33-гадовы Аляксей Янукевіч атрымаў 174 галасы дэлегатаў. Лявону Баршчэўскаму не дапамаглі апеляцыі да падтрымкі Пазняка.

Усяго на XII з’езд Партыі БНФ у Дом культуры МТЗ з’ехалася 326 чалавекі. Над сцэнай зноў, як і на Кангрэсе Міколы Статкевіча, вісеў чырвона‑зялёны сцяг. Здымаць яго строга забаранілі. Але бээнэфаўцы выйшлі з гонарам са становішча — скруцілі палотнішча так, што яго нават і бачна не было.

Напачатку працы дэлегаты заслухалі вітальнае слова Народнага паэта Рыгора Барадуліна. Потым з пасланнямі выступалі палітыкі з партнёрскіх партый і рухаў. Першым быў Станіслаў Шушкевіч, першы спікер незалежнай Беларусі, дзеля гэтага выступу ён адмяніў паездку ў Варшаву.

Пасля яго слова ўзяў Аляксандр Мілінкевіч з Руху «За свабоду». Гэта было першае з’яўленне экс‑кандыдата на пасаду прэзідэнта на публіцы пасля аперацыі. Мілінкевіча віталі гучна.

Палітык зазначыў, што цяпер патрэбнае аб’яднанне на ідэйным грунце — незалежнасці, еўрапейскага выбару. Ён выказаў скепсіс адносна працэдуры абрання кандыдата АДС, узгадаўшы, што адзіным можа стаць камуніст Сяргей Калякін. «Рух «За свабоду» не канкурэнт, а найбліжэйшы партнёр для БНФ», — зазначыў А.Мілінкевіч.

Архітэктар Лявон Зданевіч, які быў некалі ў Вярхоўным Савеце ў фракцыі БНФ, прапанаваў Лявона Баршчэўскага на месца кандыдата на пасаду прэзідэнта. Зданевіча падтрымаў калега Баршчэўскага па Гуманітарным ліцэі Уладзімір Колас.

Сам Лявон Пятровіч сваю дзейнасць на пасадзе старшыні БНФ ацаніў як «здавальняючую». Сярод сваіх недапрацовак Баршчэўскі назваў тое, што ён так і не разабраўся з «падвойнымі агентамі» ўнутры партыі. Ясна, што меліся на ўвазе сябры Руху «За свабоду».

Баршчэўскі насамрэч хацеў быць вылучаны на прэзідэнцтва. Ён гаварыў пра тое, што патрэбен кандыдат, які будзе здольны адстаяць сваю перамогу, а таксама не прызнаць справядлівымі сфальшаваныя выбары — і ён мог бы стаць такім.

Намеснікі старшыні ў сваіх справаздачах былі вельмі падобныя адзін на аднаго. Расказвалі пра свае дасягненні, падлічвалі колькі разоў іх узгадала якое СМІ, якія акцыі яны арганізавалі, а таксама як дапамагалі ў Мінску і рэгіёнах з аплатай арэнды за офісы.

Падчас выступу Івашкевіча група «Моладзі БНФ» падняла расцяжку з ягоным прозвішчам.

Адразу пасля справаздачаў Лявон Баршчэўскі прапаноўваў абмеркаваць пытанне будучага ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах. З контрпрапановай выступіў Ігар Лялькоў — спачатку абраць кіраўніцтва партыі. Так бы мовіць першая рэпетыцыя бою. Лялькоў перамог. Пытанне аб кандыдаце аднеслі на потым.

Падчас спрэчак ужо ў другім выступе Віктара Івашкевіч паведаміў, што не збіраецца вылучацца на пасаду старшыні, а вылучыў Лявона Баршчэскага. Такая вось хітрая тактыка дасведчаных партыйцаў.

Кандыдатуру Баршчэўскага падтрымлівала старая гвардыя БНФ — Юры Хадыка, Валянцін Голубеў, Валянціна Свяцкая, Пятро Садоўскі, амаль увесь мінскі актыў.

За Янукевіча выступілі тыя, хто на мінулым з’ездзе галасаваў за Алеся Міхалевіча, блізкія да Руху «За свабоду», падтрымала яго і «Моладзь БНФ».

Баршчэўскі апраўдваў сваё рашэнне балатавацца тым, што напярэдадні зрабіць гэта яго ўгаворваў Зянон Пазняк. «Я не прайграваў ніводных выбараў, пачынаючы ад выбараў старасты класа», — сказаў Л.Баршчэўскі.

І ўсё ж гэтыя выбары яму давялося прайграць. Старшыня падліковай камісіі Зміцер Дрыгайла абвясціў, што

за Лявона Баршчэўскага прагаласавала 144 чалавекі, а за Аляксея Янукевіча — 174. Адразу пасля гэтых лічбаў Вінцук Вячорка, схапіўшы сумку, вылецеў з залі. Баршчэўскі і Івашкевіч павіншавалі новага старшыню.

Дэмарш старэйшага пакалення працягнуўся ў тым, што Валянцін Голубеў і Пятро Садоўскі адмовіліся ўваходзіць у склад новага Сойму. Толькі прафесар Хадыка стаічна маўчаў. Здаецца, Баршчэўскага параза не падкасіла, ён працягваў рабіць заўвагі адносна далейшай працы, быў адным з найбольш актыўных у зале.

А вось з прэзідэнцкімі выбарамі вырашылі пачакаць. Адклалі вырашэнне гэтага пытання на вясну.

Намеснікамі Аляксея Янукевіча абраныя магілёвец Рыгор Кастусёў і мінчук Ігар Лялькоў. Сакратаром управы стане юрыст Уладзімір Лабковіч.

Змена пакаленняў на чале Партыі БНФ не азначае змены ідэалогіі. Янукевіч быў гадаванцам і любімцам Вячоркі і Баршчэўскага аж да таго часу, пакуль не схіліўся да альянсу з Мілінкевічам.

Моцны бок Янукевіча — добрая БДЭУшная адукацыя, якая дае яму лепшае разуменне эканамічных працэсаў.

Выступ Аляксея Янукевіча (здымкі БелаПАН) можна пабачыць па гэтай спасылцы.

А тут - падвядзенне вынікаў галасавання і выступ Лявона Баршчэўскага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?