1 верасня, на дзень нараджэння нацыянальнага героя Расціслава Лапіцкага, пад Вілейкай, ля вёскі Красны Беражок, усталяваныя крыжы.

Нагадаем, на гэтым месцы год таму грамадскасць Вілейкі паставіла памятны камень, але праз нейкі час вандалы, прысланыя, імаверна, уладамі яго знішчылі.

Ва ўсталяванні крыжоў бралі ўдзел 30 прадстаўнікоў розных грамадскіх аганізацыяў з Вілейкі, Маладзечна, Смаргоні, Салігорска і Мінска. Адзін крыж паставілі ў памяць аб герою антысавецкага змагання Лапіцкім, а другі – усіх ахвяраў савецкіх рэпрэсіяў. Крыжы вырабілі прадстаўнікі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі.

Перед прысутнымі выступіў старшыня Вілейскай суполкі Партыі БНФ і рэдактар газеты «Волат» Аляксей Сюдак. Ён сказаў, што ў планах - зрабіць у гэтым месцы мемарыял памяці героям барацьбы за незалежнасць - тым, чые магілы акупанты наўмысна хавалі.

Сп. Аляксей зазначыў, што

няма ўпэўненасці, што гэтыя крыжы не знішчаць. Але актывісты будуць іх аднаўляць шторазу, як гэта рабілі літоўцы на Гары крыжоў.

Помнік Лапіцкаму збурылі сёлета перад Радаўніцай, потайкі. Ён стаяў на месцы расстрэлу патрыёта. Помнік – камень з мемарыяльным надпісам — вялейская грамада паставіла ўвосень 2008 года. Помнік асвяціў праваслаўны святар з вёскі Касута, адкуль быў родам і сам Лапіцкі і дзе ягоны бацька служыў праваслаўным сьвятаром.

Надпіс на камені казаў: «У гэтым месцы растраляны РАСЦІСЛАЎ ЛАПІЦКІ (І.ІХ.1928 — 28.Х.1950), Змагар за незалежнасьць Беларусі». Валун стаяў на бетоннай падушцы, быў вагою некалькі тон, камень злучаны з бетонам металічнымі прутамі.

У 1948-1949 гадах Лапіцкі з сябрамі стварылі антысавецкую падпольную арганізацыю, якая распаўсюджвала ўлёткі. Яна пратрымалася некалькі гадоў, пакуль на яе след не выйшлі савецкія спецслужбы. У 1950 годзе група была раскрытая. Допыты, катаванні — і прысуд. Група ставіла сваёй задачай дабіцца незалежнасці Беларусі, што разглядалася савецкім рэжымам як асаблівае злачынства. Удзельнікаў адправілі гніць у канцлагеры, а кіраўнікі — Расціслаў Лапіцкі ды Факунда Несцяровіч — былі асуджаныя на расстрэл. Несцяровіч напісаў прашэнне аб памілаванні, і расстрэл яму замянілі зняволеннем. Расціслаў пісаць прашэнне адмовіўся. Яго расстралялі ва ўрочышчы Красны Беражок ля Вілейкі. Было яму тады 22 гады.

У Менску яшчэ жыве родная сястра Лапіцкага Вольга, у Касуце захавалася хатка Лапіцкіх. Больш пра Расціслава Лапіцкага ў кнізе: Міхась Чарняўскі. Як пошуг маланкі. — Мінск: Тэхналогія, 2006.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?