Беларуская міліцыя аб’явіла ў міжнародны вышук крымінальнага аўтарытэта па мянушцы «Быца», які ўцёк з‑пад варты. Пра гэта «НН» паведамілі ў Слонімскім РАУСе.

Нагадаем, што 20 жніўня 40‑гадовага слонімца Сяргея Быцко везлі ў аўтазаку з Баранавічы ў Слонім, дзе над ім павінен быў адбыцца суд за хуліганства.

У ваколіцах Слоніма яго пакуль не ўдалося знайсці — праваахоўныя органы не выключаюць магчымасці таго, што за тыдзень ён мог выехаць ў Расію ці Украіну.

Сяргей Быцко неаднаразова судзімы. Да гэтага ён адсядзеў тэрміны за хуліганства, вымагальніцтва і захоўванне агнястрэльнай зброі. Упраўленне вышуку УУС Гродзенскага аблвыканкаму размясціла ва ўсіх грамадскіх месцах арыенціроўкі для вышуку ўцекача.

Прыкметы Сяргея Быцко: мужчына каржакаватага целаскладу, твар выцягнуты, скуласты, волас кароткі, светлы, рост 185 — 190 см. Асобыя прыкметы: на правым плячы татуіроўкі «павук і павуціна», левым плячы «пагон», на левай назе «крыжы і чэрапы», на правай назе «пагон і кінжал», на жываце шрам ад кулявога ранення, на спіне шрам 10 см. Быў апрануты ў чорныя спартыўныя штаны і чорную майку.

Міліцыя просіць усіх, каму стане вядома пра месцазнаходжанне гэтага чалавека, паведамляць па тэлефонах: у г. Гродна 8‑0152‑797372, Слоніме 8‑01562‑24402, або 102. Узнагароджанне і канфідэнцыяльнасць гарантуецца.

Дарэчы, гэта ўжо другі пабег з‑пад канвою за апошнія некалькі месяцаў. Беларуская міліцыя абвясціла таксама ў міждзяржаўны вышук злачынцу Сяргей Багдашова, які 29 траўня напаў на канваіра, забраў у яго табельны пісталет і уцёк з зала суда. Рэцыдывіста да гэтай пары не затрымалі.

Вольга Жарнасек

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0