У Брэсце затрыманыя шасцёра ўдзельнікаў акцыі, прымеркаванай да 70-годдзя пачатку Другой сусветнай вайны.

Як паведаміла старшыня гарадской арганізацыі БСДП (Грамада) Ганна Канюс, 1 верасня прыкладна ў 15.00 дзевяць актывістаў арганізацыі прыйшлі ў мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой», каб ушанаваць памяць загінулых у Другой сусветнай вайне.

Каля Вечнага агню яны разгарнулі прынесеныя імі сцягі: партыйны і Свабоднага прафсаюза Беларускага, усклалі кветкі да Вечнага агню і хвілінай маўчання ўшанавалі памяць загінулых у Другой сусветнай вайне.

«Па дарозе да ракі Буг, куды мы мелі намер спусціць вянок з запаленай свечкай, да нас падышлі двое супрацоўнікаў міліцыі і папрасілі прад'явіць дакументы на сцяг БСДП (Грамада), — сказала Канюс. — Мы прад'явілі іх і спусцілі ў раку вянок. Да гэтага часу сюды ўжо прыехаў міліцэйскі аўтамабіль. Нас зноў папрасілі прад'явіць дакументы на сцягі. Затым каля 15.15 павезлі ў Ленінскі РУУС для высвятлення акалічнасцей».

Сярод затрыманых — намеснік старшыні Брэсцкай абласной структуры БСДП (Грамада) Валянцін Лазарэнкаў.

Ларыса Шыганава, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0