Міжнародны валютны фонд заяўляе пра неабходнасць «значна скараціць дзяржаўнае ўмяшанне ў эканоміку Беларусі».
Пра гэта гаворыцца ў абнародаванай фондам 28 жніўня заключнай запісцы місіі МВФ, якая ў канцы жніўня праводзіла ў Мінску кансультацыі па артыкуле IV статута фонду.
У МВФ таксама заяўляюць пра неабходнасць скараціць да мінімуму цэнавы кантроль,з тым каб «цэнавыя сігналы маглі накіроўваць паток рэсурсаў і дапамагаць карэктаваць лішак і недахоп рэсурсаў у эканоміцы; таксама варта адмяніць большасць абмежаванняў па рознічных гандлёвых надбаўках у адпаведнасці з дамоўленасцямі, дасягнутымі паміж урадам і Сусветным банкам».
Эксперты фонду таксама лічаць неабходным правесці лібералізацыю заработнай платы,каб «узнагароджваць высокую прадукцыйнасць і развіваць рынак працы такім чынам, каб работнікі маглі пераходзіць на тыя працоўныя месцы, дзе яны могуць працаваць найбольш прадукцыйна».
МВФ таксама прапаноўвае беларускім уладам адмовіцца ад устанаўлення абавязковых для выканання колькасных мэтавых паказчыкаў на макраэканамічным узроўні і ўзроўні прадпрыемстваў, «бо кіраваць усё больш складанай эканомікай пры дапамозе цэнтральнага планавання становіцца ўсё цяжэй».
Банкаўскай сістэме варта дазволіць прымаць рашэнні аб крэдытаванні, зыходзячы з рэнтабельнасці і рызыкаў праектаў, а не браць пад увагу ўказанні або рэкамендацыі ўрада, падкрэсліваюць эксперты фонду.
У МВФ зазначаюць, што з’яўленне ў Беларусі моцнага прыватнага сектара таксама будзе надзвычай карысным для росту прадукцыйнасці. «Варта спрасціць умовы для стварэння новых прыватных прадпрыемстваў, бо вопыт іншых краін паказвае, што ствараныя прыватным сектарам працоўныя месцы могуць забяспечыць занятасць работнікаў, якіх звальняюць у выніку рэфармавання дзяржаўных прадпрыемстваў. Новыя прадпрыемствы могуць быць створаныя за кошт аддзялення частак наяўных дзяржаўных прадпрыемстваў», — гаворыцца ў дакуменце.
У сувязі з гэтым у МВФ рэкамендуюць і надалей скарачаць рэгулятыўную нагрузку на прыватны сектар і дапускаць больш высокую ступень гібкасці ва ўстанаўленні цэн, заработнай платы і гандлёвых надбавак. Зазначаецца, што пашырэнню прыватнага сектара будзе садзейнічаць рэфармаванне фінансавага сектара, што дапаможа пашырыць доступ прыватнага сектара да крэдытных рэсурсаў. Гэтыя перавагі могуць быць узмоцненыя за кошт удзелу замежных інвестараў.
У МВФ таксама чакаюць, што «амбіцыйная і празрыстая праграма прыватызацыі, якая будзе адкрыта для замежных інвестараў», дапаможа прыцягнуць у Беларусь капітал, тэхналогіі і навыкі ў сферы кіравання і маркетынгу.
У спалучэнні з высокай якасцю і больш эфектыўнай матывацыяй працоўных рэсурсаў гэта абяцае істотна павысіць сукупную прадукцыйнасць фактараў вытворчасці. Замежныя інвестыцыі таксама могуць дапамагчы дыверсіфікаваць вытворчую базу і экспартныя рынкі Беларусі і распаўсюдзіць добрую практыку вядзення бізнесу на астатнюю частку эканомікі.
Для прыцягнення як замежных, гэтак і айчынных інвестараў умовы, што ўстанаўліваюцца для новых інвестыцый, у тым ліку і патрабаванне аб захаванні наяўнай колькасці работнікаў і сеткі заработнай платы, неабходна скараціць, падкрэсліваецца ў дакуменце. У МВФ разлічваюць, што працэс прыцягнення інвестараў будзе стымуляваны пасля прыняцця сучаснага закона аб прыватызацыі і стварэння агенцтва па прыватызацыі, упаўнаважанага ажыццяўляць падрыхтоўку прадпрыемстваў да прыватызацыі, якое мае права наймаць прафесіяналаў на рынку для падтрымання гэтага працэсу.
«Прыватызацыя некалькіх прадпрыемстваў шляхам адкрытага празрыстага і канкурэнтнага тэндэра ў пачатку наступнага года дапамагла б прадэманстраваць цвёрдасць намераў урада і садзейнічала б развіццю патэнцыялу», — падкрэсліваюць эксперты МВФ.