Паўкрымінальнаму рэжыму Кадырава супрацьстаіць усё больш сумнеўны з маральнага гледзішча рух супраціву. Піша палітолаг Сяргей Богдан.

Апошнім часам вайна ў Чачэніі і навакольных аўтаномных каўкаскіх рэспубліках Расеі аднавілася з большай сілай.

Гэтым летам на Паўночным Каўказе штодня адбываліся перастрэлкі і выбухі. У чэрвені – сярэдзіне жніўня там былі забітыя 436 чалавек (за аналягічны пэрыяд 2008 году адпаведная лічба склала 150 асобаў). Колькасьць атак вырасла з 265 да 452.
Вядома, расейскія ўлады не абвяшчаюць гэткай сумарнай статыстыкі – названыя лічбы сабраныя вашынгтонскім Цэнтрам стратэгічных і міжнародных дасьледаваньняў з асобных інфармацыйных паведамленьняў. Партызаны стралялі і ўзрывалі чыноўнікаў ды міліцыянтаў, у адказ улады ладзілі супрацьтэрарыстычныя апэрацыі, а невядомыя выкрадалі і забівалі дысыдэнтаў ды праваабаронцаў. Пасьля колькігадовага перапынку ў Чачэнію вярнуліся і самазабойчыя замахі. Цягам тыдня тры групы баевікоў забілі сябе разам з мясцовымі міліцыянтамі.

Незаменны Рамзан?

Дзеля таго, што вайна точыцца дзесьці далёка ад цэнтральнай часткі краіны, Крэмль можа не зважаць на абвастрэньне сытуацыі. У апошнія гады расейская стратэгія на Каўказе палягала ў стаўцы на Кадырава, якому Масква дазволіла душыць паўстаньне, як ён лічыць патрэбным. Сам былы партызан, Рамзан Кадыраў ператварыў у свой час колішні партызанскі аддзел у бязьлітасную паліцэйскую сілу, якая займалася, паводле сабраных праваабаронцамі фактаў, катаваньнямі і мардаваньнямі ўсіх няўгодных Кадыраву. Цяперашні гаспадар Чачэніі сапраўды спыніў партызанскі рух у сваёй старане, але ў выніку паўстаньне і

партызанка перакінуліся на суседнія рэспублікі – Дагестан, Інгушэтыю, Кабардына-Балкарыю, Карачаева-Чаркесію ды нават Адыгею. Пішучы пра пастаянныя тэракты ў сталіцы Дагестану Махачкале, журналісты пачалі ўжо параўноўваць яе з Багдадам.
Такая «перамога» Масквы хутчэй нагадвае паразу.

Цяпер аслабеў кадыраўскі кантроль і над самой Чачэніяй, а таму Крамлю мусова трэба вырашыць, ці працягваць ставіць на Кадырава, ці мяняць курс. Год таму, калі Кадыраў у чарговы раз запатрабаваў ад Масквы яшчэ большае аўтаноміі, Масква паспрабавала укараніць альтэрнатыўны варыянт кіраваньня праблемнымі каўкаскімі рэспублікамі ў суседняй Інгушэтыі.

Тады адным зь першых дзеяньняў Мядзьведзева на пасадзе прэзыдэнта Расеі было зьняцьцё ушчэнт здыскрэдытаванага тамтэйшага кіраўніка Зязікава (выпускніка Менскай школы КДБ) ды прызначэньне наўзамен яму афіцэра ГРУ Юнус-Бэка Еўкурава. Еўкураў распачаў кампанію па заваёве папулярнасьці, змагаючыся з карупцыяй і кантактуючы з дысыдэнтамі і праваабаронцамі.

Аднак 22 чэрвеня ў выніку самазабойчага замаху на картэж Еўкурава, інгускі кіраўнік быў цяжка паранены. Як зазначае на старонках «Нью-Ёрк Таймз» каўказазнаўца Маскоўскага цэнтру Карнэгі Аляксей Малашэнка, разам з тым зьніклі надзеі, што Крэмль гатовы перайсьці да выкарыстаньня мякчэйшага падыходу ў сваёй палітыцы ў рэгіёне. «Кожны, хто казаў, што трэба забіваць, душыць ды зьнішчаць, а дыялёг непатрэбны – усе яны зараз абгрунтоўваюць сваю пазыцыю лёсам Еўкурава». На тым гвалт ня скончыўся і надоечы, 17 жніўня, грузавік з выбухоўкай уехаў у цэнтральны міліцэйскі пастарунак ў найбуйнейшым інгускім месьце – Назрані, у выніку чаго загінула 25 чалавек, а яшчэ 280 былі параненыя.

Як заўжды, Кадыраў абвінаваціў вагабітаў і іншых рэлігійных экстрэмістаў у падрыхтоўцы атакаў і паўтарыў, што яны фінансуюцца і навучаюцца заходнімі краінамі.

Сапраўды, прасьцей сьпісаць усё на падступных замежнікаў, чымся ліквідаваць глебу для канфлікта – праблемы ў сацыяльнай сфэры: беднасьць, беспрацоўе (узровень якога ў Чачэніі адзін з самых высокіх ва ўсёй РФ – 34%), кланавасьць і карупцыю ва ўладзе.
Да таго ж, разгарнуўшы канфрантацыю з Грузіяй, Расея сама стварыла для каўкаскіх партызанаў важнага хаўрусьніка – Тбілісі, які ў нядаўнім мінулым ужо некалі дзейсна падтрымліваў чачэнскіх паўстанцаў.

Фактычная незалежнасьць сёньняшняй Чачэніі

Кадыраў паціху становіцца праблемай для Расеі, бо ў доўгатэрміновай пэрспэктыве кіраваць Паўночным Каўказам так, як гэта робіць кіраўнік Чачэніі, немагчыма. Мала таго, што гэта разьядае сыстэму дзяржкіраваньня ўсёй РФ, дык гэта проста не разьвязвае праблемы антырасейскага супраціву і рэлігійнага экстрэмізму, як паказалі цяперашнія атакі партызанаў.

Летняя актывізацыя паўстанцаў прывяла да таго, што Мядзведзеў стаў схіляцца да больш жорсткай тактыкі.
Пры канцы жніўня прэзыдэнт РФ загадаў расейскім спэцслужбам бязьлітасна забіваць тэрарыстаў і заклікаў скасаваць суды прысяжных па справах аб тэрарызьме, бо, маўляў, яны занадта часта заканчваюцца апраўданьнямі абвінавачаных. Тым самым умацуецца кантроль урада над судовай галіной, а судовыя справы стане прасьцей фабрыкаваць. Выкладаючы свой плян паляпшэньня сытуацыі на Каўказе, Мядзведзеў таксама прапаноўваў замяніць мясцовыя кадры на Каўказе камандзіровачнымі спэцыялістамі зь іншых рэгіёнаў РФ. Камэнтары пра наступствы такой палітыкі лішнія.

Абаронцы Кадырава кажуць, што зьмена маскоўскага курсу ў Чачэніі можа прывесьці да трэцяй вайны.

Масква ўсё больш падазрона ставіцца да Рамзана, а расейскія вайскоўцы і гэбісты былі разьюшаныя рашэньнем Кадырава аб супрацы зь лідэрам незалежнікаў у выгнаньні – Ахмадам Закаевым.
На старонках «Еженедельного журнала» Марк Фэйгін параўноўвае чачэнскую сытуацыю з сытуацыяй вакол францускай калёніі Альжыру перад атрыманьнем ёй незалежнасьці і зазначае, што насуперак усім перашкодам Кадыраў вядзе сваю рэспубліку да канчатковай юрыдычнай незалежнасьці, ужо забясьпечыўшы палітычную самастойнасьць. Анягож, сёньня Чачэнія фактычна ня ё паўнавартаснай расейскай тэрыторыяй, бо расейскія законы тамака ня дзейнічаюць, узброеныя аддзелы Кадырава фэдэральным ведамствам не падпарадкоўваюцца, адміністрацыя і суды функцыянуюць па-за агульнафэдэральнай «вэртыкальлю ўлады».

