У першы дзень новага навучальнага года Аляксандр Лукашэнка ўзяў удзел у цырымоніі адкрыцця Церабліцкага беларускамоўнага навучальна‑педагагічнага комплексу яслі — садок — сярэдняя школа ў Столінскім раёне Брэсцкай вобласці, паведаміла прэс‑служба прэзідэнта.
«Я ўжо неаднаразова гаварыў: нягледзячы ні на якія фінансава‑эканамічныя складанасці, крызіс, што бушуе ў свеце, мы не толькі не скарацілі, але нават павялічылі расходы на адукацыю, ахову здароўя, рэалізацыю праграмы «Дзеці Беларусі». Нам прыйшлося падціснуцца па іншых напрамках, але не за кошт гэтых прыярытэтных сацыяльных праектаў», — заявіў Лукашэнка.
Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі ствараюцца роўныя ўмовы для выхавання і навучання дзяцей у горадзе і на вёсцы. Паводле яго слоў, асабліва радуе той факт, што «расце па колькасці і амалоджваецца беларуская глыбінка».
Ад імя Лукашэнкі ў дар школе перададзены набор турыстычнага рыштунку, у тым ліку палаткі і спальныя мяшкі.
Лукашэнка падкрэсліў, што асноўная мэта новай праграмы па адраджэнні Палесся ў тым, каб «акуратна і асцярожна» падняць гэты край. «Калі я паставіў задачу адрадзіць Палессе, палешукі насцярожыліся: вось, прыедуць, маўляў, усё затопчуць і разбураць. Але мэта гэтай праграмы заключаецца ў тым, каб сюды ніхто неарганізавана не пайшоў і нічога не парушыў. Адраджаючы Палессе, ні ў якім выпадку нельга нашкодзіць гэтаму краю, пашкодзіць тое, што ёсць», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, у палескі край неабходна прывабліваць усё больш турыстаў. «Еўрапейцы гатовы плаціць любыя грошы, каб паглядзець на гэта. А сутнасць праграмы ў тым, што мы можам зарабіць грошы, у першую чаргу ад турызму», — сказаў Лукашэнка.
Варта адзначыць, што стварэнне беларускамоўных комплексаў яслі-садок-школа — адносна новая практыка.