30.08.2009 / 14:36

Хімера сумлення

Як і семдзесят гадоў таму, да ўсяго, што адбываецца на постсавецкай прасторы – ад Беларусі да Узбекістана, Захад падыходзіць крыху інакш, чым да падзеяў у сябе. Піша Віталь Тарас.

Некалькі грамадскіх актывістаў, палітыкаў і журналістаў з Беларусі наведалі нядаўна мемарыял Катынь у Смаленскай вобласці, дзе ўсклалі кветкі да брацкай магілы афіцэраў Польскага войска, расстраляных НКУС у 1940 годзе. Сярод іх былі, вядома, і беларусы.

На жаль, мне не давялося ў сілу абставінаў туды паехаць. На мой суб’ектыўны погляд, гэта было адзінае годнае дзеянне: словаў хапала ў сувязі з 70-й гадавінай Пакта Молатава-Рыбентропа і пачатку Другой сусветнай вайны.

Насуперак логіцы

Словы, безумоўна, таксама ёсць справай. Але толькі ў тым выпадку, калі цябе гатовы слухаць. Парадокс у тым, што сам факт падпісання пакту паміж Гітлерам і Сталіным (Молатаў і Рыбентроп былі ўсяго толькі выканаўцамі іх волі) ніхто ніколі не аспрэчваў. Дакументы, улучна з «сакрэтнымі пратаколамі» і картай падзелу Цэнтральнай Еўропы з пазнакамі Сталіна, апублікаваны. З’езд народных дэпутатаў СССР у 1989-м годзе прызнаў гэтыя дакументы ганебнымі і «юрыдычна мізэрнымі» ад моманту іх падпісання.

Але нават калі б мы ведалі толькі пра «Пакт аб ненападзе», як нас вучылі ў школе, станоўча ацэньваць яго не выпадае проста з гледзішча логікі. Пакт адсунуў напад Германіі на СССР, прынес яму стратэгічную выгаду, даў магчымасць лепш падрыхтавацца да вайны? Але як тады быць з «вераломным і несправакаваным» нападам гітлераўскіх войск «на ўсім працягу савецка-германскай мяжы? Усталяванай, дарэчы, менавіта ў выніку пакту. Як быць з тым, што немцы ўжо на шосты дзень вайны занялі Мінск? А можа быць, увогуле не было 1941-га году, разгрому савецкіх войск, мільёнаў савецкіх палонных?

І нарэшце, чаму геніяльны Сталін, які супрацьстаяў «гнілому» Захаду, ніколі не давяраў яму, увосені 41-га вымушаны быў пачаць перамовы з Чэрчылем, а потым і ўвайсці ў склад антыгітлераўскай кааліцыі разам з ненавіснымі Англіяй і ЗША?

Разумных аргументаў у адказ на гэтыя пытанні няма – ёсць толькі злоба і адпрэчванне фактаў. Альбо іх «інтэрпрэтацыя». Каб пераканацца ў гэтым, дастакова пачытаць некаторыя «каментары» на тэму вайны на сайтах беларускай альбо расейскай Свабоды. Ці пачытаць блог Зімоўскага, які дастае з глыбокіх калашын савецкай прапаганды казку пра «вызвольны паход Чырвонай Арміі» і ўз’яднанне Беларусі. Калектывізацыя, русіфікацыя, рэпрэсіі супраць заходнебеларускага сялянства, інтэлігенцыі, святарства і нават супраць КПЗБ, зразумела, апускаюцца як неістотныя дэталі.

Памяць vs сублімацыя агрэсіі

А ўсё такі, гаварыць на гэтую тэму варта. І не для таго, каб пераканаць у чымсці сучасных адэптаў сталінізму.

Важную думку, на мой погляд, выказаў гісторык, сябра маскоўскага «Мемарыяла» Мікіта Пятроў. Ён звярнуў увагу, што ў рэзалюцыі Парламенцкай асамблеі АБСЕ адносна даты 23 жніўня гаворка – не пра параўнанне сталінізму і фашызму. Яна тычыцца не ідэалогій, аб якіх можна дыскутаваць. Рэзалюцыя ўсталёўвае Дзень памяці ахвяраў абедзьвюх таталітарных сістэм. А гэта і беларусы, і палякі, і расейцы, і ўкраінцы, і грамадзяне краін Балтыі, і немцы, і яўрэі – мільёны загіблых у Другой сусветнай вайне.

Каб гэтага не разумець, трэба, як раіў Гітлер, «пазбавіцца хімеры сумлення». Яго парадзе следуюць усялякага роду нарачніцкія, праханавы і шаўчэнкі. Яны зусім не прагнуць, між іншым, загінуць у барацьбе за ідэі Сталіна, бо неблага ўладкаваліся ў посттаталітарным грамадстве, ды й надта высока цэняць свае персоны, каб ахвяраваць сабой. І самі забіваць яны нікога не будуць. Прынамсі, да пары. Іх «патрыятычныя» крыкі – гэта сублімацыя агрэсіі і нянавісці, спароджаных комплексам няпоўнай вартасці.

Недаацэньваць моц гэтага спаталення нянавісці і самаасляплення не варта, гэтак жа, як і чалавечай абыякавасці. Яны звернуты не толькі ў мінулае.

