Прэм’ер‑міністр Сяргей Сідорскі запатрабаваў ад аграрыяў і вучоных павышэння ўраджайнасці цукровых буракоў у Беларусі да еўрапейскага ўзроўню. Як паведаміла прэс‑служба ўрада, пра гэта прэм’ер заявіў 27 жніўня падчас наведвання ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат».

Кіраўнік урада зазначыў, што за апошнія гады асобныя гаспадаркі краіны дабіліся ўраджайнасці цукровых буракоў у 500—560 ц/га. Аднак у Еўропе гэты паказчык дасягае 700 ц/га. «І нам трэба імкнуцца да гэтай планкі, спыняцца нельга. У нас ёсць зямля, тэхналогіі, трэба так вырошчваць буракі, каб атрымаць максімальную аддачу», — сказаў Сідорскі.

Ён указаў на неабходнасць новых навуковых ідэй па павышэнні цукрыстасці цукровых буракоў.

«Мы ўжо 2‑3 гады топчамся на месцы. У Еўропе выхад цукру з гектара ўдвая вышэйшы.

Калі па павышэнні ўраджайнасці зерня ў нас ёсць зрухі, то па бураках патрэбны новыя ідэі, новыя распрацоўкі вучоных», — падкрэсліў Сідорскі.

Сёлета ў Беларусі плануецца сабраць больш як 4 млн. т цукровых буракоў. Прэм’ер‑міністр зазначыў, што галоўная задача аграрыяў сёння — у сціслыя тэрмін ўбраць ураджай. «На сусветным рынку цана на цукар узрастае, ёсць перспектывы за кошт дададзенага кошту, экспартных паставак атрымліваць больш ад прадпрыемстваў гэтай галіны», — сказаў ён, зазначыўшы, што ў лік дзяржзаказу сёлета павінна быць пастаўлена 3,5 млн. т цукровых буракоў, неабходна вырабіць як мінімум 511 тыс. т цукру.

Аналізуючы рэканструкцыю і перааснашчэнне цукровых заводаў краіны за апошнія гады, кіраўнік урада зазначыў, што яна ідзе «дастаткова паспяхова». Сідорскі падкрэсліў, што прэзідэнт Беларусі прыняў рашэнне аб рэструктурызацыі некаторых даўгоў прадпрыемстваў, што дасць магчымасць перааснашчаць іх больш актыўна. «Сёлета мы фактычна выходзім на запланаваныя магутнасці па перапрацоўцы», — сказаў прэм’ер‑міністр. — Мы дабіваліся гэтага на працягу апошніх трох гадоў. Наступны этап — выхад на 6 млн. тон».

Прэм’ер‑міністр асаблівую ўвагу звярнуў на павышэнне цэн на цукар на сусветным рынку. «Мы не павінны ўпускаць гэтую магчымасць, стварайце новыя магутнасці, перапрацоўвайце, рабіце ўсё, каб аддаваць дзяржаве больш», — падкрэсліў ён.

Марына Носава, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0