Прынята лічыць, што летнія блокбастэры не прызначаныя для таго, каб напружваць мозг ці каб выхоўваць гледача, а ужо каб навучыць яго чаму-небудзь – таго няма зусім. Як сказаць, як сказаць… Калі сам глядач хоча пачаць здыманне падобных фільмаў, дык хіты апошніх месяцаў — выдатны вучэбны матэрыял, цудоўны дапаможнік для карыстальніка, як хутка і эфектыўна зрабіць на кінематографе касу.

Паглядзеўшы «Паходжанне Людзей-Х: Расамаха», «Тэрмінатар-4: Хай прыйдзе Збаўца», «Гары Потэр і прынц-мяшанец», «Трансформеры-2: Помста праклятых», «Зорны Шлях»,

мы ўфармавалі 7 правілаў, якіх трэба пільнавацца, каб зрабіць паспяховы трымценнік, баявік ці прыгодніцкую стужку.
Ад таго, як найшыкоўней назваць сваю эпапею і да таго, як не памыліцца з касцюмамі для галоўных герояў.

Матор-паехалі:

Правіла 1: «Трымайся брэнда, дурань!»

У Галівудзе ўжо даўно і крэпка ўцямілі, што не варта выпрабоўваць гледача новымі гісторыямі і героямі, бо засталося яшчэ тое, што раней было - апрабаваны вярняк: цэлы спіс ужо выштукаваных брэндаў: цацак, кніг-бестсэлераў, тэлесерыялаў, коміксаў, якія можна пабраць шлюбам з Галівудам.


Спярша была кніга...

А калі вы нават натрапілі на ўжо «жанаты» брэнд — не засмучайцеся: заўжды можна зрабіць клона, то бок працяг. І хай усе героі папярэдніх серыяў адмаўляюцца зняцца ў вас (рэверанс у бок непадкупных Шварцэнэгера і К), іхнія целы можна ж лічбаваць! Аста-ла-віста, бэйбі!

Дарэчы, ці ведаеце вы, што неўзабаве будзе здымацца поўнаметражная стужка па матывах канструктара Lego: дацкая цацачная фірма ўжо прадала правы «Братам Уорнерам»? Мы ў чаканні напружанага сюжэта з удзелам пластыкавых кубікаў...

Правіла №2: «Сцэнарыст, не выдумляйся!»

Забудзьце ўсё, чаму вас вучылі ў школах сцэнарыстаў: выгіны сюжэту, нечаканыя хады, неадназначныя характары — усё лухта непадсяваная!
У (сё)летніх касаробах гэта не цэніцца. Мы тут для прыцягвання малюнкаў з Лінкальнамі і Вашынгтонамі, а не для прыдбання статуэтак Оскара. Сюжэт такі:
мы харошыя, яны — варожыя, верым, можам, пераможам!

Правіла №3: «Узарві планету Зямля!»


кадр з фільма "2012"

Вельмі важнае правіла:

усё, што можа на нашай матухне выбухнуць, затануць ці згарэць — павінна выбухнуць, затануць
і г.д. Чым бліжэй да канца свету, тым лепей. А калі вы здолелі ўключыць нешта манументальнае ў спіс разбуранага (як то Ватыканскі сабор у маючым выйсці навосень фільме «2012») — цаны вам, неафіце, не будзе. Паглядзіце, нават у бяскрыўднай камедыі для малодшага школьнага узросту «Ноч у музеі — 2» рэжысёр Шон Леві адшукаў пару цаляў у метражы для падрыву макетнай Вавілонскай вежы і папяровага Калізею.

Правіла №4: «Галоўнае—ногі!»


Мэган Фокс

Не забывайце:

на нашым прыцэле заклапочаныя маладзёны, якія цэняць не толькі змест, але і формы.
Спытайце ў Мэган Фокс з «Трансформераў» — яна пабудавала на гэтым кар'еру.

Правіла №5: «Галоўнае—кіпцюры!»


Г'ю Джэкман - чалавек-Х
Жанчыны — важна, але кадр мусіць таксама ўганараваць сваёй прысутнасцю мужчына, мужык, мэн, які ідзе па сцяжыне вайны моў па праспекце, а наўкола ўсё выбухае
і разлятаецца на эфектныя друзачкі. Калі трэба, дык ён зможа паказаць ворагам кіпцюры і мець на ўсякую бяду ў кішэні сваёй скуранкі правы катэгорыі А, В, С, D, а таксама Ж і З (права на кіраванне сокавыціскалкай «Журавінка» і фотаапаратам «Зоркий»).

Правіла №6: «Металік — гэта новы чорны!»


кадр з фільму «Тэрмінатар-4»

Ат, не важна, як вы апранеце сваіх герояў, галоўнае, дбайце, каб іхняя вопратка адлівала металам. Галівудскія моднікі і модніцы! Вы ж не хочаце выглядаць, як старэча Індыяна Джонс разам са сваім наіўным «Каралеўствам крышталёвага чэрапа», што адзеты ў клятчастую кашулю бадзякі с дапатопнай калекцыі «Лета-восень дзве тышчы-восем»?! Гляньце нарэшце вы на Сэма Уортынгтана з сёлетняга «Тэрмінатара»: гэты мацёры метрасэксуал (дакладней, металасэксуал) апранае жалеззе нават пад скуру.

Правіла№7:

Фільм павінны называцца вельмі доўга, і складана, і блытана, і трошкі па-біблійнаму, і крыху па-апакапаліптычнаму, і загадкава-прызагадкава.
Прыклад: «Гары Транспортэр — 7: Хай прыйдзе збаўца і збавіць нас ад Гары». Не забываемся: мінімум — 5 словаў і абавязковае двухкроп'е…

Знята!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?