Сёння, 26 ліпеня, у Кастрычніцкім судзе Віцебска будзе разглядацца зыск да мясцовай недзяржаўнай газеты «Витебский курьер М». З заявай аб абароне гонару і дзелавой рэпутацыі да газеты звярнуўся віцяблянін Аляксандр Данілаў.
Прычына -- артыкул у нумары ад 14 красавіка 2006 года «Плошча Свабоды для вузкага кола асоб», ў якім аўтар выказвае меркаванне, што рашэнне гарвыканкама аб адводзе зямельнага ўчастка грамадзяніну А. Данілаву для будаўніцтва Цэнтра моладзевага адпачынку скараспелае і прынятае насуперак закону: «Ні публічнага конкурсу праекта, ні тэндэру сярод падрадчыкаў. Усё неяк цішком, загадкава».
Ісцец лічыць, што аўтар артыкула наўмысна праводзіць думку аб тым, што ён (А.Данілаў) насуперак патрабаванням закону, выкарыстоўваючы сваяцкія сувязі і асабістае знаёмства са старшынёй гарвыканкама, незаконна атрымаў рашэнне аб адводзе зямлі для будаўніцтва Цэнтра на месцы, дзе раней знаходзіўся кафедральны сабор Св. Мікалая.
А.Данілаў сцвярджае ў зыску, што гэтыя звесткі не адпавядаюць рэчаіснасці, а тон артыкула і рубрыкі «Скандал», у якой ён размешчаны, зневажаюць яго гонар і дзелавую рэпутацыю. Ён патрабуе абвергнуць інфармацыю, а свой маральны ўрон ацэньвае ў 30 мільёнаў рублёў.
Прэс-служба ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў»