Ад выхаду ў купальнікаў, аднак не адмовіліся, бо «мужчыны не даруюць».

Прайшла прэс‑канферэнцыя з нагоды правядзення фінала конкурсу «Міс Мінск 2009». Ён пройдзе 10 верасня ў спорткомплексе Мінск‑Арэна.

Сёлетні конкурс мае адрозненні ад мінулагодніх. Па‑першае, пашырылі ўзроставыя рамкі для канкурсантак. Гэта дзяўчаты ад 18 да 30,
хаця трыццацігадовых і няма сярод удзельніц. У асноўным на кастынг прыходзілі дзяўчаты 18‑21 гадоў.
Былі прыбраны таксама і мадэльныя абмежаванні.
«Мы надта стаміліся ад конкурсаў прыгажосці з такімі мадэльнымі параметрамі, бо кожны раз прыходзяць адны і тыя дзяўчаты. Я сама назіраю іх гадамі. Конкурс прыгажосці – гэта шоў, якое павінна кожны раз набываць новыя формы», – адзначыла дырэктар Нацыянальнай школы прыгажосці Вольга Сярожнікава.

Падчас конкурсу пройдзе дэфіле ўдзельніц. Арганізатары абяцаюць прыгожыя касцюмы, над якімі працуюць беларускія дызайнеры.

Будзе таксама выхад дзяўчат у купальніках. Ад яго хацелі адмовіцца. «Але мужчыны не даруюць нам, калі гэтага не будзе», – пажартавала Вольга Сярожнікава.

«Мы не збіраемся рабіць шоў нявестаў для замежнікаў, – кажа генеральны дырэктар тэлеканала СТБ Юрый Казіятка. – Мы збіраем не толькі прыгожых дзяўчат, але і таленавітых. Дзяўчаты, які збіраюцца жыць у Беларусі, думаюць пра тое, як уладкаваць жыццё, як зрабіць яго лепшым». Адна з галоўных умоў удзелу ў сёлетнім конкурсе – распрацоўка свайго сацыяльнага праекту. 20 фіналістак прапанавалі розныя ідэі. Хтосьці хоча паставіць у Мінску сметніцы, якія будуць «дзякаваць». Нехта падрыхтаваў канцэпцыю стварэння музея гісторыі Мінска. Некаторыя праекты будуць прынятыя да працы не ў залежнасці ад перамогі ці не іх распрацоўшчыкаў. Як запэўніў начальнік упраўлення культуры Мінгарвканкама Уладзімір Карачэўскі, літаральна сёння пройдзе разгляд такіх праектаў са спецыялістамі.

Зараз здымаюцца відэа‑візітоўкі канкурсантак, якія будуць дэманстравацца на тэлеканале СТБ. Гэта будуць ролікі, у якіх прыгажуні распавядуць пра свае захапленні. Каб не губляць час на прадстаўленне сваіх талентаў падчас конкурсу, гледачам таксама пакужуць гэтае відэа.

«Міс Мінск» вызначыць журы. У яго ўключаны чатыры народныя артысты: два з Беларусі – Анатоль Ярмоленка, Аляксандр Ціхановіч і два з Расіі – Ігар Нікалаеў, Аляксандр Сяроў.
Падчас конкурсу яны дадуць невялікі канцэрт. Асобна будзе ўручаны прыз глядацкіх сімпатый.

Пераможцу чакае грашовы прыз і дапамога ў рэалізацыі свайго сацыяльнага праекту.

Арганізоўваюць конкурс Мінгарвыканкам, тэлеканал СТБ і Нацыянальная школа прыгажосці.

Вольга Сярожнікава.

Вольга Сярожнікава.

Юрый Казіятка.

Юрый Казіятка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?