Сёння ў Магілёве адбылася сустрэча лідэра аб’яднаных дэмакратычных сіл Аляксандра Мілінкевіча з палітзняволеным Артурам Фінькевічам. Сустрэча праходзіла на тэрыторыі камендатуры, дзе адбывае пакаранне актывіст, бо па невядомых прычынах сёння яго не выпусцілі на працу. На працягу ўсёй размовы Аляксандра Мілінкевіча з палітзняволеным прысутнічаў начальнік папраўчай установы, падпалкоўнік міліцыі Аляксандра Ламаза.

Падчас сустрэчы Аляксандр Мілінкевіч выказаў маральную падтрымку Артуру Фінькевічу і сказаў, што ён салідарны з хлопцам і яго сям’ёй: Я ганаруся, што ў нас ёсць такая моладзь, якая змагаецца за незалежнасць і дабрабыт нашай краіны, нягледзячы на жорсткія рэпрэсіі збоку ўлады. Гэтыя людзі аддалі сваю свабоду дзеля нашай агульнай мэты – свабоднай, дэмакратычнай, незалежнай Беларусі.

Артур Фінькевіч адзначыў, што гэты візіт з’яўляецца для яго надзвычай важным, бо паказвае салідарнасць з яго ўчынкамі і ёсць ацэнкай ягонай дзейнасці на карысць пабудовы незалежнай дэмакратычнай Беларусі.

Перад сустрэчай Артуру Фінькевічу ўлады забаранілі даваць любыя каментары пра яго побыт і жыццё ў папраўчай установе. Палітзняволены можа рабіць гэта толькі з дазволу кіраўніка УУС Магілёўскага аблвыканкама.

Прэс-служба А.Мілінкевіча

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0