03.09.2009 / 10:07

Сакрэты бянюнскага дудара 2

Як адраджаецца старажытная музычная традыцыя.

Цяпер гэты легендарны iнструмент у Беларусi могуць варта зрабiць толькi некалькi чалавек. Сапраўдных майстроў пералiчыш па пальцах адной рукi. Але ж у былыя часы нашы продкi не ўяўлялi свайго жыцця без дуды, якая лiчылася неад’емнай рысай побыту. Дык чаму шатландцаў атаясамлiваюць з валынкай, а ў нас старадаўнi iнструмент забыты? Адшукаць чалавека, якi робiць дуды, было не так проста. Але, напэўна, трэба толькi нечага вельмi захацець i калiсьцi ўсё абавязкова здзейснiцца. Так атрымалася i з дударом — майстра я знайшоў у невялiкай вёсцы Бянюны, што на Ашмяншчыне...

Святар на капiшчы

Звычайны вясковы дамок, якi пафарбаваны ў аранжавы i зялёны колеры, драўляны плот — нiчога адметнага. Насустрач выбягае невялiчкi сабака i... радасна вiляе хвастом. Мабыць, адчувае, што я завiтаў сюды з добрымi намерамi. А вось i гаспадар сядзiбы з усмешкай у вусах. Юрась Панкевiч — адзiн з беларускiх дудароў. Iнтарэс да iнструмента маюць многiя, толькi вось не кожнага да сябе дуда падпускае — мiстыка ды i толькi.

— Ёсць такiя рэчы, якiя я для сябе растлумачыць не магу, — заўважае Юрась. — Бывае, што зойдзеш у майстэрню рабiць адну i тую ж аперацыю, якую дагэтуль выконваў неаднойчы, i нiчога не атрымлiваецца. А ў наступны дзень можаш зрабiць удвая больш, без асаблiвых высiлкаў. Здараецца, завершыш драўляную дэталь (вытачыш, пафарбуеш, на палiцу пакладзеш), а з ранiцы глядзiш — патрэскалася. А iншым разам возьмеш сырое дрэва i ўсё як належыць атрымаецца.

Як заўважае Панкевiч, дуда да нас не прыходзiла з-за мяжы, а «нарадзiлася» менавiта тут. Гэта, дарэчы, сцвярджаецца i ў даследаваннi славутага майстра Тодара Кашкурэвiча. Заўсёдны край дударскi — паўночная частка цяперашняй Беларусi, дзе ў свой час жылi балцкiя плямёны. Узрост дуды на гэтых землях адлiчваюць з IX—X стагоддзяў. I дудар тады быў не толькi музыкам, якi граў на танцульках, а сапраўдным святаром. Дуда гучала падчас паганскiх рытуалаў, калi людзi збiралiся на капiшчы.

— Варта хоць бы ўзгадаць святы, што захавалiся дасюль — усiм вядомыя Каляды, — кажа Юрась Панкевiч. — Калi каза памiрала, а пасля ператваралася ў iншую iстоту. Майстар апрацоўваў скуру жывёлы i да Вялiкадня рыхтаваў iнструмент. У паганскiя часы яго выкарыстоўвалi толькi на працягу года. Пасля дуду разбiвалi аб дрэва альбо вешалi на дуб. I рабiлi другi iнструмент. У калядных, валачобнiцкiх песнях захавалiся сведчаннi пра тое, як гэты iнструмент нараджаўся i як памiраў.

«Англеза шагам праменада»

У Сярэднявеччы дуда пайшла з вёскi ў больш буйныя паселiшчы (мястэчкi, гарады). I там атрымала iншае прызначэнне — весялiць людзей. У вынiку чаго класiчная традыцыя перамешвалася з вясковым густам.

— Гэта асаблiвасць беларускага фальклору, — заўважае Юрась Панкевiч. — Простыя людзi прыслужвалi панам у палацах i чулi ўрачыстыя мелодыi, пераймалi iх. У этнографа Мiхала Федароўскага мы знайшлi адзiн вельмi цiкавы танец «Англеза». Там ёсць такiя словы — «англеза шагам праменада». Iх даследчыку ўзгадала звычайная бабулька. Можа каранi ў яе былi шляхецкiя альбо продкi добра ведалi панскi побыт. Тэкст нагадвае эпоху Адраджэння, музыку замкаў i палацаў.

