Семдзесят год таму на Гродна ўпалі першыя нямецкія бомбы.

 1 верасня 1939 г. Нямецкія войскі пераходзяць мяжу з Польшчай.

1 верасня 1939 г. Нямецкія войскі пераходзяць мяжу з Польшчай.

70 год таму, а 4.45 ранку, з нападу на польскую вайсковую базу Вестэрплятэ пад Гданьскам пачалася Другая сусветная вайна. Адразу пасля нападу на польскі гарнізон Вестэрплятэ Германія пачала наступ па ўсёй лініі польска-нямецкай мяжы. Саюзнікам Германіі выступіла спачатку Славаччына, а потым і СССР.

Пачаліся бамбардаванні польскіх гарадоў, у тым ліку і заходнебеларускіх. Негледзячы на гераічнае супраціўленне, польская армія была хутка дэмаралізавана і перастала існаваць. Ужо пры канцы верасня 1939 года Германія і СССР усталявалі супольную мяжу.

Дата 1 верасня 1939 году прызнаная за пачатак вайны ва ўсім свеце. І толькі на тэрыторыі былога СССР прынята трымаць дыстанцыю. Маўляў, мы маем сваю вайну — Вялікую Айчынную. Для беларусаў гэта зусім не так. Нашы суайчыннікі ўдзельнічалі ў абароне Польшчы, нашыя гарады бамбіла нямецкая авіацыя.

Для заходніх беларусаў Другая сусветная прынесла змену польскай акупацыі на савецкую, нямецкую, пасля зноў савецкую.

Другая сусветная стала адной з самых разбуральных у гісторыі Беларусі. Па колькасці прынесеных ахвяраў з ёй параўноўваецца толькі вайна з Расіяй і Швецыяй сярэдзіны XVII стагоддзя. Вайна прынесла гора ў кожную беларускую сям'ю. Нацысты меркавалі часткова вынішчыць голадам, а часткова — выцесніць у Сібір славянскае насельніцтва, каб вызваліць «жыццёвую прастору» для германцаў. Асабліва пацярпелі беларускія габрэі і цыганы, якіх нацысты пастанавілі вынішчыць цалкам. Гэта было злачыннае шаленства, роўнага якому гісторыя ХХ стагоддзя не ведала.

Траўма вайны прымусіла еўрапейцаў збудаваць новую сістэму адносінаў — Еўрапейскі Саюз. Дзякуючы яму, еўрапейцы пражылі вось ужо 65 гадоў мірна.

Алесь Пілецкі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0