Беслан і гісторыя

70-я гадавіна пачатку Другой сусветнай вайны 1 верасня супадае з пятай гадавінай трагедыі ў Беслане. І тая, і другая даты наўрад ці будуць адзначацца на высокім афіцыйным узроўні ў Расеі ці ў Беларусі. Праўда, Пуціну, які заявіў некалі, што з размовамі пра Пакт Молатава – Рыбентропа трэба скончыць, магчыма, не ўдасца пазбегнуць непрыемных пытанняў падчас сваёй сустрэчы ў Гданьску з Ангелай Меркель і Дональдам Тускам [кіраўнікі ўрадаў Германіі і Польшчы].

Але наўрад ці заходнія палітыкі або журналісты згадаюць трагедыю Беслана. Гэтую тэму, як і нядаўні «вызвольны паход» Расеі ў Грузіі імкнуцца лішні раз не варушыць. Не дыскутуецца ў заходнім грамадстве і тэма Пакту Молатава – Рыбентропа, бо яго гістарычная ацэнка падаецца відавочнай, а таму неактуальнай. Відавочнымі для еўрапейскай супольнасці падаюцца і вынікі войнаў у Чачні, прыходу да ўлады Рамзана Кадырава. Але тая самая парламенцкая асамблея АБСЕ даўно перастала дамагацца рэзалюцый у пытанні правоў чалавека на Паўночным Каўказе, каб не дражніць Маскву.

Хто вінаваты ў захопе больш як тысячы закладнікаў у бесланскай школе і гібелі амаль 350 з іх (палову ахвяраў склалі дзеці)? Ясна хто – чачэнскія тэрарысты-смяротнікі, якія захапілі школу. За адсутнасць належных захадаў у бяспецы, што зрабіла магчымым захоп школы, за штурм яе з выкарыстаннем танкаў, гранатамётаў і агнямётаў, за тапорныя дзеянні федэральных служб ніхто, зразумела, адказнасці не нясе. (Як і ў выпадку з «Норд-Остам».) І ўвогуле, лепей пераключыць увагу грамадства на грузінскі «генацыд у Паўднёвай Асеціі, ды на ўкраінскіх нацыяналістаў, якія, нібыта, ваявалі на баку Грузіі.

Амаль нікога ўжо не цікавяць «Мацяркі Беслана» – грамадства пакінула іх сам-насам з іх нязбыўнай трагедыяй. Апошняя надзея няшчасных мацярок была на авантурыста Грабавога, які абяцаў за грошы ўваскрасіць дзяцей з мёртвых. За што трапіў за краты. Ён гандляваў надзеяй на цуд. А дзяржава, хіба, займаецца, не тым самым? Пры выпадку яна яшчэ і гандлюецца, каб менш плаціць кампенсацый сем’ям загінулых.

Беларусы не ў пашане

Як і семдзесят гадоў таму, да ўсяго, што адбываецца на постсавецкай прасторы – ад Беларусі да Узбекістана, Захад падыходзіць крыху інакш, чым да падзеяў у сябе.

Некалі Алесь Адамовіч, якому не аднойчы ў 1970-80-я гады даводзілася дыскутаваць з немцамі на тэмы вайны, распавядаў, як некаторыя з іх для сябе тлумачылі, чаму беларусы альбо расейцы змаглі выжыць у неверагодна цяжкіх умовах вайны – у партызанах альбо ў блакадным Ленінградзе. На іх думку, славяне ўвогуле недастакова цывілізаваныя, у іх прымітыўны духоўны свет – таму, маўляў, лягчэй пераносяць голад і пакуты. Ну, а яўрэяў, вядома, немцы ўвогуле за людзей не лічылі.

Між іншым, музеі і выставы, прысвечаныя Халакоста, злачынствам СС і Вермахта ў Другой сусветнай пачалі з’яўляцца ў Германіі адносна нядаўна – у 1990-я. І гэта ў краіне, дзе адбыўся Нюрнберг і ў якой нацызм афіцыйна быў прызнаны злачыннай ідэалогіяй. Што ж патрабаваць ад Беларусі, якая лічыць сябе пераможцай, разам з Расеяй, у вайне СССР з Германіяй? Яна згодна з гонарам пахаваць расейскіх салдат, што загінулі на яе тэрыторыі ў Першую сусветную, але ўсё яшчэ адмаўляе ў прыстойным даглядзе за могілкамі салдат вермахта, ці ва ўшанаванні памяці палякаў-акаўцаў. Ды чаго хацець, калі кіраўніцтва РБ дагэтуль адмаўляе ў пашане да беларусаў – ахвяраў сталіншчыны.

Добра, што беларусы могуць паехаць у Катынь, ускласці там кветкі да парэшткаў сваіх суайчыннікаў. Дрэнна, што ў Беларусі прыйсці ў Курапаты – усё яшчэ прыкмета апазіцыйнасці, нелаяльнасці ўладзе, акт грамадзянскай мужнасці. Зрэшты, не кожны беларус наведвае сёння і магілы сваіх продкаў. Хоць магілы тых, хто загінуў у мінулай вайне альбо ваяваў на ёй – яшчэ зусім свежыя.

Віталь Тарас

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру