У новым навучальным годзе толькі ў 34 (!) гарадскіх школах краіны навучанне будзе весціся на беларускай мове. У Магілёве і Брэсце ўвогуле няма ніводнай (!) беларускамоўнай школы. У Міністэрстве адукацыі сцвярджаюць, што гараджане не прагнуць вучыцца па-беларуску. Ці так гэта?

Крыху статыстыкі. Беларускамоўных школ у Беларусі, на першы погляд, нямала – 1878. Але знаходзяцца яны ў вёсках, таму на роднай мове навучаецца толькі 18,6 адсоткаў школьнікаў.

Сітуацыя з беларускім навучаннем ў гарадах безнадзейная. Так, у Мінску і Мінскай вобласці налічваецца 18 гарадскіх беларускамоўных школаў, + адна школа рэспубліканскага значэння; у Брэсце і Брэсцкай вобласці, Віцебску і Віцебскай вобласці, Гомелі і Гомельскай вобласці – па 3 школы, у Гродне і Гродзенскай вобласці – 5. а ў Магілёве і Магілёўскай вобласці – усяго адна.

Напярэдадні новага навучальнага года на прэс-канференцыі намеснік міністра адукацыі Таццяна Кавалёва патлумачыла, чаму так адбываецца.

— Залічэнне ў беларускамоўныя школы і класы адбываецца па жаданні дзяцей і бацькоў, — заявіла Таццяна Кавалёва. – У Мінску, іншых гарадах рускамоўнага насельніцтва больш, чым у іншых месцах, таму там і рускамоўных школак болей.

Старшыня «Таварыства беларускай школы» Алесь Лозка прытрымліваецца іншага меркавання.

— Сапраўды, пытанне на якой мове вучыць дзіця, павінны вырашаць бацькі, — кажа Алесь Лозка, — Але так можа адбывацца ў дэмакратычнай краіне. У Беларусі сітуацыя іншая. Тут доўгія часы гвалтоўна ўкаранялася расейская мова. І таму сёння беларускі народ мае патрэбу ў дапамозе. І ў першую чаргу з боку дзяржавы. Менавіта дзяржава павінна клапаціцца пра мову, пра культуру народа, ведаючы, што гэта вырашае лёс незалежнасці.

Таму, мяркуе Алесь Лозка, у сённяшняй сітуацыі адказнасць за адсутнасць беларускай мовы у гарадскіх школах цалкам ляжыць на дзяржаве, якая вызначае долю беларушчыны ў адукацыйнай сферы. І доля гэтая ўвесь час змяншаецца.

— Асабліва гэта відаць на прыкладзе дзвюхмоўных школ, — кажа старшыня ТБШ, — Напрыклад, мінская дзвюхмоўная школа № 190 ў гэтым годзе набрала толькі адзін беларускамоўны першы клас, затое расейскамоўных — два. У Маскоўскім раёне Мінска працавала адна беларускамоўная школа № 60. Прыйшоў новы дырэктар, і школа стала дзвюхмоўнай.

Але, нагадвае Алесь Лозка, у савецкія часы сітуацыя з беларускай мовай у гарадах была яшчэ горшая. У часы БССР у Мінску не было ніводнай беларускамоўнай школы, і мова не была папулярная сярод гараджан, абразліва лічылася мовай сялян і калгаснікаў.

— Але апошнім часам гэтыя ўяўленні, дзякуй Богу, знікаюць, — заўважае Алесь Лозка. — Сёння размаўляць па-беларуску прэстыжна, гэта своесаблівы знак якасці, высокай адукаванасці. Выкарыстанне беларускай мовы ў народзе пашыраецца. Здараюцца такія выпадкі, калі бацькі даходзяць да судоў, змагаючыся за права вучыць сваё дзіця па-беларуску. Такія справы разглядаліся ў Гродне, Горках. Праўда, на жаль, суды не на баку бацькоў. Але ў любым выпадку гэта дае надзею, што беларусы загавораць на сваёй мове.

Дырэктар зліквідаванага ўладамі Нацыянальнага гуманітарнага ліцэя Уладзімір Колас таксама сцвярджае, што колькасць жадаючых вучыцца і атрымліваць адукацыю на роднай мове з кожным годам расце. Напрыклад, гуманітарны ліцэй да гэтага часу праводзіць набор, дзеці пагаджаюцца на складаныя ўмовы навучання, бо прагнуць атрымаць добрую адукацыю на роднай мове. Але, на думку Уладзіміра Коласа, бацькам і іх беларускамоўным дзеткам яшчэ доўга чакаць лепшых часоў.

— Пры сённяшнім кіраўніцтве Міністэрства адукацыі ды і ўвогуле ўсёй краіны спадзявацца на нейкія крокі з боку дзяржавы да беларусізацыі, прапаганды і пашаны роднай мовы, не варта, — кажа Уладзімір Колас. – А сітуацыя з беларускамоўным навучаннем сапраўды стаіць вельмі вострая, канстытуцыйныя правы грамадзян не задавальняюцца ніякім чынам.

Галіна Несцерчык, Заўтра тваёй краіны

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0