Адзін з жончыных франдоў упэўнены ў тым, што МАЛАСОЛЬНЫЯ АГУРКІ ў Заходняй Эўропе невядомыя. Абдзеленыя бедныя заходнеэўрапейцы гэтым дэлікатэсам, лічыць ён і з гонарам апісвае спрадвечны беларускі хрумст.

Гастранацыяналістаў, ахвяраў стэрэатыпаў такога кшталту, разьвялося ў сеціве багата. Задаволена прычвяківаючы і шчасьліва парыгваючы, гастранацыяналіст думае, што сала, часнык, агуркі, капуста, піханая пальцам і крывяная каўбаса, марынаваныя грыбы і г. д. у Эўразьвязе забароненыя, а рэцэпты спаленыя брусэльскай інквізыцыяй. За сваім спрадвечным хрумстам неяк ня чуеш, што ядуць суседзі. Ды й ня хочацца чуць. Прыемней уяўляць сабе Эўропу як суцэльную Е666. А сябе - як апошні аплот і прытулак нездаровай смачнай ежы проста з улоньня прыроды.

Між тым, такія агуркі тут лічацца ледзь не нацыянальнай стравай. Падчас народных фэстаў іх прадаюць, вылоўліваючы проста з бочак. Тут ёсьць смачнае сала і вяндліна, і вясковая каўбаса, і самагон, і шмат чаго яшчэ таго, на што моляцца беларускія гастранацыяналісты. А беларускага хрумсту з Заходняй Эўропы неяк не чуваць.

Гамбург - горад заходні. Нашмат больш заходні за, прыкладам, Бэрлін. А ежа, вядома ж, справа густу. Але калі ўсё ж паддацца гастранацыяналістам, забыцца на расейскія крамы і сутыкнуць лоб у лоб беларускую і гамбургскую ежу, то ў выніку будзе, хутчэй за ўсё, нічыя.

Маленькая ванітоўная оргія. На мой погляд:

Тут нясмачны, у параўнаньні зь беларускім, маянэз, затое значна смачнейшыя пяльмені.

Тут цудоўныя сасіскі, зь беларускімі не параўнаць — затое тут не ядуць курэй, адных пеўняў, а ў пеўня ня той смак.

Тутэйшыя шынка ды вяндліна б’юць беларускія - затое ў Беларусі ёсьць глазураваныя сыркі, а тут няма.

Тут абсалютна вундэрбар марозіва, любое, у любой краме, у любой айсдыле - а ў Менску на вакзале ёсьць чабурэкі, смажні, піражкі зь мясам.

Тут гарэлка лепшая, чысьцейшая, мякчэйшая - але ў ёй 37,5, а павінна быць сорак, як у Беларусі.

Тут ёсьць сапраўдны высакародны марцыпан - а ў Беларусі нарачанскі хлеб, найлепшы, як на маю думку, чорны хлеб усіх краін і народаў.
У параўнаньні з тутэйшымі макаронамі беларускія - бледныя прэсныя сьлізні, затое ў Беларусі можна без праблем набыць грэчку.

Тут добрая сьмятана - а ў Беларусі вельмі добрая. Тут, праўда, дранікі ядуць зь яблычным сочывам, чаго я асабіста не разумею.

Тут перад ратушай прадаюць каўбаскі кары і наліваюць глінтвэйн - а ў Менску перад Домам ураду стаіць нясьвежы Ленін і нічога не налівае.
Тут з ранку да вечара сьвежыя булачкі ў неверагодным асартымэнце - затое няма лясных ягадаў, адно садовыя.

Тут лепшае піва - там затое ёсьць квас, якім тут і ня пахне. У «Бульбяной» на праспэкце Скарыны нават імбірны.

Тут на кожнай вуліцы - закусачныя з самай разнастайнай кухняй: пераважна, праўда, італьянскай, турэцкай, віетнамскай, грэцкай і партугальскай, а ў Беларусі кухня пераважна беларуская. І я яе люблю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?