Палітык Алесь Міхалевіч мае намер вылучыць сваю кандыдатуру на прэзідэнцкія выбары 2010-11 гадоў.
Пра гэта ён заявіў у часе з’езду Партыі БНФ у суботу. З самой партыі яго выключылі праз канфлікт з Вінцуком Вячоркам і Лявонам Баршчэўскім. Таму на з’ездзе ён выступаў як намеснік старшыні грамадскага аб’яднання БНФ «Адраджэнне».

«Наша Ніва»: Алесь, калі вырашыў балатавацца на пасаду прэзідэнта?

Алесь Міхалевіч: Яшчэ летась.

«НН»: Як ацэньваеш свае шанцы на перамогу?

АМ: Яны ёсць, і будуць павялічвацца цягам правядзення эфектыўнай выбарчай кампаніі.

«НН»: Ты ўжо пачаў гэтую кампанію?

АМ: Не, яна пачнецца пасля афіцыйнага абвяшчэння. Сёння я пра гэта паведаміў толькі сваім бліжэйшым паплечнікам з Партыі БНФ. Афіцыйнае абвяшчэнне будзе цягам месяца.

«НН»: Хто твая каманда?

АМ: Гэта малавядомыя людзі, якія адбыліся ў сваім прафесійным жыцці, якія зарабляюць немалыя грошы. Гэта праграмісты, журналісты, прадпрымальнікі. Людзі, якія працуюць у абсалютна розных галінах, але якіх аб’ядноўвае агульнае бачанне будучыні Беларусі.

«НН»: То бок яны беспартыйныя?

АМ: У абсалютнай сваёй большасці так. Таксама ў абсалютнай большасці — гэта людзі маладыя.

«НН»: А з Мілінкевічам як твае адносіны далей будуць развівацца?

АМ: Мы знойдзем паразуменне. Прынамсі, я збіраюся весці сваю выбарчую кампанію да пераможнага канца.

«НН»: Якія ў цябе будуць лозунгі, тэмы?

АМ: Пра гэта будзе сказана на афіцыйнай прэзентацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?