Галоўны трэнер беларускай футбольнай зборнай Бернд Штанге заяўляе аб адсутнасці праблем у стасунках з капітанам каманды Аляксандрам Глебам.

«Заявы аб тым, што Глеб не будзе гуляць з Харватыяй, таму што пакрыўдзіўся на мяне за мае выказванні, — гэта штосьці для жоўтай, бульварнай прэсы», — сказаў Штанге на прэс‑канферэнцыі 3 верасня.

«Ніхто не можа быць пакрыўджаным. Наогул няма ніякіх праблем, — падкрэсліў трэнер. — Глеб можа гаварыць усё, што хоча, напрыклад, пра неабходнасць вярнуць у каманду Рамашчанку, а я магу гаварыць пра тое, што Глеб у гэтай кваліфікацыі згуляў не так, як хацелася. Але не таму, што ён уломак, а таму, што перад адказнымі гульнямі ў яго былі траўмы».

Паводле слоў Штанге, Глебу толькі 28 гадоў і ён яшчэ многія гады можа быць карысны. «Я б не дазволіў ніводнаму журналісту гаварыць аб тым, што ў нас ёсць праблемы. Як капітан і трэнер мы імкнёмся ўзмацніць каманду і весці яе ў будучыню», — падкрэсліў Штанге.

Трэнер прывёў словы Глеба, які заявіў, што вернецца са Штутгарта ў Мінск у нядзелю і будзе рыхтавацца да матчу з Украінай. «Глеб хоча гуляць, і я не разумею, у чым яго можна падазраваць. Траўмаваны Глеб нам не дапаможа. Мы адказныя за гульцоў. Нам патрэбны здаровыя людзі, тым больш што матч з Украінай — гэта своеасаблівае дэрбі», — заявіў Штанге.

Акрамя Глеба‑старэйшага ў Заграбе 5 верасня не будзе гуляць яшчэ адзін ключавы гулец беларускай зборнай Віталь Кутузаў (аднаматчавая дыскваліфікацыя з‑за двух папярэджанняў).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?