Юрась скончыў Беларускi дзяржаўны ўнiверсiтэт iнфарматыкi i радыёэлектронiкi. Здавалася б, спецыяльнасць абраў зусiм далёкую ад музыкi. Але аднойчы пачуў дуду на адным канцэрце i моцна захапiўся гэтым iнструментам. Яму захацелася самому зрабiць дуду. Панкевiч знайшоў майстра, якi дапамог, навучыў, падзялiўся прафесiйнымi сакрэтамi. Гадоў 5-6 таму Юрась зрабiў свой першы iнструмент. Прычым зрабiў па ўсiх канонах — вырабляў скуру, шыў мех, тачыў драўляныя часткi.

— Я заўсёды пачынаю з меха, — кажа дудар. — Калi я яго зраблю i пастаўлю пераходнiкi, то лiчу, што палова дуды гатовая. Пасля ўстаўляю гукi, жалейкi, соскi. Можна паступаць па-рознаму: набыць скуру ў краме (ужо вырабленую), знайсцi для меха гортэкс (матэрыял, якi выкарыстоўваюць для пашыву вайсковага адзення, ён не прапускае паветра).

— А мех можа быць розны па велiчынi?

— Памер меха не рэгламентаваны, можна рабiць як заўгодна, абы зручна пад рукой было. Галоўнае, каб мех добра трымаў паветра. Наконт гэтага кожны майстар свае сакрэты мае. Мех не вечны, таму выкарыстоўваюцца зменныя. У дудзе ёсць невялiкi гуказдабывальны элемент — пiшчык. Ад яго многае залежыць, iнакш дуда — толькi кавалак скуры i палкi, якiмi бiцца можна. Этнографы ўзгадвалi, што дудары, калi на вяселлi пачыналася бойка, здымалi са сваiх бурдонаў трубкi i бiлiся. Тое ж i са скрыпкамi: скрыпачы казалi, што калi iнструмент не разаб'еш аб каго на якiм свяце, то добра граць не навучышся.

Лепельская, двухбурдонная i «мацянка»

У Шатландыi гэты iнструмент называецца «вялiкая шатландская дуда». Яму зрабiлi вельмi добрую рэкламу, таму добра вядомы ва ўсiм свеце. Чаго не скажаш пра беларускую дуду. Мiж тым, iнструмент мае свае адметнасцi — па канструкцыi меха, трубак, аздабленнi. Дарэчы, дуды ў нас звычайна аздаблялiся металам — як правiла, волавам. Выкарыстоўвалася лiццё, быў своеасаблiвы арнамент. У беларусаў бурдоны (цi гукi) — такiя доўгiя трубкi — заўжды звiсалi ўнiз, да долу. У шатландцаў iх тры, а на нашых землях, як сведчаць этнографы, у iнструментах было да сямi. Але пра канструкцыю такой дуды застаецца хiба толькi здагадвацца, паколькi iх не захавалася. Як узгадваў адзiн чалавек: «Трубак было ўсяго сем, а дзве маленькiя моцна дурылi галаву». Беларускiя дуды мелi свой гукарад (ён адрознiваецца ў кожнай краiне).

— Цяпер у Беларусi дакладна вядома тры тыпы дуды, — заўважае Юрась Панкевiч. — Першы — лепельская дуда. Такi iнструмент захоўваецца ў музеi гэтага райцэнтра, з яго майстры здымаюць копii. У лепельскай дудзе жалейкi завяршаюцца раструбамi. Калi ў iншых краiнах iх рабiлi з рагоў жывёл, то тут выкарыстоўваецца дрэва. Тачэнне вельмi прыгожае, аздобленае металам. Ёсць апiсанне двухбурдоннай дуды, якая, дарэчы, была найбольш распаўсюджаная. Яшчэ адна — напэўна, самая выкшталцоная. Яна мае асабiстую назву — «мацянка». Гэта дуда без рагаўнёў, ззаду — тры бурдоны, якiя даюць адзiн пастаянны гук, «бурдоняць». Раней па такiм тыпу людзi спявалi, а пасля з'явiлася дуда. Я лiчу, што гэта сiмвал беларуса, адлюстраванне нашай душы, эмоцый. Мы маем не менш падстаў ганарыцца сваёй дудой, чым шатландцы. Проста нехта ўмее рабiць рэкламу, а нехта не здольны прасоўваць уласныя традыцыi. Але нi ў якiм разе нельга забываць пра свае каранi.

Дрэва для скульптараў

На выраб дуды майстру звычайна патрэбна не менш за месяц. Мех — гэта паўсправы, а вось з чаго рабiць астатнiя часткi? Звычайна выкарыстоўваецца драўнiна клёну i ясеню. Рагаўнi робяць з больш мяккiх парод — напрыклад, з лiпы, якая, дарэчы, лiчыцца дрэвам для скульптараў.

