Прадпрыемства «Мастоўская сельгастэхніка» (Масты, Гродзенская вобласць) да канца года плануе наладзіць выпуск мабільных тэлефонаў для пенсіянераў.

Як паведаміў БелаПАН начальнік спецыялізаванага цэха № 2 па вытворчасці тэлефонаў і жгутоў прадпрыемства «Мастоўская сельгастэхніка» Сяргей Міцкевіч, праект па вытворчасці недарагіх сотавых тэлефонаў знаходзіцца на стадыі распрацоўкі.

Чакаецца, што ў новых мабільнікаў для пенсіянераў будзе мінімальны набор функцый. Як паведаміў дырэктар прадпрыемства «Мастоўская сельгастэхніка» Мікалай Лісай, адной з галоўных будзе з'яўляцца функцыя SOS, дзе запраграмуюць найбольш важныя нумары для пажылых людзей. Таксама для больш камфортнага выкарыстання ў мабільных апаратаў зробяць вялікія кнопкі і вялікі экран. Апрача таго, паводле слоў дырэктара завода, тэлефон будзе максімальна даступны па цане для мэтавай аўдыторыі.

Аб запуску новага кірунку вытворчасці на прадпрыемстве «Мастоўская сельгастэхніка» Сяргей Міцкевіч заявіў яшчэ ў маі 2009 года. Менавіта тады прайшло паспяхова тэставанне першых узораў мабільных тэлефонаў. Да камерцыйнай вытворчасці новай прадукцыі могуць перайсці ўжо ў лістападзе гэтага года. Як зазначаюць на прадпрыемстве, для прасоўвання новых мабільных тэлефонаў будуць выкарыстоўвацца наяўныя каналы продажу. «Мастоўская сельгастэхніка» ўжо паспяхова вырабляе стацыянарныя тэлефонныя апараты маркі Fetap, «Тэлпінг ЕС», «Еўратэф», «Люкс». Новую прадукцыю плануецца прадаваць праз сеткі мабільнай сувязі.

Міцкевіч таксама абверг інфармацыю, якая з'явілася ў шэрагу СМІ, аб тым, што нібыта ў сувязі з закрыццём на прадпрыемстве 31 жніўня цэха № 2 па вытворчасці жгутоў і тэлефонных апаратаў і звальненнем рабочых праект па вытворчасці мабільных тэлефонаў для пенсіянераў згорнуты. Ён заявіў, што цэх працуе ў ранейшым рэжыме і мае намер рэалізаваць усе намечаныя планы.

Паліна Весялік БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0