44 чалавекі атрымалі адміністрацыйнае пакаранне за ўдзел у масавай бойцы, што адбылася днём 30 жніўня на вуліцы Скарыны ў Мінску, каля Дома міласэрнасці. Усе адміністрацыйныя справы разглядаліся ў судзе Першамайскага раёна.

Як паведамілі БелаПАН у судзе, удзельнікам масавай бойкі прызначаны пакаранні ў выглядзе штрафу ад 3 да 25 базавых велічынь, адміністрацыйнага арышту на тэрмін ад двух да сямі сутак. Колькі чалавек пакараны, а таксама які ўзрост правапарушальнікаў, не паведамляецца.

Як раней перадаваў БелаПАН, органы ўнутраных спраў высвятляюць, што паслужыла падставай для масавай бойкі. Інфармацыя аб здарэнні паступіла на спецлінію 102 прыкладна ў 15.00. Біліся прыблізна 80 чалавек, прыкладна палова з іх, як затым высветлілася, былі не мінчане.

За ўдзел у бойцы было затрымана больш за 50 чалавек. У дачыненні да іх складзены адміністрацыйныя пратаколы за дробнае хуліганства. Непаўналетнія былі перададзены бацькам, паўналетнія — змешчаны ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС. У бальніцы паступіла прыблізна 10 чалавек.

Марына Носава, Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0