— Дрэва — жывы матэрыял, — упэўнены Юрась Панкевiч. — Адзiн майстра кажа, што яно павiнна набраць пазiтыўных вiбрацый, толькi тады iнструмент будзе гучаць адпаведным чынам. Калi ж зрабiць дуду i проста пакласцi яе на палiцу, то за пару месяцаў яна ссохнецца i не будзе граць. Ёсць такi тэрмiн «разыграны iнструмент» — яны больш цэняцца. Дуда вабiць да сябе, выклiкае цiкаўнасць. Яшчэ ў 1953 годзе на ВДНГ у Маскву беларусы пасылалi свайго дудара. Вядома, што тады на выставе граў Iгнат Гвозд. Дудары ездзiлi i па Еўропе. Вельмi распаўсюджаны калiсьцi быў iнструмент. Пасля настаў час гармонiкаў, скрыпачак. Некалькi гэтых музычных iнструментаў маглi разам граць. Чаго не скажаш пра дуды — кожны музыка сваю дуду больш на слых настройваў i граць разам яны не маглi.

Затое цяпер майстры могуць настройвацца па частотах з дапамогай камп'ютараў. Аднойчы на фестывалi грала адначасова да двух дзясяткаў дудаў — нiчога сабе вiдовiшча, праўда?! Цяпер ёсць i электронная дуда, яе яшчэ называюць «жалейка для практыкаванняў». Тэхнiка грання на дудзе надзвычай складаная, асвоiць яе магчыма толькi з дапамогай музыкаў. На жаль, адпаведны прадмет не выкладаецца ў беларускiх ВНУ. А вось пачуць гучанне аўтэнтычнага iнструмента магчыма.

— Мы з сябрамi займалiся гiстарычнай рэканструкцыяй, — кажа Юрась Панкевiч. — Калi пашылi сабе касцюмы, то захацелася, каб i музыка адпаведная гучала. У вынiку арганiзавалi групу, якую назвалi «Testamentum terrae». У перакладзе з лацiнскай мовы — «Запавет зямлi». Гэта тое, што зямля захавала i запаведала нам несцi далей, каб пакiнуць для нашчадкаў. Але мы займаемся не столькi рэканструкцыяй аўтэнтычнай музыкi, колькi яе сучаснай аранжыроўкай. Вывучаем лiтаратуру — розныя зборы, даследаваннi этнографаў.

Першы альбом групы называўся «Слаўны панiч», цяпер рыхтуюць другi, якiя вырашылi прысвяцiць этнографу Мiхалу Федароўскаму. Разам з дудой граюць жалейкi, флейты, мандалiны, скрыпкi, бубны, барабаны i нават лютня. Як заўважае Панкевiч, усе iнстументы аўтэнтычныя, але з iх дапамогай складаецца сучасная музычная эмоцыя. Слухачам вельмi падабаецца. Гурт iснуе пяць гадоў, за гэты час з канцэртамi аб'ездзiлi не толькi ўсю Беларусь, выступалi i ў замежжы.

У Бянюнах Юрась пачаў абуладкоўвацца некалькi гадоў таму. Кажа, што вясковае жыццё яму больш даспадобы, хоць нарадзiўся i вырас «на асфальце» — у сталiцы. А вось стаў блiжэй да зямлi i, здаецца, адшукаў для сябе нешта важнае. Заняўся рамонтам хаты, узводзiць лазню. Ну i, вядома, робiць дуды. Цяпер у Панкевiча поўная калекцыя беларускiх дудаў — напэўна, адзiная ў нашай краiне.

— Пакуль што адпаведная музычная традыцыя ў нас хутчэй экзотыка, — адзначае дудар. — Але я спадзяюся, што з цягам часу сiтуацыя ўсё ж зменiцца да лепшага. Магчыма, калiсьцi будзеце ехаць па трасе i ўбачыце шыльду «Вы ўязджаеце ў дударскi рэгiён Беларусi». Завiтаеце i пачуеце спрадвечныя матывы, якiя абуджаюць сэрца.

Мiкалай Літвінаў, Звязда

0
Dzjadulja / Адказаць
03.09.2009 / 11:52
Гэта яшчэ што за вычварэнства: «iнструмент у Беларусi могуць _варта_ зрабiць толькi некалькi чалавек»? Зрабіць рэч можна ЯКАСНА, ГОДНА.
0
du / Адказаць
14.09.2009 / 17:17
з дудой можна азнаеміцца і навучыцца іграць ва універсітэце культуры. Спецыяльнасць "Духавыя інструменты народныя",акрамя дуды навучыцца можна на дудцы, жалейцы, акарыне і іншым духавым народным інструменце, абы толькі жаданне было)
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру