Еўрапейскі саюз у межах Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва «Польшча — Беларусь — Украіна» будзе фінансаваць 90% выдаткаў на новае абсталяванне бальніц ў Беластоку. Умова толькі адна — пагадненне з установамі, якія дзейнічаюць у Беларусі, паведамляе польскі партал Rynek Zdrowia.
На фінансаванне прэтэндуе Цэнтр анкалогіі і бальніца ім. Яна Снядэцкага ў Беластоку. У сярэдзіне верасня ў сталіцу Падляшша прыедзе беларуская дэлегацыя: з Беластоцкім цэнтрам анкалогіі хоча супрацоўнічаць адна з гродзенскіх бальніц. Фінансавыя сродкі, атрыманыя ад ЕС, пойдуць на рэканструкцыю і мадэрнізацыю бальнічных памяшканняў.