстаноўлены нарматыў. Пра гэта паведаміла намеснік міністра адукацыі Таццяна Кавалёва 27 жніўня на калегіі Мінадукацыі ў Мінску.
Паводле яе слоў, групы ў садках перапоўненыя, нягледзячы на тое, што наяўная сетка дзіцячых садкоў у цэлым дазваляе забяспечыць усіх дзяцей дашкольным выхаваннем. Недахоп месцаў у дзіцячых садках адзначаны толькі ў некаторых новых мікрараёнах Мінска і іншых гарадоў. Так, напрыклад, у Міхалова (Маскоўскі раён Мінска) замест сямі неабходных дзіцячых садкоў пабудаваны адзін.
Пры гэтым Кавалёва звярнула ўвагу на адток работнікаў з дзіцячых садкоў.
На сёння ў дашкольных установах краіны налічваецца больш за 1 тыс. 300 вакансій, асабліва не хапае выхавальнікаў і кухараў. Гэта звязана з нізкай заработнай платай, лічыць намеснік міністра.
Паводле яе слоў, у перспектыве ў сістэме дашкольнай адукацыі будуць актыўна ўкараняцца новыя формы арганізацыі работы. У прыватнасці, дзеці змогуць атрымліваць дашкольную адукацыю дома або знаходзіцца ў дзіцячых садках больш кароткі тэрмін — ад дзвюх да сямі гадзін у дзень.
Паводле звестак Мінадукацыі, у Беларусі сёння працуе 4 тыс. 87 дашкольных устаноў, якія наведваюць 368 тыс. дзяцей — гэта на 3 тыс. больш, чым у 2008 годзе. У дашкольных установах працуе 50,6 тыс. педагогаў.