01.09.2009 / 15:10

Вестэрплятэ і «Лінія Сталіна»: розныя вымярэнні 8

У Польшчы Пуцін заступіўся за Лукашэнку. Піша ў сваім блогу на НН Аляксандр Класкоўскі.

Пры канцы 60-х мы, малодшыя школьнікі, кідалі ўсе вулічныя гульні, калі па тэліку пачыналася чарговая частка польскага серыялу «Чатыры танкісты і сабака». Стужка выгадна адрознівалася ад тагачаснай савецкай кінапрадукцыі пра вайну — пафаснай, цяжкавагавай — гумарам ды зухаватай авантурнасцю. Тады я пачуў незнаёмае слова — Вестэрплятэ.

Гэта быў недагляд савецкіх цэнзараў. Нам жа ўбівалі, што «тая» вайна пачалася 22 чэрвеня 1941 года. Мы, юныя піянеры, назубок ведалі герояў Брэсцкай крэпасці, а вось пра герояў Вестэрплятэ чулі ўпершыню. Айчынная вайна пісалася з вялікай літары, а другая сусветная — з малой.

На досвітку 1 верасня 2009 года на паўвостраве Вестэрплятэ ля Гданьска пачаліся мерапрыемствы да 70-годдзя пачатку Другой сусветнай вайны. У Польшчу зляцеліся дэлегацыі з трох дзясяткаў краін Еўропы. Выбраўся і беларускі прэм’ер Сяргей Сідорскі. Мінск, як бачым, накіраваў на ідэалагічныя мерапрыемствы «крэпкага хазяйственніка».

Прамова польскага прэзідэнта Качыньскага на Вестэрплятэ аказалася жорсткай. Масавы расстрэл польскіх афіцэраў у катынскім лесе пад Смаленскам ён параўнаў з Халакостам. І назваў ударам у спіну наступ Чырвонай Арміі з усходу, які пачаўся 17 верасня 1939 года, калі польскае войска, сыходзячы крывёю, стрымлівала нацыстаў на захадзе.

Карацей, Пуціну ёсць ад чаго паморшчыцца. Паводле заходніх крыніц, у Маскве ўзважвалі, ці варта яму ляцець у Польшчу на ўгодкі пачатку Другой сусветнай. Вырашылі, відаць, што адсутнасць будзе на руку непрыяцелям. Меркель, маўляў, прыляцела, а яго няма.

Між тым Лукашэнка паспеў яшчэ раней упікнуць расійскага прэм’ера, што той «у абдымку з Германіяй ходзіць». Пасаж разлічаны на простага чалавека ў Расіі ды Беларусі, грае на канатацыі «Германія — фашызм — Гітлер».

Зрэшты, што да «перараджэння» расійскай кіроўнай эліты (маўляў, братаецца з гістарычнымі ворагамі!), то можна гэтак не пераймацца. «Броня крепка». У той час як немцы каюцца за гітлерызм, Крэмль трымаецца за сталінісцкі варыянт гісторыі. Стварыў нават адмысловую камісію дзеля барацьбы з «фальсіфікацыямі».

У гэтым сэнсе крамлёўскія і лукашэнкаўскія ідэолагі — аднаго поля ягады. Беларуская ўлада нават далей пайшла, блаславіўшы «Лінію Сталіна».

Алё іронія лёсу ў тым, што менавіта беларускую ўладу прэсінг Крамля змушае зараз тэрмінова шукаць паразумення з Еўропай. І не хто іншы, як кіраўнік Лукашэнкавай адміністрацыі калі не ходзіць у абдымку, то, ва ўсякім разе, усё часцей вядзе зацікаўленыя гутаркі, у прыватнасці, з тымі ж немцамі, балазе моўнага бар’еру няма.

Між іншым, менавіта Берлін зрабіў ці не найболей, каб ЕС ад ізаляцыі перайшоў да «прагматычнага дыялогу» з Мінскам.

Так ці іначай, сёння рыторыка беларускага начальства — дэ-факта праеўрапейская. Мы — сэрца Еўропы, а як жа без нас — і ўсё такое.

Але рыторыка застанецца фальшывай, пакуль у сэрцы Еўропы стрэмкай будзе сядзець «Лінія Сталіна». У шырокім сэнсе — ад замшэлых праімперскіх падручнікаў, якія падсоўваюць юнаму пакаленню ў рэчышчы дрымучай «школьнай рэформы», да сентэнцый, што еўрапейскія стандарты пасуюць толькі нашым свінням, а вось тутэйшаму люду — шкодныя.

Лукашэнку, дарэчы, самы час забіраць назад крыўдныя словы пра Пуціна. У польскім Сопаце расійскі прэм’ер плескануў бальзаму на душу.

На пытанне, чаму Масква падтрымлівае Лукашэнку з ягонай рэпутацыяй дыктатара, Пуцін не міргнуўшы вокам адказаў: «Мы заўжды працуем з дзейнай уладай і не падтрымліваем антыканстытуцыйныя працэсы… Лукашэнка абраны прамым патаемным галасаваннем беларускага народу».

Вось і чубяцца Крэмль з Лукашэнкам, але ж якое кранальнае адзінства што да разумення «дэмакратыі па паняціям»!

Фальш у дэталях вядзе да татальнага фальшу. 70 гадоў таму палякі сапраўды гераічна біліся на Вестэрплятэ. «Лінію Сталіна» высмакталі з пальца. Сёння на Вестэрплятэ гучаць жорсткія прамовы, без якіх, аднак, немагчымыя ачышчэнне ды прымірэнне. «Лінія Сталіна» доўжыць эпоху фальшы.

Аляксандр Класкоўскі.

0
Кнехт / Адказаць
01.09.2009 / 21:00
ЛІНІЯ СТАЛІНА - МАЗАІЧНАГА МОЗГУ ЗВІЛІНА У Беларусі жыццё, насамрэч, аскацінена - даглядаем усе скаціну дзеля "яды". "Лінія Сталіна" - мазаічнага мозгу звіліна - ад СССР да Навінак (праз Дразды).
0
Вінцук / Адказаць
01.09.2009 / 23:27
А па мне- няхай будзе тая "Лінія Сталіна", няхай возяць туды турыстаў ды расказваюць ім пра тую вайну. Упэўнены, што экскурсаводам ёсць што расказаць пра вайну, і іх аповеды не абмяжоўваюцца размовамі пра гераічную "лінію Сталіна" . Ну а назва- будзем лічыць, што гэта прыманка для замежных турыстаў. Беларусы павінны быць прагматыкамі, як і іх еўрапейскія суседзі. Ато зараз дойдзем да высновы: стварылі лінію Сталіна, а за ім ўсталююць сталінскі рэжым.
0
Крывіч / Адказаць
02.09.2009 / 01:26
Кропка бачаньня беларускіх палітуцекачоў на сітуацыю тут http://www.bielarus.eu/?q=node/374
Паказаць усе каментары/ 8 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру