Журналістаў не пускаюць у сенцы, дзе знаходзіцца ўваход у кватэру.

Фота Юліі Дарашкевіч

20.10

Прыбылі чацьвёра пажарнікаў і з дапамогаю пажарнага рыштунку ўзламалі другія дзьверы ў кватэру. Міліцыя шукае панятых сярод суседзяў для правядзеньня ператрусу і па-ранейшаму не прапускае нікога з журналістаў.

19.30

Як перадае наш карэспандэнт, мэталічныя вонкавыя дзьверы ў кватэру Елавой узламалі аўтагенам. Цяпер, ужо доўгі час, узломваюцца другія дзьверы.

17.50

Да кватэры Тацяны Елавой пад’ехала яшчэ адна група сілавікоў. Журналістаў не пускаюць у сенцы, дзе знаходзіцца ўваход у кватэру. Пры спробе прайсьці на месца падзеі, журналіст «НН» Зьміцер Панкавец быў жорстка адштурхнуты малодшым лейтэнантам Андрэем Кацюшчэнкам.

Нагадаем, сёньня ў кватэру моладзевай актывісткі Тацяны Елавой прыйшлі супрацоўнікі ў цывільным, але ў кватэры нікога не было. Тады з працы была прымусова дастаўленая маці актывісткі, яе імя таксама Тацяна. На патрабаваньне міліцыянтаў адчыніць дзьверы жанчына адказала, што ня мае пры сабе ключоў. У хуткім часе Тацяна адчула недамаганьне – у яе ішэмічная хвароба сэрца. “Хуткая дапамога” паставіла дыягназ “нейрацыркулярная дыстанія”, медработнікі паведамілі, што ў гаспіталізацыі няма патрэбы. Сярод людзей ў цывільным ёсьць супрацоўнік КДБ, які паказаў пасьведчаньне работнікам “хуткай дапамогі”.

Адначасова ў кватэры сясьцёр Кацярыны і Алены Казак, якія былі затрыманыя падчас акцый БУНТу ў Віцебску, таксама быў вобшук, падчас якога забралі кампутар. Саміх сясьцёр павезьлі ў КДБ.

Алена, маці траіх дзяцей, якія засталіся дома без нагляду, скарділася на дрэннае самаадчуваньне: тэмпература каля 39 С, абвастрылася хвароба нырак.

Таксама праводзіцца ператрус у кватэры актывісткі Тацяны Дзядок. Тацяна Дзядок была адной з абаронцаў намётавага мястэчка, адседзела 10 сутак на Акрэсьціна. Узначальвае Першамайскую раённую арганізацыю АГП.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0