Іншае пытаньне, што нармалёвай дзяржавы ў Чачэніі няма і ў бліжэйшы час наўрад ці зьявіцца, а існуе паўкрымінальны рэжым, якому супрацьстаіць усё больш сумнеўны з маральнага гледзішча рух супраціву.

Непазьбежны закон палітыкі – чым болей доўжыцца вайна, тым больш галаварэзаў становіцца ў краіне і меншаюць шанцы на пабудову эфэктыўнай праўнай дзяржавы.

Расейская падтрымка бандытызму

Гэта заканамерны вынік маскоўскай палітыкі выцясьненьня з палітычнай арэны прыхільнікаў будаўніцтва ў Чачэніі свецкай нацыянальнай дзяржавы, кшталту Дудаева, Масхадава ці Закаева. Замест таго Крэмль падтрымліваў бандытызм у стылі Ямадаевых і Кадыравых, а рэжыму сям'і Кадыравых дазволена было існаваць па-па праўным полем.

Расейскае кіраўніцтва ня йдзе, здавалася б, лягічным шляхам упарадкаваньня сыстэмы дзяржаўнага кіраваньня Расеяй праз стварэньне фэдэрацыйнай сыстэмы на падставе прынцыпаў законнасьці і празрыстасьці, бо гэта азначала б неабходнасьць перабудовы самога маскоўскага рэжыму, у якім зрасьліся інтарэсы крыміналу і гэбісцкіх структураў.
Наўзамен Крэмль усталёўвае поўны кантроль там, дзе гэта не вымагае значных высілкаў і дазваляе існаваць па-за ўсякім законам тэрыторыям, дзе гэта праблематычна.

Цікава, што такое мае месца ў гісторыі Расеі не ўпершыню. Яшчэ ня скончыўшы заваёвы Каўказу, улады Расейскай Імпэрыі ў 1857 годзе таксама фактычна паставілі каўкаскае насельніцтва па-за рамкамі дзеяньня нармальнай сыстэмы заканадаўства, скасаваўшы ў дачыненьні да яго шэраг юрыдычных нормаў. Вынікам было ня толькі існаваньне асобнага рэгіёну ў рамках Імпэрыі, але і маргіналізацыя каўкаскага насельніцтва, якое апынулася ў сваёй адасобленай рэзэрвацыі. Іншым традыцыйным аспэктам расейскай палітыкі ўціхамірваньня Каўказу былі велізарныя субсыдыі. Аднак няясна, ці спрыяюць яны ляяльнасьці насельніцтва ў дачыненьні да Масквы, бо невядома, якая іх частка сапраўды даходзіць да насельніцтва, а якая раскрадаецца і прысабечваецца мясцовымі і фэдэральнымі чыноўнікамі.

Выйсьцем з каўкаскіх праблемаў Расеі было б стварэньне сапраўднай эфэктыўнай фэдэрацыйнай дзяржавы.
Але дзеля таго расейскай палітычнай эліце неабходна адмовіцца ад цяперашняй палітычнай культуры дый цалкам перабудаваць дзяржсыстэму, абсалютысцкія прынцыпы якой былі закладзеныя яшчэ Пятром І Шалёным. Гэта немагчыма, бо ніхто не пагодзіцца руйнаваць саму аснову свайго жыцьця і сьветапогляду – марныя ў гэтым сэнсе былі некалі спробы Ельцына лібэралізаваць Расею. Нашыя ўсходнія суседзі працягваюць капаць самім сабе дол.

Сяргей Богдан

* * *

Загаловак ад Рэдакцыі. Аўтарскі загаловак: «Вайна ў Чачні аднавілася».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0